На Ушачской районной Доске почета новые имена и трудовые коллективы

Общество

Вам, ніў працоўных перадавікі, з пашанай кажуць “дзякуй” землякі

Па выніках работы за 2021 год на Дошку гонару Ушацкага раёна занесены наступныя працоўныя калектывы.

Вытворчы ўчастак “Хадакова” закрытага акцыянернага таварыства “Віцебскаграпрадукт” (старшыня наглядальнага савета Уладзімір Пятровіч Некрашэвіч). ЗАТ “Віцебскаграпрадукт” за 2021 год забяспечыла тэмп росту валавой прадукцыі на 151,9 працэнта да ўзроўню 2020 года. У агульным аб’ёме валавой прадукцыі сельскай гаспадаркі раёна гэта 35,2 працэнта, што ў цэлым аказала станоўчы ўплыў на вынікі работы жывёлагадоўлі раёна. Колькасць свіней на 1 студзеня гэтага года – 21181 галава або 164 працэнты да 1 студзеня 2021 года. Атрыманы сярэднясутачныя прывагі 799 грамаў, што на 60 вышэй узроўню 2020 года. Валавы збор збожжавых і зернебабовых культур склаў 1332 тоны пры ўраджайнасці 48,4 цэнтнера з гектара.

Дзяржаўная ўстанова культуры “Ушацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” (дырэктар Валянціна Уладзіміраўна Грыневіч). Усяго ў 2021 годзе ад асноўных відаў дзейнасці клубных устаноў раёна паступіла 37413,76 рубля ці 101 працэнт да плана. Колькасць мерапрыемстваў, якія праводзяцца клубнымі арганізацыямі, на 100 чалавек пры плане 2500 склала 3562 або 130 працэнтаў. У 2021 годзе элементу нематэрыяльна-культурнай спадчыны “Беларускае мастацтва выцінанкі” прысвоены статус гісторыка-культурнай каштоўнасці Рэспублікі Беларусь. У 2021 годзе творчыя калектывы ДУК “Ушацкі раённы цэнтр культуры і народнай творчасці” прымалі ўдзел у абласных, рэспубліканскіх фестывалях, конкурсах, святах.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі “Вялікадолецкая дзіцячы сад-сярэдняя школа імя П.У.Броўкі Ушацкага раёна” (дырэктар Рыма Леанідаўна Аніскевіч). За кошт пазабюджэтных сродкаў штогод папаўняецца матэрыяльна-тэхнічная база ўстановы адукацыі. Летась школа стала пераможцам па выніках удзелу ў раённых творчых конкурсах, акцыях: навучэнцы ўстановы адзначаны 48 дыпломамі, з іх 1 ступені – 30, другой – 10, трэцяй – 18. Таксама ў 2021 годзе работы вучняў школы атрымалі дыплом першай ступені ў абласным конкурсе навуковых даследчых краязнаўчых работ. Педагогі ўстановы таксама паспяхова дзеляцца вопытам сваёй дзейнасці на розных абласных канферэнцыях і конкурсах.

Даччынае ўнітарнае прадпрыемства “Санаторый “Лясныя азёры” (дырэктар Віктар Мікалаевіч Грынкевіч). У 2021 годзе экспарт паслуг павялічаны на 94,3 працэнта, забяспечаны прырост сярэднямесячнай заработнай платы і прадукцыйнасці працы, бясстратная работа арганізацыі, рэнтабельнасць продажаў склала 19,1 працэнта. У 2021 годзе на развіццё матэрыяльна-тэхнічнай базы, пашырэнне пераліку паслуг, забеспячэнне камфортнага знаходжання адпачываючых прадпрыемствам было накіравана 1,2 млн. рублёў інвестыцый.

Дзяржаўная лесагаспадарчая ўстанова “Ушацкі лясгас” (дырэктар Сяргей Аляксандравіч Даніловіч). У 2021 годзе Ушацкі лясгас выканаў усе асноўныя паказчыкі сацыяльна-эканамічнага развіцця і павялічыў аб’ёмы вытворчасці да ўзроўню 2020 года: Так, лесааднаўленне і лесаразвядзенне праведзена на плошчы 159,8 гектара або на 105,8 працэнта да плана. Паступленні ад вядзення лясной і паляўнічай гаспадаркі склалі 4622,5 тысячы рублёў або 107,8 працэнта да плана і 126,6 працэнта да мінулага года. Прыбытак ад рэалізацыі прадукцыі склаў 7332 тысячы рублёў, што ў чатыры разы перавышае ўзровень мінулага года, а рэнтабельнасць склала 63,5 працэнта. За кошт павелічэння аб’ёмаў рэалізацыі пілапрадукцыі і шчапы больш як у два разы да ўзроўню мінулага года павялічаны аб’ём экспарту лесапрадукцыі – 2803 тысячы долараў ЗША. Інвестыцыі ў асноўны капітал склалі 7106000 рублёў або 329 працэнтаў да мінулага года.

Дзяржаўная ўстанова “Тэрытарыяльны цэнтр сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна” (дырэктар Кацярына Васільеўна Коршун). У 2021 годзе ад аказання платных сацыяльных паслуг паступіла 99200 рублёў, з іх 37200 накіравана на стымуляванне працы работнікаў. 13 тысяч рублёў уласных сродкаў пайшло на развіццё сацыяльнага абслугоўвання і ўмацаванне матэрыяльна-тэхнічнай базы. За мінулы год прыцягнута спонсарскіх сродкаў на суму 5,6 тысяч рублёў (у 2020 годзе за гэты ж перыяд – 0,9 тысяч рублёў). Сацыяльнымі работнікамі аказана 4234 разавыя паслугі 3988 непрацаздольным грамадзянам, што склала 107,6 працэнта да ўзроўню 2020 года, у рамках комплекснага абслугоўвання выканана больш за 470,5 тысяч паслуг. Ад рэалізацыі вырабаў аддзялення паступіла 1,9 тысячы рублёў, што ў 3,8 раза больш чым у 2020 годзе (0,5 тысяч рублёў). Узровень забяспечанасці непрацаздольных грамадзян сацыяльнымі паслугамі за 2021 год склаў 2378,2 прадзецыміле, што на 5,4 працэнта вышэй за паказчык 2020 года.

Вучэбна-спартыўная ўстанова “Ушацкая спецыялізаваная дзіцяча-юнацкая школа алімпійскага рэзерву” (дырэктар Сяргей Генадзьевіч Кіслы). За 2021 год у поўным аб’ёме выкананы ўсе даведзеныя паказчыкі Дзяржаўнай праграмы развіцця фізічнай культуры і спорту Рэспублікі Беларусь. Падрыхтаваны Майстар спорту Рэспублікі Беларусь, два першаразраднікі, восемдзесят спартсменаў павысілі сваё майстэрства да ўзроўню другога, трэцяга і юнацкіх разрадаў. Два выхаванцы былі ўключаны ў спісачны склад Нацыянальнай і зборнай каманды Рэспублікі Беларусь па самба. За 2021 год спартсменамі-навучэнцамі на першынствах вобласці па дзюдо, самба, стральбе кулявой, плаванні і лёгкай атлетыцы заваявана 16 залатых, 30 сярэбраных і 30 бронзавых медалёў. Даведзеныя паказчыкі па даходах ад пазабюджэтнай дзейнасці выкананы на 109,5 працэнта да даведзенага задання. Па выніках праведзенай ў 2021 годзе атэстацыі распараджэннем Віцебскага аблвыканкама Ушацкай ДЮСШ прысвоены статус спецыялізаванай дзіцяча-юнацкай школы алімпійскага рэзерву.

Дзяржаўная ўстанова адукацыі «Арэхаўская сярэдняя школа імя Н.Л.Касцючэнка Ушацкага раёна» (дырэктар Ларыса Аляксандраўна Булаўка). Педагогі і навучэнцы ўстановы адукацыі прымаюць актыўны ўдзел у конкурсах, выставах, акцыях. Па выніках удзелу ў раённых творчых конкурсах, акцыях у 2021 годзе навучэнцы ўстановы адзначаны 26 дыпломамі, з іх 1 ступені – 11 навучэнцаў, 2 ступені – 7 навучэнцаў, 3-ступені – 8 навучэнцаў.

Ірына Генадзьеўна МАРКОВІЧ – бібліятэкар Плінскай бібліятэкі Ушацкай цэнтралізаванай бібліятэчнай сістэмы.
Шмат год адпрацаваўшы настаўнікам у Плінскай школе, зараз Ірына Генадзьеўна пачала прыносіць карысць сваім землякам на новым попрышчы. Дзякуючы яе намаганням бібліятэка стала вельмі папулярным месцам. Сюды прыходзяць не толькі за кнігамі, а і за зносінамі, уражаннямі. Вялікую ўвагу І.Марковіч надае патрыятычнаму выхаванню падрастаючага пакалення, распрацавала комплексную праграму “Патрыёт-2021”. Па душы вяскоўцам прыйшліся новыя формы правядзення мерапрыемстваў: рэтра-сустрэча, дзень пытанняў, вечар з прыёмнай сем’ёй. Не застаюцца без кніг ветэраны, інваліды, адзінокія жыхары аддаленых вёсак, да якіх бібліятэкар наведваецца на дом.

Надзея Сяргееўна ВІННІК – спецыяліст па продажы групы па заключэнні дагавораў участка продажу Полацкага занальнага вузла электрасувязі Віцебскага філіяла РУП “Белтэлекам”.
Адказвае за работу з кліентамі і кожнаму даступна растлумачыць пра інтэрнэт-пакеты, інтэрактыўнае тэлебачанне, сістэму відэакантролю і пра тое, як набыць праз “Белтэлекам” тэлевізар ці робат-пыласос. Умее знайсці падыход да існуючых абанентаў і заваяваць прыхільнасць усіх, хто звяртаецца ва ўчастак. Шукае новыя формы і метады работы, добрасумленная, ініцыятыўная, актыўна ўдзельнічае ў грамадскім жыцці калектыву.

Сяргей Іванавіч ЛІСОЎСКІ – камандзір аддзялення пажарнага аварыйна-выратавальнага паста №11 ­(аг.В.Дольцы) Ушацкага раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях.
Заступае на службу ўжо больш 12 гадоў. У 2021-м 19 разоў выязджаў на ліквідацыю надзвычайных здарэнняў, было выратавана 11 пабудоў і матэрыяльных каштоўнасцей на суму 16 тысяч рублёў. Летась быў адзначаны дзяржаўнай узнагародай – медалём “За бездакорную службу” III ступені. Акрамя “пажарных” абавязкаў прымае актыўны ўдзел у работах па добраўпарадкаванні. За апошнія тры гады на пасту праведзена мадэрнізацыя, рамантавалі ўсё выключна сваімі сіламі, і большую частку работ выканаў менавіта С.Лісоўскі, які добра арыентуецца ў будаўнічых нюансах. А яшчэ разам з калегамі штогод выконвае вялікі аб’ём работ па аказанні платных паслуг (уборка аварыйных дрэў, праверка газавентканалаў).

Аляксандр Мікалаевіч ЗАХАРЭНКА – машыніст тралёвачнай (лесанарыхтоўчай) машыны 6 разрада Ушацкага лясгаса.
Мае вялікі вопыт работы ў лесагаспадарчай галіне і даўно прывык да нялёгкай працы па 12 гадзін у суткі. Заняты на фарвардары, які пасля харвестараў сарціруе, збірае і вывозіць бярвёны з дзялянкі, рыхтуючы тым самым фронт работы для лесавозаў. Па выніках 2020-га года стаў пераможцам абласнога спаборніцтва сярод рабочых вядучых прафесій. А летась яго праца была адзначана Граматай Міністэрства лясной гаспадаркі Рэспублікі Беларусь.

Аляксей Мікалаевіч АНТУНОВІЧ – начальнік аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі міліцыі грамадскай бяспекі аддзела ўнутраных спраў Ушацкага райвыканкама.
Службу пачынаў з пасады ўчастковага інспектара ў Вяркудскім сельсавеце. Пазней адказваў у аддзеле за спыненне фактаў незаконнага абароту боепрыпасаў і зброі, вырабу і рэалізацыі алкаголю. Добрасумленны падыход да справы і пастаяннае самаўдасканаленне (зараз праходзіць курсы перападрыхтоўкі кадраў) дазволілі Аляксею Мікалаевічу ўзняцца па кар’ернай лесвіцы. Са снежня 2019-га ён займае пасаду начальніка аддзялення аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС: аналізуе, плануе, кантралюе дзейнасць усіх участковых. Праявіў сябе як граматны кіраўнік, яго паважаюць калегі і ўсе знаёмыя.

Васіль Васільевіч ЛІТВІНОВІЧ – сацыяльны работнік аддзялення сацыяльнай дапамогі на доме Тэрытарыяльнага цэнтра сацыяльнага абслугоўвання насельніцтва Ушацкага раёна.
“Ён для нас як родны!” – кажуць падапечныя Васіля Васільевіча. Штодня свайго шчырага сябра і памочніка чакаюць пажылыя людзі ў Ільюшыне і Памялкове, Гуце і Гарадцы. Ён не толькі з дамашнімі справамі дапаможа, а і слушную параду дасць, супрацьпажарную бяспеку праверыць, падбадзёрыць, настрой жартамі ўзніме. Чулы, працавіты, ветлівы, карэктны – няма таго чалавека, з якім Васіль Васільевіч не наладзіць кантакт. Калі ж патрэбна, акажа валанцёрскую дапамогу і тым людзям, хто не знаходзіцца на комплексным абслугоўванні. За выдатныя чалавечыя якасці паважаюць яго не толькі падапечныя, а і калегі. У Цэнтры ён працуе ўжо 24-ты год і з’яўляецца гонарам сваёй арганізацыі.

Вольга Віктараўна КАМАРКОВА, галоўны рэдактар установы “Рэдакцыя газеты “Патрыёт Ушацкага раёна”.
У наш імклівы век час паскараецца. Не паспела падзея адбыцца – яе ўжо прачыталі падпісчыкі Тelegram-канала ці іншых груп “Патрыёта” ў сацыяльных сетках. Так, у абавязках галоўнага рэдактара – кантроль не толькі за выпускам традыцыйнай, друкаванай версіі газеты, але і ўласнага кантэнта ў інтэрнэце. Прычым, той жа Тelegram-канал Вольга Віктараўна вядзе 24 гадзіны ў суткі. Уважлівая, прынцыповая, з максімалісцкім падыходам, яна імкнецца, каб газета падабалася падпісчыкам і была ўзорам ва ўсім. І гэта ў яе атрымліваецца. “Патрыёт” пастаянна ўдзельнічае ў творчых конкурсах і займае прызавыя месцы. Так, летась ушацкая “раёнка” зноў прызнана лепшым друкаваным выданнем вобласці сярод раёнаў з колькасцю насельніцтва да 25 тысяч чалавек.

Таццяна Леанідаўна КЛОПАВА – член Ушацкага раённага савета Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, інструктар-метадыст спартыўна-аздараўленчага клуба “Імпульс-Ушачы”.
Таццяна Леанідаўна – адна з галоўных актывістак раённай ветэранскай арганізацыі, “правая рука” яе старшыні, актыўны ўдзельнік і арганізатар масавых мерапрыемстваў. Клуб, які яна вядзе, стаў неад’емнай часткай жыцця ўшачанак сталага ўзросту: яны актыўна праводзяць час у кампаніі аднадумцаў, умацоўваюць здароўе, падарожнічаюць па Беларусі і з вялікім захапленнем адгукаюцца пра любімага трэнера. Таццяна Леанідаўна прысвяціла фізкультуры і спорту ўсё жыццё, за гады працы ў ДЮСШ падрыхтавала цэлую плеяду моцных спартсменаў і зараз працягвае трэніраваць перспектыўных юных лёгкаатлетаў.

Уладзімір Мікалаевіч ЛАПІЦКІ – настаўнік фізічнай культуры Вялікадолецкай дзіцячага сада-сярэдняй школы імя П.У.Броўкі Ушацкага раёна.
Дзякуючы вучням, у якіх Уладзімір Мікалаевіч вось ужо амаль 35 год укладае ўсю сваю душу, назву невялікай вясковай школы ведаюць многія спартыўныя спецыялісты краіны. Яго выхаванцы кожны год паказваюць выдатныя вынікі. Вось і ў гэтым сезоне 4 вучні школы ўвайшлі ў лік пераможцаў абласнога этапу біятлонных спаборніцтваў “Снежны снайпер” на прызы Прэзідэнцкага спартыўнага клуба і атрымалі права прадстаўляць Віцебшчыну на фінале ў Раўбічах. Плённая праца настаўніка не застаецца незаўважанай. У скарбонцы яго ўзнагарод – Ганаровая грамата Міністэрства адукацыі Рэспублікі Беларусь, пра многае сведчыць і паўторнае занясенне яго прозвішча на раённую Дошку гонару.

Алена Афанасьеўна РАДЗІЕЎСКАЯ – памочнік выхавальніка ясляў-сада №1 г.п.Ушачы.
Колькі патрабуецца сіл і нерваў, каб пакарміць, пакласці спаць, сабраць на прагулку нават аднаго малыша! А ў інтэграванай групе, дзе працуе Алена Афанасьеўна, іх паўтара дзясятка. Апроч таго памочнік выхавальніка мае і дадатковую адказную місію – на працягу дня ажыццяўляе асаблівы догляд за дзіцем-інвалідам, што наведвае яслі-сад разам з іншымі аднагодкамі. Дастойна спраўляцца з абавязкамі жанчыне дапамагае працавітасць і вытрымка, чуласць і дабрыня, а таксама вялікі вопыт: у дашкольных установах раёна яна працуе ўжо 30 год. Калегі заўсёды могуць звярнуцца да Алены Афанасьеўны за парадай, знаходзіць яна час і для актыўнага ўдзелу ў грамадскім жыцці, з’яўляецца актывісткай прафсаюза, пярвічнай арганізацыі “Белай Русі”.

Уладзімір Сямёнавіч МАРКЕВІЧ, трактарыст УП ЖКГ Ушацкага раёна.
Універсал, чалавек, які можа кіраваць практычна любой камунальнай тэхнікай. Пастаянна ж замацаваны за ім дзве адзінкі – мабільны трактарок з невялікай лапатай і шчоткай, дзякуючы якому ўзімку становяцца “праходнымі” нашы тратуары, а таксама МТЗ з маніпулятарам, упраўляць якім можа далёка не кожны. Уладзімір Сямёнавіч жа па-майстэрску падчэплівае бярвёны і адвозіць нарыхтаваную драўніну да кацельняў прадпрыемства. Ён адзначае, што ў камунальнікаў – выдатны калектыў, маючы на ўвазе ўзаемавыручку. І сам ён заўсёды дапамагае калегам ці з рамонтам тэхнікі, ці падчас уборкі вуліц. Сёлетні ж год для У.С.Маркевіча асаблівы – яму прысвоена званне “Ганаровы работнік камунальнай гаспадаркі”.

Дзіна Паўлаўна ПЕНКАЛЬСКАЯ – балетмайстар аддзела культурна-масавай работы і народнай творчасці Ушацкага раённага цэнтра культуры і народнай творчасці.
Усе буйныя ўрачыстасці ў нашым раёне пачынаюцца з выхаду на сцэну гэтай прывабнай жанчыны. Зрэшты, элегантны касцюм вядучай Дзіна Паўлаўна лёгка мяняе на трыко танцоўшчыцы, ваенную гімнасцёрку ці ўбор казачнага персанажа. А яшчэ яна выдатны сцэнарыст, пра што сведчаць дыпломы адпаведных конкурсаў. Ва ўсіх сваіх амплуа Д.Пенкальская выглядае абсалютна пераканаўча, як і належыць прыроджанаму артысту і аднаму з лепшых культработнікаў раёна. Гэтай сферы яна прысвяціла 33 гады, і яе фота будзе ўпрыгожваць раённую Дошку гонару ўжо ў другі раз. Але Дзіна Паўлаўна падкрэслівае, што расцэньвае гэты факт не як асабісты поспех, а як дасягненне ўсяго свайго любімага калектыву.

Ніна Анатольеўна ПЯТКЕВІЧ – жывёлавод 5 разраду ААТ “Ільюшынскі”.
Ураджэнка Ільюшына заўсёды любіла жывёлу і з’яўляецца прадаўжальніцай цэлай сямейнай дынастыі жывёлаводаў. Вось ужо на працягу 16 гадоў яна штодня спяшаецца на ферму і ніколі не скардзіцца на цяжкасці, любіць сваю работу, а прафесію жывёлавода лічыць вельмі патрэбнай. Гадаванцаў у Наталлі Анатольеўны больш сотні, кожнага трэба накарміць, паклапаціцца пра чысціню і хоць крыху прылашчыць. Клапоціцца пра малых цялят як пра малых дзяцей. Часам і з соскі пачынае прыкорм, пакуль яны не прывыкнуць да новых умоў. Хоць і не “завоблачныя” сярэднясутачныя прывагі па яе групе – за першы квартал бягучага года атрымала 512 грамаў, аднак вельмі стараецца і ніколі не мела нараканняў збоку кіраўніцтва.

Таццяна Сямёнаўна ШЫЛЁНАК, майстар аддзела прамысловасці Ушацкага філіяла Віцебскага аблспажыўтаварыства.
Складана пераацаніць ролю гэтага спецыяліста ў няспынным канвееры выпуску прадукцыі. Дарэчы, каб ён сапраўды не перарываўся, Таццяна Сямёнаўна пры неабходнасці падмяняе работнікаў на лініі па выдзіманні бутэлек ці разліве напіткаў, паколькі ведае ў вытворчасці літаральна ўсё. На працягу больш 30 год яна займаецца пашырэннем асартыменту: толькі летась цэхам былі выпушчаны як 5 новых відаў ліманадаў, так і абсалютныя навінкі – энергетычныя напіткі. У рознай тары паступае да спажыўцоў брэнд Ушаччыны, а таксама ўсяго аблспажыўтаварыства – мінеральная вада “Вечалле”, выпуск якой склаў за мінулы год 107,2 працэнта да ўзроўню 2020 года, а яблычнага павідла павялічыўся ў 3,4 раза.

Наталля Леанідаўна КОРШУН, жывёлавод 5 разраду філіяла “Маяк Ушацкі” ААТ “Полацкі камбінат хлебапрадуктаў”.
У жывёлагадоўлі Наталля Леанідаўна не навічок: працавала даяркай на малочнатаварнай ферме ў Матырыне, а з аднаўленнем комплексу “Маяк” прыйшла сюды аператарам. І з першага дня атрымлівае за работу толькі станоўчыя эпітэты: добрасумленная, акуратная, безадказная. І, зразумела, – пастаянна з годнымі паказчыкамі. За першы квартал гэтага года прывагі на яе двухсотгаловай групе склалі 563 грама. Гэта на маленькіх, нядаўна атрыманых з гаспадарак цялятах, а на другой, з такой жа колькасцю – 646. І хоць у зводцы насупраць гэтай лічбы значыцца імя Т.А.Багданавай, і першы, і другі паказчык – агульны поспех гэтых жанчын і С.Б.Владзіёнак. Утраіх аператары па сутнасці зараз утрымліваюць двайную групу.

Алена Васільеўна МАРОЗАВА, настаўнік хіміі Ушацкай сярэдняй школы.
Нягледзячы на вялікі вопыт работы настаўнікам, Алена Васільеўна працягвае вучыцца, пастаянна павышае свой узровень ведаў, асвойвае новыя тэхналогіі. Толькі такім чынам ёй удаецца дабівацца ўстойлівых станоўчых вынікаў у навучанні вучняў, якія кожны год паказваюць высокія балы на цэнтралізаваным тэсціраванні па хіміі, паспяхова выступаюць на раённым і абласным этапах рэспубліканскай алімпіяды. Так, летась яе вучань, неаднаразовы пераможца абласнога этапу рэспубліканскай алімпіяды Марат Клачок здаў ЦТ па прадмеце на 100 балаў. А.В.Марозава – актыўны ўдзельнік педагагічных канферэнцый “Edu-challenge”, метадычнага фарміравання “Школа глабальнай грамадзянскасці”, эдутона “Ушацкая хваля”.

Вольга Аляксандраўна ШЛЁНСКАЯ, урач-тэрапеўт (загадчык) тэрапеўтычнага аддзялення Ушацкай цэнтральнай раённай бальніцы.
Здаецца, толькі размеркавалася ў родны раён пасля заканчэння ўніверсітэта маладым спецыялістам, а мінула ўжо 9 год. І зараз ушачане ведаюць Вольгу Аляксандраўну як выключна граматнага доктара, які неабыякава ставіцца да кожнага пацыента, разбіраецца ў складаных спляценнях “хранічных букетаў” і як першы раз, з усёй адказнасцю выбірае правільны варыянт лячэння. Вольга Аляксандраўна вельмі часта ахвяруе сваім вольным часам дзеля здароўя пацыентаў. Заўсёды падрабязна тлумачыць пры выпісцы далейшую методыку аздараўлення, ветліва расказвае пра стан здароўя родным хворых. Асабліва напружанымі выдаліся для ўрача апошнія два гады, калі даводзілася лячыць хворых з каранавіруснай інфекцыяй.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *