Ко дню защитников Отечества

Экономика и малый бизнес

Існуе меркаванне, што сапраўдны мужчына павінен у сваім жыцці пабудаваць дом, выгадаваць сына, пасадзіць дрэва. Да гэтага варта дадаць яшчэ адно “патрабаванне”: сапраўдны мужчына павінен прайсці службу ў арміі. Ва ўсе часы гэта з’яўлялася ганаровым і пачэсным абавязкам. У гэтым упэўнены і герой нашага аповеду – камісар Ушацкага раённага ваеннага камісарыята Уладзімір Яўгенавіч Пальчэх.

За спіной ваеннага камісара нямала пройдзеных дарог. Усялякае здаралася, але ён ніколі не наракаў на час і падставы, якія б перашкаджалі жыць, ствараць, служыць Айчыне. Напэўна, таму, што Уладзімір Яўгенавіч – чалавек ваенны, прывык любую пастаўленую задачу выконваць, нягледзячы ні на што. Прафесія афіцэра – шлях шчырага і добрасумленнага служэння Радзіме, вернасці воінскаму абавязку.
Тады, у 80-я гады мінулага стагоддзя, многія хлопчыкі марылі быць будаўнікамі, выратавальнікамі, афіцэрамі. Уладзімір жа хацеў прысвяціць сябе служэнню прыродзе, лесу – стаць лесніком. Але аднойчы ў сярэднюю школу №2 горада Міёры, у якой вучыўся, завіталі прадстаўнікі мясцовага ваенкамата. Узнёслыя, пранікнёныя словы пра высакароднасць прафесіі ваеннага так уразілі Уладзіміра, што ён вырашыў стаць вайскоўцам. І хоць яго бацьку, які быў архітэктарам, і маці, аграному па спецыяльнасці, выбар сына прыйшоўся не па душы, гэта не астудзіла запал хлопца. Пасля заканчэння ў 1983 годзе школы Уладзімір паступіў у Сумскае вышэйшае ваеннае артылерыйскае каманднае вучылішча, якое паспяхова закончыў у 1988-м.
Пасля гэтага былі няпростыя гады службы ў Манголіі і Забайкаллі.
У.Я.Пальчэх удзельнічаў у разнастайных аперацыях, стрэльбах, атрымаўшы бясцэнны вопыт. Найгалоўнейшы – прадуманы падыход да выканання любой баявой задачы, які б дазволіў зберагчы людзей.
Уладзімір Яўгенавіч пэўны час быў камандзірам батарэі ваеннага гарадка Бароўка, што на Лепельшчыне. Праз некаторы час прызначаны камандзірам дывізіёна, а пазней – начальнікам штаба групы артылерыі ў Барысаве. Пасля расфарміравання вайсковай часці У.Я.Пальчэх пераведзены на службу ў Міёрскі раённы ваенкамат, а 5 сакавіка 2008 года прыступіў да новай работы – ваенкама Ушацкага раённага ваеннага камісарыята. Лічы, з падлеткавага ўзросту прыйшлося вандраваць па неабсяжнай краіне, што называлася Савецкім Саюзам, ды і за яе межамі. Дарогі мільгалі, нібы ў калейдаскопе! А гэта не праходзіць бясследна, накладвае адбітак на характар і звычкі. І вось ужо амаль тры гады Уладзімір Яўгенавіч вядзе аселы лад жыцця. Тут, на Ушаччыне, па словах падпалкоўніка, вельмі прыгожа і спакойна. Хутка асвоіўся на новай рабоце, пазнаёміўся з цікавымі людзьмі, пасябраваў. Калі дазваляе час, У.Я.Пальчэх любіць адпачываць дзе-небудзь у лесе, захапляецца рыбалкай. Аднак большую частку часу, канечне, праводзіць на рабоце, якую вельмі любіць.
– А што самае галоўнае на службе? – цікаўлюся ў субяседніка.
– Калі побач прыстойныя людзі. На шчасце, з гэтым мне па жыцці шанцуе.
Калі сумленнымі, прынцыповымі і стараннымі людзьмі будзе прырастаць армія, упэўнены У.Я.Пальчэх, аўтарытэт вайскоўцаў павысіцца. Таму яго радуе, што з году ў год павялічваецца колькасць маладых людзей, якія жадаюць паступаць у ВНУ, каб набыць ваенную спецыяльнасць.
Штогод з нашага раёна на службу ва Узброеныя Сілы Рэспублікі Беларусь ваенкамат адпраўляе 50-60 маладых хлопцаў. Да кожнага такога мерапрыемства Уладзімір Яўгенавіч падыходзіць з вялікай адказнасцю, бо ад выбару вайсковых часцей, куды накіроўваюцца прызыўнікі, у многім залежыць іх будучыня. І, як прызнаецца, вельмі радуецца, калі сустракае маладых хлопцаў пасля службы ў арміі – прыгожых, падцягнутых, пасталелых.
– Быць чалавекам па сіле кожнаму, – гаворыць У.Я.Пальчэх. – І гэта, напэўна, найважнейшае патрабаванне да сябе.
Ва ўрачыстыя імгненні, прамаўляючы словы “Служу Рэспубліцы Беларусь!”, сэрца падпалкоўніка заўсёды поўніцца шчырай адданасцю да Бацькаўшчыны. Юнацкае захапленне прафесіяй ваеннага стала для Уладзіміра Яўгенавіча справай усяго жыцця – і аб гэтым ён ні разу не пашкадаваў.  
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *