Аграрии Ушаччины к посевной готовы

Сельское хозяйство

Працаўнікі сельскай гаспадаркі раёна ўшчыльную наблізіліся да пачатку масавых веснавых работ на палях. Аб задачах, якія стаяць сёння перад хлебаробамі Ушаччыны, і аб захадах па ажыццяўленні намечанага наша гутарка з першым намеснікам старшыні райвыканкама, начальнікам райсельгасхарча А.Я.ВАЙЦЯНКОВЫМ.

– Аляксандр Ягоравіч, якія клопаты турбуюць Вас напярэдадні масавай пасяўной кампаніі?
– Клопатаў шмат, але першачарговы – выкарыстаць увесь наяўны патэнцыял сіл і сродкаў для арганізаванага правядзення ўсяго комплексу веснавых палявых работ. Тым больш, што аб’ём іх досыць вялікі. Як-ніяк, на вытворчасць сельскагаспадарчай прадукцыі ў раёне “працуюць” 42442 гектары сельгасугоддзяў, з іх 23465 – ворыва. І хочацца зрабіць усё магчымае, каб яны далі найлепшую аддачу.
Каб выйсці на прагнозныя паказчыкі па росце валавой прадукцыі, забяспечыць харчовую бяспеку ў раёне, сельскагаспадарчыя прадпрыемствы павінны сёлета атрымаць 56 тысяч тон зерня, 7,3 тысячы тон алейнага насення рапсу, 500 тон ільновалакна, 6,8 тысячы – бульбы, 400 – агародніны, 21,2 тысячы тон малака, 5,5 тысячы – мяса, нарыхтаваць 28 тысяч тон кармавых адзінак травяністых кармоў з разліку 30 цэнтнераў кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы.
Мяркуем дасягнуць намечанага перш за ўсё за кошт зладжанага і якаснага правядзення веснавой сяўбы: у лепшыя агратэхнічныя тэрміны пасеяць 9590 гектараў зерневых і зернебабовых, 700 – яравога рапсу, 500 – ільну, 250 – бульбы, 15 – агародніны, 2900 гектараў кукурузы і атрымаць у сярэднім з гектара 33,9 цэнтнера зерневых, 22,1 – рапсу, 10 – ільновалакна, 272 – бульбы, 400 – агародніны, 317 цэнтнераў кукурузы.
– Наколькі рэальны такі валавы збор і такая ўраджайнасць? Мінулы ж год імі, мабыць, не парадаваў…
– 2010 сельскагаспадарчы год быў экстрэмальны па ўмовах надвор’я і выніках працы не толькі для нашага раёна, а і для ўсёй рэспублікі. Тым не менш крытычнага становішча ні ў земляробстве, ні ў жывёлагадоўлі мы не дапусцілі. Сёлета ж, зыходзячы з няпростага леташняга вопыту, прымаем дадатковыя меры, каб застрахаваць сябе ад пагодных сюрпрызаў. Пад веснавую сяўбу сёлета адводзім 13956 гектараў – на 14 працэнтаў больш леташняга яравога кліна.
Для сяўбы яравых зерневых і зернебабовых сельскагаспадарчыя прадпрыемствы забяспечаны дастатковай колькасцю насення гэтых культур. Усё яно праверана на пасяўныя якасці і адпавядае патрабаванням Дзяржстандарту. Да таго ж, значна палепшыўся гатунковы і рэпрадукцыйны састаў пасяўной збажыны. Будзе завезена 172 тоны элітнага насення – на 52 тоны больш леташняга. На сённяшні дзень назапашана 77 тон эліты і 55 – насення першай рэпрадукцыі. Насенне першай і другой рэпрадукцый складзе 84 працэнты.
– Са збожжавай групай, як бачна, асаблівых праблем няма. А як з насеннем іншых культур?
– Вядома, неспрыяльны мінулы сельскагаспадарчы год прывёў да недабору ўраджаю. Але з насеннем большасці культур пад будучы ўраджай пытанняў няма. Асноўная праблема ў сувязі са значным расшырэннем плошчы пасадкі – з насеннем бульбы. Таму райсельгасупраўленне і сельскагаспадарчыя прадпрыемствы вымушаны былі шукаць рынкі набыцця недастатковай колькасці пасяўных клубняў за межамі раёна. Сёння можна сцвярджаць, што будуць забяспечаны патрэбы сяўбы ў насенні ўсіх культур.

– Значныя плошчы ў гаспадарках займаюць азімыя культуры. Як яны перазімавалі?
– Пад ураджай 2011 года азімыя збожжавыя былі пасеяны на 6910 гектарах. 3220 гектараў занята пад пшаніцай, 1033 – трыцікале, 2657 – пад жытам. Заданні па сяўбе азімых культур былі выкананы ў поўным аб’ёме. Веснавыя абследаванні пасеваў яшчэ наперадзе. Будзем спадзявацца, што масавага перасеву з-за вымярзання ці выправання не спатрэбіцца.
– Якасць насення – толькі адзін з фактараў ураджаю.
– Задзейнічаем і іншыя. Гэта і севазварот, і ўгнаенні, і тэрміны глебаапрацоўкі і непасрэдна пасяўных работ. 1725 гектараў яравых будуць размешчаны па лепшых папярэдніках, 3365 – па былых кармавых угоддзях. Для валавога збору 56 тысяч тон зерня трэба выйсці на ўраджайнасць 33,9 цэнтнера з гектара пасеваў. Натуральная ўрадлівасць гектара пасяўных плошчаў забяспечыць атрыманне 12,1 цэнтнера зерня, 21,8 цэнтнера мяркуем атрымаць за кошт выкарыстання мінеральных і арганічных угнаенняў. Частка поўных мінеральных тукаў была ўнесена пад азімую сяўбу, створаны запас для сілкавання яравога палетка. Маем і набываем хімікаты для наступнай апрацоўкі пасеваў. На ўнясенні мінеральных угнаенняў будуць працаваць 44 раскідвальнікі, 19 агрэгатаў уключацца ў раскідванне арганікі. Акрамя таго, патрабуецца падкормка шматгадовых траў і пашаў, і каб “разгрузіць” тэхніку, гэтыя работы ў сельгаспрадпрыемствах раёна з кожным днём набываюць усё большы размах.
На сяўбе яравых зерневых і зернебабовых будуць заняты 31 камбінаваны глебаапрацоўчы і 43 пасяўныя агрэгаты. На сяўбу гэтых культур адводзіцца не больш 14 дзён.
– Управіцеся? Маю на ўвазе сельгаспрадпрыемствы.
– Напружанасць з комплексам веснавых работ узнікае кожны год: з-за недахопу тэхнікі і механізатараў. Так, для правядзення пярвічнай апрацоўкі глебы ў КУСГП “Дубраўка” пры іх магчымасцях патрабуецца 26 дзён, “Арэхаўна” – 20. А ёсць гаспадаркі, здольныя выканаць такія работы за 10 дзён. Значыць, неабходны манеўр механізмамі і людзьмі. Аналагічная сітуацыя па сяўбе зерневых і зернебабовых. Для правядзення яе ў аптымальныя тэрміны патрэбна засяваць у дзень па 1078 гектараў. Па тэхнічнай жа аснашчанасці гаспадаркі могуць сеяць 800-850 гектараў. Каб укласціся ў лепшыя тэрміны, трэба набыць два агрэгаты АПП-6. Пры неабходнасці будзе ажыццяўляцца перакідка пасяўных агрэгатаў з іншых гаспадарак. Пры ўмове штодзённага выканання задання сяўба зерневых і рапсу будзе праведзена за 12 дзён.
Сяўбу льну мяркуем завяршыць за 8-10, кукурузы – за 10-12 дзён. Для пасадкі бульбы ёсць дзве бульбасаджалкі, якіх недастаткова. Для выйсця з праблемнага становішча аднаўляем спісаную бульбасаджалку і мяркуем набыць яшчэ адну новую.
Галоўны ж дэфіцыт на сяўбе – механізатары. Забяспечанасць імі 78,5 працэнта. Не хапае 53 чалавекі. Таму да ўдзелу ў сяўбе падключаем усе людскія рэзервы: трох практыкантаў вучэбна-курсавога камбіната райсельгасхарча, 30 чалавек – з іншых работ у гаспадарках, 20 – з прамысловых прадпрыемстваў і арганізацый, з іх 5 чалавек з Полацка.
Завяршаецца рамонт усёй неабходнай для пасяўных работ тэхнікі. Па лізінгу набываем новыя сельгасмашыны і механізмы, у якіх адчуваем недахоп. Праўда, праблемным з’яўляецца для нас пытанне фінансавых разлікаў і за іх, і за ўгнаенні. Але вышукваем усе магчымасці для таго, каб гэтыя складанасці не перашкодзілі ажыццяўленню сёлетніх планаў у галіне раслінаводства.
Гутарку вёў П.ПРАТАСЕВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *