В Ушачах прошел районный смотр-конкурс «Танцевальная весна-2022»

Общество

На Ушаччыне ўмеюць танцаваць! Да такой высновы прыйшлі ўсе, хто ў гэты чацвер завітаў на раённы агляд-конкурс “Танцавальная вясна-2022”. Амаль запоўненая зала цэнтра культуры і народнай творчасці, вялікая колькасць канкурсантаў – ажно 10 дзіцячых і маладзёжных калектываў – пацвердзілі папулярнасць мерапрыемства. Пакуль жа журы падводзіла вынікі, у танцы кінуліся практычна ўсе.

Творчае спаборніцтва традыцыйна праходзіла па трох намінацыях: народна-сцэнічны, бытавы і эстрадны танец. Прычым, колькасць нумароў у кожнай з іх не абмяжоўвалася – удзельнікі мелі магчымасць праявіць усе грані свайго харэаграфічнага майстэрства і артыстызм.

Былі сярод юных танцораў як навічкі, так і тыя, хто не раз выступаў на вялікай сцэне. Да ліку апошніх адносіцца, напрыклад, дзіцячая танцавальная студыя “Карнавал” цэнтра культуры і народнай творчасці (кіраўнік – Д.Пенкальская). Гэтых дзяўчат у розным амплуа даводзілася неаднойчы бачыць на мерапрыемствах раённага ўзроўню. Годна справіліся яны і з нумарамі ў рамках конкурсу – эстрадным “Яблычкам” і народна-сцэнічнай “Калінкай”. Але канкурэнцыя была сур’ёзнай. У апошняй з прыгаданых намінацый першынствавалі навучэнцы 5 класа харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў (Н.Корнева) з танцам “Тарантэлла” – прыгожымі касцюмамі, зладжанымі рухамі, усмешкамі дзяўчынкі задалі настрой мерапрыемству.

Сапраўдны “клас” прадэманстравалі ўдзельнікі дзіцячага ўзорнага калектыву “Спадчына” з Матырынскага сельскага клуба (Г.Рудзёнак). У яго скарбонцы нямала перамог на розных фальклорных конкурсах. “Танцавальная вясна” не стала выключэннем – нягледзячы на канкурэнцыю, якую юнакам і дзяўчатам склалі іх малодшыя землякі, члены гуртка бытавога танца “Нарэчаньку” (В.Лягчыліна) з той жа культустановы, яны ўпэўнена атрымалі перамогу ў “быце”.

Асаблівыя страсці кіпелі ў “эстрадзе” – было прадстаўлена ажно адзінаццаць яркіх нумароў. Пад дынамічныя рытмы сучасных хітоў двойчы “запальвалі” залу ўдзельнікі калектыву “Капрыз” раённага цэнтра дзяцей і моладзі (В.Пугачова). Але набраных балаў дзяўчатам усё ж не хапіла, каб паўтарыць поспех сваіх сябровак з “Акцэнта” (на здымку ўнізе) – у іх другое месца. Дарэчы, такі ж “срэбраны” вынік і ў прадстаўніц танцавальнай студыі “Маладзёжны квартал” раённага цэнтра культуры і народнай творчасці (Д.Пенкальская) – іх эфектны нумар “Блэктайм”, здаецца, нікога не пакінуў раўнадушным. Не шкадавалі гледачы апладысментаў і для калектыву “Месячык” Глыбачанскага СДК (А.Маслюк). У шыкоўным вальсе закружыў адзіны на конкурсе харэаграфічны дуэт з калектыву “Пульс” Вялікадолецкага СДК (Л.Смаляк). Ну а бясспрэчнымі лідарамі сталі ў “эстрадзе” навучэнцы 3 класа харэаграфічнага аддзялення дзіцячай школы мастацтваў (Н.Корнева) з вясёлым нумарам “Бабкі-ёжкі” (на здымку ўверсе).

Ніхто з канкурсантаў не застаўся ў гэты дзень без дыпломаў, салодкіх падарункаў і гучных апладысментаў. Мілымі нумарамі парадавалі таксама юныя вакалісты Ушаччыны. Для ўсіх іх, выказала ўпэўненасць старшыня журы, галоўны спецыяліст аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама Н.Гардзіёнак, важнейшыя творчыя перамогі яшчэ наперадзе.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *