Где в Ушачах можно отремонтировать телевизор?

Общество

Такім пытаннем задаюцца многія жыхары раёна, у якіх з запатрабаваным у быце тэхсродкам нечакана ўзнікаюць праблемы. Шукаць спецыялістаў у буйных гарадах і, тым больш, адразу адпраўляць тэхніку на сметнік не варта! Устанавіць прычыну паломкі, ліквідаваць яе можна непасрэдна ва Ушачах – у рамонтнай майстэрні на другім паверсе КБА.

Гэта адзіная ў нашым раёне кропка такога профілю і ад таго вельмі запатрабаваная. Па словах яе ўладальніка, індывідуальнага прадпрымальніка Алега Станкевіча, кожны тыдзень сюды дакладна трапляе пара-тройка тэлевізараў. У летні перыяд іх колькасць павялічваецца ў разы: часцей “гараць” ад удараў маланкі.

Калі паломка нязначная, а дыяганаль тэхсродку не перавышае 42 дзюймаў (большы памер патрабуе значных плошчаў для правядзення маніпуляцый), рамонт праводзіцца на месцы. У залежнасці ад загружанасці спецыяліста гэта можа заняць ад некалькіх гадзін да некалькіх дзён. Прадпрымальнік агаворвае з кліентам тэрміновасць заказу, у выключных выпадках затрымліваецца на рабоце. Калі ж патрабуецца сур’ёзны рамонт, ён едзе ў Полацкі сэрвісны цэнтр. У той жа дзень – звычайна па панядзелках – адрамантаваную тэхніку вяртае ўладальнікам.

– Хачу звярнуць увагу ўшачан на тое, што рамантуюцца толькі вадкакрысталічныя і плазменныя тэлевізары, – кажа А.Станкевіч. – Старыя кінескопныя “кубікі” і тым больш лямпавыя аднавіць не атрымаецца: няма запчастак, ды і немэтазгодна іх мяняць з фінансавага пункту гледжання. Тое ж скажу і ў выпадку, калі ў любым, нават суперсучасным сродку, разбіты экран…

Такі, дарэчы, за невялікую суму можна здаць у філіял аблспажыўтаварыства ці ў “БелВТІ-рэгіён”. Апошні прапануе 20 капеек за кілаграм неразукамплектаванай старой тэхнікі, а вывезе і загрузіць яе бясплатна. Тэлефоны для сувязі: 8 (0212) 67-95-82, 8 (0214) 74-22-04 ці кароткі мабільны 7383.

Пакуль жа надзея на паспяховы рамонт тэлевізара застаецца, звяртайцеся ў прыгаданую вышэй майстэрню: прыходзьце або тэлефануйце па нумары 8 (033) 324-91-68 з аўторка па суботу з 9 да 17 гадзін. Калі не маеце магчымасці самастойна даставіць паламанае, дамоўцеся з уладальнікам кропкі – і ён забярэ на ўласным транспарце. Прычым, у межах райцэнтра – бясплатна, па раёне – за сімвалічную плату.

Што ж датычыцца кошту самога рамонту, то, напрыклад, найбольш частыя аднаўленне падсветкі 32-дзюймовага дысплея, замена блока сілкавання ці мацярынскай платы абыдуцца ў 180-200 рублёў. Агавораная сума, падкрэслівае А.Станкевіч, не павінна перавышаць 50 працэнтаў кошту тэхсродку.

Карысна будзе ведаць ушачанам і тое, што працуе прадпрымальнік і са страхавымі выпадкамі. Пасля праведзенай дыягностыкі тэлевізара, іншай тэхнікі іх уладальніку можа быць выдадзены пакет дакументаў для наступнай перадачы ў страхавую кампанію. На адрамантаваныя ж прыборы даецца гарантыйны тэрмін.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *