Анастасия Петровская пополнила копилку достижений Ушачской детской школы искусств очередной наградой

Образование и молодежь

Чарговым трафеем папоўніла скарбонку дасягненняў Ушацкай дзіцячай школы мастацтваў выхаванка фартэпіяннага аддзялення Анастасія Пятроўская. На V адкрытым фестывалі-конкурсе юных піяністаў “Натхненне”, які праходзіў у Наваполацкім дзяржаўным музычным каледжы, ушачанка заваявала званне лаўрэата першай ступені ў сваёй узроставай катэгорыі.

Падобныя конкурсы з’яўляюцца своеасаблівым аглядам узроўню музычных школ нашага рэгіёну, на іх заяўляецца шмат выканаўцаў, якія не адзін месяц адточваюць свае праграмы. Насця і яе педагог Алена Міхайлаўна Падворная пачалі падрыхтоўку з верасня. У адпаведнасці з патрабаваннямі, выбралі разнапланавыя творы – двухгалосную інвенцыю Баха, арыету Скултэ і эцюд Лешгорна. Грунтоўная работа дала плён: ушачанка выканала праграму дакладна і артыстычна – што і ацаніла кампетэнтнае журы.

“Каб стать лепшай сярод такой колькасці юных музыкантаў, трэба моцна гэтага жадаць, быць гатовай ахвяраваць іншымі захапленнямі. Насця ж вельмі працавітая і арганізаваная, таму спалучае фартэпіяна з выдатнай вучобай у чацвёртым класе сярэдняй школы, – расказвае Алена Міхайлаўна. – Вельмі важна, што ў развіцці дзяўчынкі шчыра зацікаўлены яе бацькі. Дарэчы, Насця пастаянна ладзіць невялічкія сямейныя канцэрты для родных і сяброў – і такая “трэніроўка” дапамагае ўпэўнена адчуваць сябе перад гледачамі”.

Узнагароды з рэгіянальных конкурсаў юная піяністка прывозіць ужо трэці год запар – і спадзяемся, што на гэтым яна не спыніцца.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *