Официант ресторана «Купалинка» Наталья Пашута профессионально сервирует стол и следит за модными трендами

Общество

Наталлю Пашуту па імя ведае палова жыхароў раёна. Усе тыя, хто хоць раз адзначаў святы ці проста абедаў у рэстаране “Купалінка”. І калі ўшачане клічуць афіцыянта па імя, то за стол, як водзіцца, даўно не запрашаюць… Добра ведаюць, што яна не ідзе на ўгаворы. Але ніхто з іх і не здагадваецца, што Наталля Дзмітрыеўна не любіць не толькі спіртное, але і наогул падвыпіўшых людзей, бо літаральна з кожным кліентам трымае ўсмешку і ветлівы тон.

Як можна амаль сорак гадоў заставацца на такім бойкім месцы і захаваць здаровы лад жыцця ды і ўраўнаважанасць? Такое пытанне ёй задаюць часта. “Шчыра кажучы, быў час, калі звольнілася і год не працавала. Вельмі стамілася не толькі фізічна, але і маральна, складана заўсёды знаходзіцца сярод людзей. А потым вярнулася, зразумела, напэўна, што больш нічога не ўмею”, – жартам і ўсур’ёз адказвае Н.Пашута.

Насамрэч умець трэба вельмі многа. Сэрвіраваць стол, недакучліва дапамагчы ў выбары, не аблічыцца, з першага погляду разгадаць характар наведвальніка, на карані пагасіць назраваючы канфлікт, вёртка падаць блюды і нічога не расплёскаць, калі побач маша рукамі вясёлая кампанія. Дарэчы, я нават перапыталася, няўжо такога не было. “Не магу вас пасмяшыць: боршч на плечы нікому не вылівала, хаця здаралася, што рукі сапраўды калаціліся. Так было і ў першы дзень працы, і калі абслугоўвала прэм’ер-міністра Беларусі. Сяргей Сцяпанавіч Лінг заўважыў маё хваляванне і ветліва прамовіў: “Я ж такі, як і вы”. З тых часоў мінула гадоў дваццаць. Зараз, у век камп’ютарных тэхналогій, прасцей сачыць за кадравымі ракіроўкамі, таму кіраўніцтва вобласці, раёна, галіны я ведаю ў твар. Ну а прынцып абслугоўвання нязменны для любога кліента – каб ён пакінуў “Купалінку” з задавальненнем і захацеў вярнуцца зноў”.

Самае кур’ёзнае, што ў сферу грамадскага харчавання Наталля Дзмітрыеўна перайшла як у больш спакойнае месца. Да гэтага працавала загадчыкам Селішчанскага клуба, вучылася ў культпрасветвучылішчы, але стварыўшы сям’ю, уладкавалася ў дзіцячае кафэ. Твар “Купалінкі” ў прыгожай ветлівай дзяўчыне разгледзела тагачасны кіраўнік галіны Э.М.Сінкевіч, угаварыла.

Кліент заўсёды правы, таму і падстройваецца штат рэстарана пад яго запыты, а дамоў пасля карпаратываў Н.Пашута вярталася і ў 4 гадзіны. Справа ў тым, што ў час пандэміі ў рэстаране прайшло скарачэнне і яна засталася адзіным афіцыянтам рэстарана, якому ў гарачыя дні прыхоздяць на выручку работнікі іншых кропак, як, напрыклад, на вечар сустрэчы выпускнікоў. А восенню вялікія кампаніі ў банкетнай і агульнай зале адначасова абслугоўвала адна. Крокамер не ставіць, але кажа, што да Полацка ў такія дні дакладна даходзіць. Уявіце самі, каб прынесці толькі адну страву на 120 чалавек, на кухню трэба схадзіць 20 разоў.

Вёрткасць, спрыт замацаваны гадамі: і модна скручвае сурвэткі яна за секунды, як і наогул па-святочнаму накрывае стол. Шмат разоў ездзіла на курсы, сочыць за моднымі тэндэнцыямі ў інтэрнэце. І з тых нямногіх ушачан, хто рыбны відэлец лёгка адрознівае ад салатнага.

А вось дома сталы накрывае рэдка, нават 8 Сакавіка ніколі не адзначала як след, паколькі калі ўсе весяляцца, яна працуе. Ды і ў рэстаране ніколі не была па-сапраўднаму. Таму і чаканая ўсімі пятніца ў яе самы напружаны дзень. “Значыць, любіш панядзелак?” – пытаюся і чую нечаканае: “Чаму ўсе так думаюць, у панядзелак рэстаран таксама працуе. Раней, калі да нас заходзілі нават без нагоды, проста гуляючы па вуліцы, каб паслухаць музыку, адпачыць, мы працавалі па зменах. Зараз выхадны ў мяне ў нядзелю, калі няма заказаў, канечне”.

А вось чаму Н.Пашута не навучылася і за сорак год – гэта абыякавасці. Яна балюча перажывае і трымае ў памяці тыя адзінкавыя выпадкі, калі наведвальнікам нешта не спадабалася, бо стараецца сама і ведае, як укладаюць душу повары. Звычайна, канечне ж, перадае ім “Дзякуй”, якое чуе нават ад прыдзірлівых гараджан.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *