В Бычках провели литературно-музыкальное мероприятие, посвященное Народному писателю Беларуси Василю Быкову

Культура

У нядзелю нашаму славутаму земляку Васілю Быкаву магло б споўніцца 98 год. Як заўсёды дзень нараджэння класіка айчыннай літаратуры для многіх аматараў яго творчасці стаў нагодай, каб пабываць у сядзібе-музеі ў Бычках, перачытаць яго прозу, узгадаць факты, звязаныя з асобай пісьменніка.

Супрацоўнікі раённай бібліятэкі, якія арганізавалі ў Бычках літаратурна-музычную імпрэзу “Застаўся чалавекам у вогнішчы вайны”, склалі яе на аснове паэтычных твораў, што прысвяцілі Васілю Быкаву калегі-літаратары. Мерапрыемства прайшо, як кажуць, на адным дыханні і знайшло водгук у сэрцах усіх прысутных. Прыемна, што сярод іх былі родныя і суседзі Народнага пісьменніка Беларусі. Хоць і жывуць зараз у Радашковіцкім раёне, аднак у знакавыя дні чэрвеня абавязкова прыязджаюць у Бычкі жонка яго брата Мікалая Антаніна Аляксандраўна Быкава і яе сын Мікалай Харак са сваёй спадарожніцай жыцця Таццянай. “На Міншчыне ў дзяцей мне, канечне, добра, але летам асабліва цягне ў родную вёску. Ды і дзень нараджэння Васіля сустракаць на яго сядзібе – сямейная традыцыя”, – зазначае Антаніна Аляксандраўна.

З дзяцінства сябраваў з будучым пісьменнікам, а яшчэ больш – з яго малодшым братам Міколам сусед Сямён Барысавіч Быкаў. На жаль, вось ужо два гады, як ён пайшоў з жыцця, але бацькоўскую сядзібу даглядае дачка Валянціна Казіцкая, якая таксама мела стасункі са знакамітым суседам. “Калі дзядзька Васіль прыязджаў у Бычкі – заўсёды ўсіх збіраў – хоць і славуты быў чалавек, але зусім не ганарлівы. Мы ж нават у яго мінскай кватэры ў гасцях бывалі”, – прыгадвае жанчына. Сама яна з пачатку цёплага сезона перабралася ў вёску і навяла прыгажосць на сваім падворку і прылеглай тэрыторыі – каб не сорамна было перад гасцямі, што прыязджаюць у Бычкі. Дзякавала Валянціна Сямёнаўна і раённай уладзе, якая паклапацілася, каб не толькі на сядзібе-музеі, а і ў наваколлі панаваў парадак, была абкошана трава.

Мінаюць гады, а сціплая хатка з простай сялянскай мэбляй па-ранейшаму беражліва захоўвае даваенны антураж, а якія вясковыя далягляды адкрываюцца з яе падворка! Калі знаходзішся тут, душа міжволі святлее і чысцее, напаўняецца бязмернай павагай да чалавека, якому лёс наканаваў стаць праўдзівым голасам сваёй эпохі.

Цікавыя факты пра Быкава

  • Родныя расказвалі, што неяк у дзяцінстве Васіль паспрабаваў сябе ў ролі паэта. У хлопчыка быў сшытак, куды ён запісваў самыя патаемныя думкі, туды ж ён занатаваў некалькі радкоў аб пачуццях да дзяўчынкі са сваёй вёскі. Сшытак Васіль старанна хаваў, але аднойчы дзеці яго знайшлі ­­– і таямніцы сталі падставай для жартаў. Хто ведае, магчыма той выпадак і адгарнуў яго ад паэтычнага напрамку.
  • Многія ведаюць гісторыю, калі пасля цяжкага ранення ў баях ля Кіраваграда Быкава палічылі забітым і даслалі родным “пахавальную”, а на абеліску выбілі яго прозвішча. Аднак родныя распазналі памылку, бо якраз перад гэтым сям’я атрымала ліст ад Васіля і дата на ім значылася пазнейшая за тую, што была на паведамленні. Сястра напісала брату пра гэты казус, на што ён з гумарам адказаў: “Ну, праўда, я быў біты, але не дабіты!”
  • Калі Быкаў працаваў у “Гродзенскай праўдзе”, ён уважліва ставіўся да маладых аўтараў. Аднак былі графаманы, якія хацелі, каб ён паспрыяў выхаду ў свет іх “шэдэўраў”. Па сваёй натуры Васіль не мог прама сказаць, што твор дрэнны. Выслухоўваў, мучыўся… А потым мовіў, што яго выклікаюць да рэдактара, ішоў у фоталабараторыю і хаваўся там, пакуль аўтар не пакідаў рэдакцыю.
  • На экранізацыю аповесці “Альпійская балада” прэтэндаваў вядомы італьянскі кінарэжысёр Джузэпэ Дэ Санціс. У 1965 годзе ён звяртаўся да кіраўніцтва кінематаграфіі СССР, у Рыме нават прайшоў адбор на ролі Івана і Джуліі. Але яму адмовілі, а стужку даверылі савецкаму рэжысёру. Падчас здымак у СССР спецыяльна прыляцела італьянская актрыса – пераможца кастынгу, каб проста ўбачыць калегу, якой пашчасціла здымацца ў фільме па Быкаву.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *