Льготы инвалидам, станции очистки воды, дороги. Владимир Андрейченко провел прием граждан в Ушачском районе

Общество

Чарговы прыём грамадзян і юрыдычных асоб 27 мая правёў ва Ушацкім раёне наш дэпутат, старшыня Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь Уладзімір Паўлавіч Андрэйчанка. І хоць папярэдні быў нядаўна, у пачатку красавіка, на гэты раз запісалася 8 чалавек. А паколькі практычна кожны задаваў не адно пытанне, а дэпутат як заўсёды ўважліва ўнікаў у просьбы, разбіраўся і імкнуўся дапамагчы, прыём выйшаў за рамкі адведзеных дзвюх гадзін.

Адзін з ушачан задаў пытанне, якое закранае неабароненую катэгорыю грамадзян і актуальнае не толькі ў нашым раёне, але і па ўсёй краіне: аб адмене неабходнасці кожны год падаваць у “Белдзяржстрах” дакументы, якія пацвярджаюць ільготы інвалідам, якім група прысвоена бестэрмінова. “У энергетыкаў і газавікоў ніякіх праблем не паўстае, адзін раз скапіравалі, і ўсё, а тут хворыя людзі павінны хадзіць кожны год, калі для многіх зрабіць гэта праблематычна, а ў час каранавіруса і вельмі небяспечна. Ведаю, што адна з жанчын не змагла падаць дакументы і плаціла страхоўку на агульных падставах”, – прыводзіў аргументы заяўнік. Уладзімір Паўлавіч звязаўся са сваімі калегамі з Палаты прадстаўнікоў і паколькі зараз якраз рыхтуецца закон аб страхаванні, даручыў улічыць гэты аспект да таго, як дакумент трапіць на галасаванне.

Некалькі просьбаў было аб будаўніцтве станцый ачысткі вады. Спікер парламента патлумачыў, што праграма “Чыстая вада” дзейнічае, станцыі трэба будаваць, існуюць і зацверджаныя планы, аднак фінансавалася гэтая праграма Еўрапейскім банкам рэканструкцыі і развіцця, а зараз трэба шукаць іншыя рэсурсы, таму графік выканання можа быць зменены.

Некалькі пытанняў датычылася асфальтавання дарог. Хоць і звяртаўся ўжо з такім старэйшына вёскі Лутава Сяльцо 5 сакавіка, аднак зноў “агучыў” просьбу. На жаль, ажыццявіць яе зараз не атрымаецца з-за невялікіх аб’ёмаў фінансавання, што выдзяляюцца на рамонт дарог – сродкі размяркоўваюцца на самыя запатрабаваныя і сапсаваныя трасы.

“Вы столькі зрабілі для Ушач. Дапамажыце і нам”, – таксама прасілі апрануць у асфальт бойкую вуліцу Аніса Клопава яе прадстаўнікі. Дарога, што злучаецца з Азёрнай вёскі Градзянец, па сутнасці з’яўляецца паўкальцавой. У пацвярджэнне таму, што чакаюць доўга, прынеслі “раёнку” за 2007 год. Сапраўды, усё з абяцанага тады яшчэ губернатарам У.П.Андрэйчанкам, стала рэчаіснасцю для раёна: і інтэрнат у Градзянцы, і свідравіна ў Ціханятах, і асфальт да “Лясных азёр”, і праваслаўны храм у гарпасёлку, толькі прыгаданая вуліца засталася “забытай”. Ну а паколькі сродкі на асфальтаванне сёлета размеркаваны і пойдуць на цэнтральныя дарогі, знятае з іх палатно паабяцалі пакласці па вуліцы Клопава.

Дачнік з Мінска прасіў вывесці землі з сельгаспрызначэння, каб потым праз іх пракласці дарогу, паколькі так, праз наш раён, яму зручней дабірацца ў полацкія Старынкі. Прыводзім і гэты прыклад, каб паказаць, якімі рознымі бываюць звароты да спікера і наколькі часта яны носяць меркантыльны характар. Хаця і сярод выключна асабістых былі пытанні, калі да дэпутата ідуць як да апошняй інстанцыі. Такім заяўнікам абяцаў дапамагчы не толькі Уладзімір Паўлавіч, але і раённыя ўлады, у прыватнасці, праз выдзяленне адраснай сацыяльнай дапамогі. А вось А.Кухта прасіў арганізаваць збор сродкаў для жыхароў Данецкай Народнай рэспублікі.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *