Аграрии Ушачского района приступили к заготовке кормов

Сельское хозяйство

Масавая ўборка кармоў распачалася ў нашым рэгіёне. Касавіца стартавала сёлета са спазненнем, і тым больш важна правесці яе аператыўна і зладжана. “Першы ўкос трэба завяршыць за два тыдні. Для гэтага сельгаспрадпрыемствы павінны мабілізавацца, арганізаваць працу ў выхадныя дні, калі трэба – забяспечыць перакідку тэхнікі”, – акрэсліў задачу старшыня Віцебскага аблвыканкама А.М.Субоцін. У вобласці сёлета плануюць нарыхтаваць 1,2 мільёна тон кармавых адзінак або 30 цэнтнераў на ўмоўную галаву жывёлы.

І.Баюс, Р.Ладзік.

Ужо шчыруюць на травяных палетках і ўшацкія аграрыі. Шпаркі старт на гэтым этапе работ традыцыйна ўзяла наша самая буйная гаспадарка – дарэчы, з 1 чэрвеня філіял “Маяк-Ушацкі” змяніў свой статус і назву: цяпер гэта ўнітарнае прадпрыемства “Сафійскія дары”, якое ўваходзіць у аграхолдынг Полацкага малочнага камбіната.

Планы ў гаспадаркі вялікія і на першым этапе зялёнага жніва аграрыі зрабілі стаўку на нарыхтоўку сенажу ў стрэйч-плёнку. Участкі канюшыны на 300-гектарным абшары ў наваколлі Калкоў і Зарэчча радуюць сакавітым травастоем, а ў тутэйшыя маляўнічыя прыазёрныя краявіды прыгожа ўпісаліся рады белых рулонаў. За змену прэс-падборшчык “CLAAS”, які накіравала полацкая структура, можа скруціць і ўпакаваць з кансервантам пад дзве сотні 600-кілаграмовых сянажных цюкоў. Спрытна кіруе гэтым працэсам малады механізатар Ігар Варажэнка, а фронт работ для яго рыхтуе дуэт касцоў у складзе ўшачаніна Рамана Ладзіка і яго полацкага калегі Ільі Баюса. “Ды я ўжо фактычна таксама ваш, ушацкі! – з усмешкай зазначае апошні. – З моманту стварэння гэтай гаспадаркі штогод дапамагаю на розных працэсах, усе палеткі ўжо не горш за мясцовых ведаю!”. Бачна, што хлопцы маюць добры кантакт, а гэта спрыяе рабоце. Адной жа мэтай аб’яднаны – як, зрэшты, і ўсе гаспадаркі рэгіёну.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *