В Ушачском районе чествовали медицинских работников

Общество

Усяго на некалькі гадзін у мінулую пятніцу супрацоўнікі ўстаноў аховы здароўя Ушаччыны пакінулі свае кабінеты, аддзяленні, лабараторыі і накіраваліся ў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Тут напярэдадні Дня медыцынскіх работнікаў адбылася святочная ўрачыстасць – для людзей у белых халатах прагучала нямала цёплых і ўдзячных слоў за клапатлівыя рукі і добрыя сэрцы.

З віншавальным словам выступіла намеснік старшыні раённага выканаўчага камітэта А.В.Пашковіч. Яна падзякавала дактарам, медсёстрам, санітаркам, іншым прадстаўнікам галіны за бясцэнную работу, якую тыя штодня выконваюць. “Нельга не адзначыць, што выдатным падарункам да Дня медыцынскіх работнікаў стала і пераўвасабленне цэнтральнай раённай бальніцы, – адзначыла Алена Васільеўна. – Яго ўжо паспелі ацаніць многія ўшачане”.

Выканала А.В.Пашковіч і пачэсную місію: шэрагу спецыялістаў уручыла ўзнагароды раённага ўзроўню. Падзякавала і актывісткам раённай арганізацыі Беларускага саюза жанчын, старшынёй якога з’яўляецца, падарыла ім сувеніры з сімволікай грамадскага аб’яднання.

“Не можа не радаваць, што сёння Ушацкая ЦРБ – гэта сучасная ўстанова, якая забяспечвае насельніцтва даступнай медыцынскай дапамогай, робіць акцэнт на прафілактыку захворванняў, – адзначыла галоўны ўрач райбальніцы А.А.Міранкова. – Для паляпшэння якасці паслуг у нас укараняецца праект “Клапатлівая паліклініка”, пашыраецца спектр платных прапаноў, працягваецца асваенне сучасных інфармацыйных тэхналогій. На працягу двух апошніх гадоў сур’ёзна абноўлена матэрыяльна-тэхнічная база – у першую чаргу набывалі абсталяванне для дыягностыкі, аказання дапамогі пацыентам з каранавіруснай інфекцыяй, былі дааснашчаны аддзяленні рэанімацыі і анестэзіялогіі, фізіятэрапеўтычнае, клініка-дыягнастычная лабараторыя. У снежні мінулага года пачаліся работы па капітальным рамонце з элементамі мадэрнізацыі будынка райбальніцы. У бягучым плануецца працягнуць іх у галоўным корпусе”.

Ветэраны працы Р.Зільберт, В.Дунік, Н.Зыранава, Н.Цімафеева.

Асобна спынілася Анжаліка Анатольеўна на пытанні супрацоўніцтва ЦРБ з прадпрыемствамі і арганізацыямі раёна, грамадскімі аб’яднаннямі. Дзякуючы яму нядаўна атрымана спонсарская дапамога на набыццё аўтамабіля, а пры падтрымцы Фонду міра аснашчаны мэбляй, бытавой тэхнікай чатыры палаты павышанай камфортнасці для ветэранаў вайны і працы. Дарэчы, і самі медыкі не сядзелі склаўшы рукі – праз паспяховы ўдзел у гуманітарным праекце “Здаровая нацыя” атрымалі сродкі на партатыўны рэнтгенаапарат.

А.А.Міранкова падзякавала нашаму дэпутату Уладзіміру Паўлавічу Андрэйчанку, кіраўніцтву раёна за ўвагу да галіны, фінансавую падтрымку. Цёплыя словы адрасавала калегам, уручыла шэраг узнагарод. Так, сёлета Падзяка Міністэрства аховы здароўя Рэспублікі Беларусь аб’яўлена загадчыку тэрапеўтычнага аддзялення Вользе Аляксандраўне Шлёнскай; Ганаровымі граматамі Галоўнага ўпраўлення аховы здароўя Віцебскага аблвыканкама адзначаны ўрач-педыятр дзіцячай кансультацыі Святлана Іванаўна Ярашова і рэнтгеналабарант Любоў Валер’еўна Карэйша; Ганаровымі граматамі Ушацкай ЦРБ – псіхолаг Наталля Сяргееўна Лісічонак, урач-анестэзіёлаг-рэаніматолаг Раман Валер’евіч Клачок, урач функцыянальнай дыягностыкі Анастасія Сяргееўна Клачок, загадчык Дубраўскай урачэбнай амбулаторыі Ганна Аляксееўна Аскерка, медсястра аддзялення прафілактыкі паліклінікі Таццяна Васільеўна Лукашэвіч, фельчар-лабарант Святлана Мікалаеўна Курбатава, загадчык Плінскага ФАПа Андрэй Анатольевіч Карповіч, медсястра педыятрычнага аддзялення Ала Паўлаўна Гіраўка; Падзяка Ушацкай ЦРБ аб’яўлена медыцынскаму рэгістратару Святлане Васільеўне Лісоўскай, сястры-гаспадыні інфекцыйнага аддзялення Валянціне Васільеўне Загавалавай, малодшым медсёстрам па доглядзе за хворымі хірургічнага аддзялення і анестэзіялогіі, рэанімацыі Наталлі Ісакаўне Клачок і Любові Іванаўне Чобат, а таксама ўсяму калектыву тэрапеўтычнага аддзялення.

На сённяшні дзень у сістэме аховы здароўя раёна працуе 355 чалавек. Пры гэтым катэгарыйнасць медработнікаў складае 78 працэнтаў.

Кветкі і падарункі для тых, хто многія гады прысвяціў сістэме аховы здароўя і выйшаў на заслужаны адпачынак, падрыхтавала іх сённяшняя змена.

Яшчэ больш віншаванняў было з экрана – свае відэа для калег запісалі многія прадстаўнікі галіны. Парадавалі галоўных віноўнікаў урачыстасці і маленькія ўшачане, сыны і дачушкі медыкаў – праз гумарыстычныя відэанумары з удзелам работнікаў ЦРБ яны расказалі пра самых блізкіх ім людзей.

Нямала было яркіх нумароў ад педагогаў, выхаванцаў дзіцячай школы мастацтваў, цэнтра культуры і народнай творчасці, самадзейных артыстаў з ліку саміх медыкаў. Гучнымі апладысментамі сустрэлі прысутныя вакальнае выступленне сястры-гаспадыні паліклінікі Людмілы Генадзьеўны Якубёнак, вясёлыя прыпеўкі ад калектыву прадстаўніц малодшага медперсаналу.

У гэты перадсвяточны дзень работнікі райбальніцы ў чарговы раз прадэманстравалі, наколькі яны таленавітыя, як выдатна спяваюць, танцуюць. Шкада толькі, што стаць сведкамі гэтаму змаглі не ўсе – многія спецыялісты ў белых халатах знаходзіліся на службе.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *