Выратавальнікі з Рагуцкіх

Ими гордятся

– Дазвольце паціснуць вашы рукі, бо Вы, не пабаюся гэтага слова, здзейснілі гераічны ўчынак. Далёка не кожны сёння будзе рызыкаваць сваім жыццём, каб выратаваць чужое. – Такія словы начальнік раённага аддзела па надзвычайных сітуацыях Генадзь Васільевіч Рубанік сказаў работнікам СВК “Іллюшынскі” Уладзіміру Харытонавічу Кунішнікаву і Андрэю Валер’евічу Лабэцкаму. А ён за сваю больш чым дваццацігадовую практыку тушэння пажараў ведае цану і словам, і ўчынкам. У такія хвіліны і правяраюцца на сапраўднасць людзі.

Гэтае ж Генадзь Васільевіч адразу пасля трагедыі, што адбылася ў Рагуцкіх, расказаў і супрацоўнікам рэдакцыі. “Не пабаяліся, не шкадавалі сябе, парэзаўшы аб шкло рукі, яны выцягнулі з агню, выратавалі дваіх дарослых мужчын. А на пажары, дзе ўсё развіваецца імгненна, можа здарыцца любое. І ў паніцы людзі, як правіла, не кантралююць свае ўчынкі.”

Так было і падчас пажару ў жылым доме ў Рагуцкіх. Паколькі стаялі моцныя маразы, натапілі ў доме добра, гаспадар і ішоў паглядзець, як абстаяць справы ў качагарцы. І заўважыў агонь. Спужаўся? Разгубіўся? Складана даваць ацэнку. А калі паспрабаваў выйсці, не змог адчыніць дзверы. Яму зусім мала заставалася, яшчэ некалькі ўдыхаў… і ўсё. Аднак не паспеў страціць прытомнасць, як пачуў галасы Андрэя і Уладзіміра.

Лабэцкія жылі па суседству, і калі маці Андрэя сказала, што заўважыла дым, ён выбег на дапамогу ў чым быў – у пакаёвых тапачках. Уладзімір Харытонавіч Кунішнікаў быў паблізу і падаспеў на дапамогу юнаку. Яны ведалі, што ўся сям’я адпачывае, як правіла, у зале, таму з гэтага пакоя і пачалі агляд дома. Разбілі шкло і першым знайшлі старэйшага мужчыну, які таксама слаба ўсведамляў, што адбываецца. Пакой за пакоем правяралі мужчыны, прагледзелі ўсе ложкі і канапы, крычалі, і нарэшце на кухні пачулі рухі. Выцягнуць гаспадара паспелі якраз да таго, як агонь поўнасцю ахапіў пакой.

Апісваючы страшныя падзеі снежня ці слухаючы аповед мужчын, здавалася, што часу хапала. Аднак агонь развіваўся імгненна, хвалева, і за лічаныя хвіліны дом палыхаў, а ўсе людзі на вуліцы гадалі, дзе ж хлопчык Максім. Калі не знайшлі яго нідзе на ложках, выратавальнікі падумалі, што ён разам з маці паехаў на ферму на работу. І тут, ачуняўшы, бацька сказаў, што Максім разам з ім глядзеў тэле-візар, і паспрабаваў кінуцца ў дом. Яго спынілі… Рабіць гэта, калі дом поўнасцю гарэў, азначала згарэць і самому. Увесь гэты час побач з дарослымі круціўся хлопчык і ўсё пытаўся: дзе Максім, дзе Максім? Калі ж на патушаным вогнішчы, а працавала там адразу чатыры нарады, знайшлі абгарэўшае цельца сябра, галасіў у голас. Яны толькі ўдвух з вёскі наведвалі Іллюшынскую школу.

Мала пра што паспяваеш падумаць у тыя хвіліны. Андрэй і Уладзімір хацелі аднаго – паспець выцягнуць людзей з пажару. І самы моцны, балючы ўспамін – момант, калі зразумелі, што ў доме яшчэ застаўся хлопчык. Маглі б паспець, калі б ведалі… А самым страшным відовішчам, нават для бачыўшых мноства смярцей у пажары, аказалася абгарэўшае цельца з пурпурным сэрцам у выпаленых, адкрытых грудзях. Колькі б біцца яшчэ яму.

Сёння ў Андрэя Лабэцкага ўжо зажылі раны на руках, юнак літаральна днямі ідзе ў армію, а пакуль не было работы на тэхніцы, працаваў вартаўніком на ферме ў Рагуцкіх, таксама як і Уладзімір Харытонавіч, толькі даглядчыкам.

За выратаванне людзей у агні раней давалі медаль “ За адвагу на пажары”, які раўняўся з баявым. Сёння яго няма, а каб не пакінуць гераічны ўчынак людзей без увагі, начальнік аддзела па надзвычайных сітуацыях Г.В.Рубанік напісаў хадайніцтва на імя старшыні райвыканкама аб узнагароджванні мужчын Ганаровай граматай райвыканкама. А яшчэ сказаў Андрэю, што пасля вяртання з арміі яго будуць рады бачыць у аддзеле. З такіх смелых, бескарысных юнакоў і атрымліваюцца выдатныя выратавальнікі. Ды ён і ёсць гатовы выратавальнік.

В.КАРАЛЕНКА. На здымку:

У.Кунішнікаў і А.Лабэцкі.

 

 

 

 



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *