Годы подготовки и нестандартное мышление. Ушачанки Екатерина Мартынюк и Ксения Борисенок о победе на республиканской олимпиаде по биологии

Образование и молодежь

Ці разлічвалі сёлетнія пераможцы абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды па біялогіі, вучаніцы Ушацкай школы Кацярына Мартынюк і Ксенія Барысёнак гэтак жа феерычна выступіць на заключным? Напэўна, так. За плячыма – не адзін год падрыхтоўкі, сотні праштудзіраваных энцыклапедый і навуковых выданняў. Не сумнявалася ў такім выніку і настаўнік-метадыст В.А.Жыткая.

Сустрэцца з дзяўчатамі дамовіліся адразу пасля іх вяртання з рэспублікі. Пазней было б складаней: усяго тыдзень далі сабе Каця і Ксюша на адпачынак, а зараз зноў актыўна займаюцца. Напэўна, і дня не бывае, каб не прыбеглі з якім-небудзь пытаннем ці ўласнай “знаходкай” у кабінет да Вольгі Анатольеўны. Як прызнаюцца, ужо і на лета праграму падрыхтоўкі прадумваюць.

Дзесяцікласніца К.Мартынюк наогул жыве зараз у асаблівым рэжыме – яна ўключана ў рэзерв удзельнікаў міжнароднай (!) алімпіяды па біялогіі. Праводзяцца такія спаборніцтвы выключна сярод 11-класнікаў – патрабаванні, вядома, надзвычай высокія. У канцы чэрвеня – пачатку ліпеня Кацярына адправіцца на курсы на біяфак БДУ. Пакуль жа ў роднай альма-матэр займаецца па ўжо праверанай схеме. “Акцэнт раблю на тыя тэмы, з якімі на рэспубліцы ўзніклі пэўныя цяжкасці, – кажа дзяўчына. – На практычнай частцы давялося адчуць сябе сапраўдным медыкам, прычым, “шматпрофільным”: трэба было вызначыць паталогію па рэнтген-здымку, разабрацца ў сятчатцы чалавечага вока, электрычным узбуджэнні нерваў. Няпростыя былі заданні і па батаніцы – мудрагелістыя графікі па тэме грыбоў, напэўна, будуць сніцца”. Дарэчы, сутыкацца з падобным не даводзілася нават В.А.Жыткай. Кацярына ж прызналася, што калі не ведала дакладнага адказу, уключала логіку, фантазіравала… І гэта прынесла плён! Наша юная зямлячка стала лепшай сярод прадстаўнікоў Віцебшчыны па заалогіі, як і ва ўсёй тэарэтычнай частцы.

Сярод дзевяцікласнікаў не аказалася роўных у тэорыі і ўшачанцы К.Барысёнак. Годна праявіла сябе дзяўчына і ў лабараторыях па батаніцы, анатоміі і фізіялогіі чалавека – разабралася нават з графікамі, якія змяшчалі лацінскія назвы. А вось з заалогіяй крыху перамудрыла. “Шукаць у простым падвох – асаблівасць, напэўна, любога алімпіядніка, – усміхаецца В.А.Жыткая. – І гэта праяўляецца не толькі ў вучобе. Памятаю, як некуды ішлі з дзяўчатамі, дык тыя, ведаючы прамы і кароткі шлях, завярнулі ў абход”.

І ўсё ж уменне нестандартна мысліць дапамагло абедзвюм ушачанкам адужаць большую частку алімпіядных заданняў (дарэчы, часта ўзроўню ВНУ), абысці канкурэнтаў, у большасці сваёй гімназістаў ды ліцэістаў, і стаць шчаслівымі ўладальніцамі дыпломаў вышэйшай ступені. Дарэчы, гэта своеасаблівая гарантыя ўдзелу ў заключным этапе такіх інтэлектуальных спаборніцтваў (нават у выпадку няўдалага ўдзелу на вобласці) у наступным годзе.

“Пра сёлетнюю ж перамогу не дадуць забыцца цацачныя вожыкі Валодзя і Паша, якіх нам падарыла на ўдачу Вольга Анатольеўна”, – упэўнены Кацярына і Ксенія. З гэтымі “гадаванцамі” – традыцыйнае фота на памяць. І хай мілыя звяркі прынясуць ушацкім школьніцам яшчэ нямала яркіх здзяйсненняў!

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *