Уникальная природа и романтическая атмосфера: агроусадьба «Марусіна хата» вошла в «ТОП-10 романтических агроусадеб Беларуси»

Экономика и малый бизнес

Домік у зацішнай вёсачцы на беразе чароўнага возера, вячэра пры свечках і ложак, усыпаны пялёсткамі ружаў… Напэўна так выглядае ідэальны антураж мядовага месяца ці проста рамантычнага ўік-энда для закаханых. “Былі падобныя заказы ад кліентаў, – усміхаецца гаспадыня аграсядзібы “Марусіна хата”, размешчанай у вёсцы Замошша, Жанна Сачыўка. – Нядаўна гасцявала маладая пара пасля вяселля, і муж папрасіў якраз такое афармленне. Давялося ўласнаручна чараваць з пялёсткамі!”.

І сапраўды, не кожны можа паехаць у Парыж ці Венецыю, але ўтульная ўшацкая аграсядзіба запомніцца не менш, бо дазволіць укрыцца ад мітусні, пабыць сам-насам з амаль некранутай прыродай і каханым чалавекам – шчасце ж, як кажуць, любіць цішыню. Такую “разынку” “Марусінай хаты” заўважылі арганізатары конкурсу “ТОП-10 рамантычных аграсядзіб Беларусі” – выдавецтва “Рыфтур” і рэспубліканскі фонд развіцця турызму і падтрымкі дзікай прыроды “Планета без межаў” – таму даслалі гаспадарам персанальнае запрашэнне да ўдзелу ў праекце. “Мы, канечне, згадзіліся – заўсёды адгукаемся на прапановы, што спрыяюць развіццю, – зазначае Жанна. – Прыгожых здымкаў для прэзентацыі сабралася шмат, госці нават з квадракоптара тутэйшыя мясціны фатаграфавалі. Але, шчыра прызнаюся, перажывалі, што сярод больш раскручаных канкурэнтаў будзем выглядаць не так ярка…”

Хваляванні аказаліся дарэмнымі. Наведвальнікі інтэрнэт-партала “Планета Беларусь”, якія галасавалі анлайн, і члены прафесійнага журы вылучылі ўшацкую сядзібу ў дзясятку лепшых і па суме набраных балаў яна трапіла на 6-ты радок рэспубліканскага рэйтынгу! Гэта і прэстыж, і дадатковая рэклама, бо па запыце “рамантычны адпачынак у Беларусі” “сусветная павуціна” цяпер арыентуе турыстаў у тым ліку і на “Марусіну хату”.

Новыя захады па прыцягненні кліентаў зараз вельмі дарэчныя – не сакрэт, што апошнія два гады складваліся для турбізнесу няпроста. Так, да пачатку крызісу Жанна і яе муж Ян да 40 працэнтаў летніх заказаў атрымлівалі праз міжнародны сэрвіс анлайн-браніравання “Booking” (такім чынам адпачынак ва ўшацкай глыбінцы аблюбавалі госці са Швецыі, Іспаніі, Чэхіі), але нядаўна ён прыпыніў сваю дзейнасць у Беларусі. Зрэшты, замежны вектар цалкам не знік: устаноўлены сёлета “бязвіз” стымуляваў цікавасць да адпачынку на сядзібе ў літоўцаў, на працягу мая прыязджала шмат расіян. Заказваюць гасцявыя домікі (на сядзібе іх два) і беларусы.

Прынамсі, рамантыка – гэта не толькі каханне ды салаўі, а і, напрыклад, рыбалка. Гэтай зімой яе аматары ставілі на возеры спецыяльныя палаткі, у якіх можна рыбачыць нават ноччу. Летам жа тут прапануюць гасцям лодку і ўвесь патрэбны інвентар, а многія любяць пракаціцца па навакольных лясах на веласіпедах. “Для аматараў прыроды тут сапраўдны рай: я вунь учора непадалёк аленя сустрэла”, – з захапленнем расказвае гаспадыня.

Жанна – вельмі прыемны ў зносінах, крэатыўны і творчы чалавек. Кожны тутэйшы куточак аформлены яе ўмелымі рукамі з захаваннем старажытнага вясковага стылю. У гэты раз, напрыклад, жанчына з гонарам дэманстравала нам набыты на “куфары” і адрэстаўраваны ёю буфет, які ўпрыгожыў інтэр’ер аднаго з гасцявых пакояў (на здымку). Залатыя рукі і такі ж характар і ў Яна: менавіта яго стараннямі домікі, пірсы, агароджы абнаўляюцца да кожнага сезона, акуратны выгляд мае тэрыторыя. Сярод планаў на будучае – абсталяваць дзіцячую пляцоўку і месца для адпачынку на беразе, прабурыць свідравіну для здабычы пітной вады – зараз госці выкарыстоўваюць буціліраваную, бо водаправодная прыдатная толькі для тэхнічных патрэб.

Па даных Нацыянальнага статыстычнага камітэта, на пачатак бягучага года ў Беларусі колькасць аграсядзіб дасягнула 3150, больш 200 з іх адкрыліся летась. Віцебшчына прырасла за мінулы год 62-ма такімі аб’ектамі – усяго іх стала 732. Дарэчы, менавіта прыдзвінская сядзіба атрымала перамогу ў прыгаданым вышэй конкурсе: рэйтынг узначаліў “Запаведны востраў”, што на Глыбоччыне.

За шэсць год дзейнасці рамантычнай сядзібы яе гаспадары ніводнага разу не пашкадавалі, што заняліся гэтым бізнесам, лічуць яго цікавым і прыбытковым, але падкрэсліваюць, што аддача будзе толькі калі ўкладаць у гэта шмат часу і сіл. Нам жа здаецца, што рамантычную аўру “Марусінай хаты” ствараюць самі Ян і Жанна – шчыра закаханыя адзін у аднаго і ў сваю агульную справу.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



1 комментарий по теме “Уникальная природа и романтическая атмосфера: агроусадьба «Марусіна хата» вошла в «ТОП-10 романтических агроусадеб Беларуси»

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *