День животновода на комплексе «Маяк»

Общество

Даводзілася бываць на многіх днях жывёлавода ў розных гаспадарках, аднак такога цёплага прыёму, з якім сустрэлі артыстаў жывёлаводы комплексу “Маяк” ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс”, пакуль нідзе не бачыла. Нават самі артысты – Ганна Краўчонак, Ірына Клачок, Юрый Канстанцінаў былі прыемна здзіўлены, хоць выступаць даводзілася перад рознай аўдыторыяй у розных населеных пунктах нашага раёна. Галоўнае, што пакідалі яны жывёлагадоўчы аб’ект з жаданнем абавязкова прыехаць сюды яшчэ раз.  
На пачатку мерапрыемства перад прысутнымі выступіў супрацоўнік аддзела ўнутраных спраў С.А.Падвойскі. Ён расказаў аб рэспубліканскай прафілактычнай акцыі “Дом без насілля”, якая праходзіць у краіне з 1 па 30 красавіка. Яе мэта – мінімізацыя і папярэджанне правапарушэнняў, здзейсненых у сферы сямейна-бытавых адносін. Ішла размова і аб працоўнай дысцыпліне.
Жывёлаводы комплексу “Маяк” трымаюць пастаяннае і ўпэўненае лідарства ў раёне і не раз выходзілі перадавікамі ў вобласці. Кілаграмовыя прывагі – гэта не выпадковасць, а вынікі, якія для працаўнікоў “Маяка” ўжо даўно не з’яўляюцца недасягальнымі. Так, напрыклад, за год на групе У.В. Літвіна сярэднясутачныя прывагі склалі 1188 грамаў. Загадчыца комплексу Галіна Канстанцінаўна Літвін ведае, якой штодзённай і стараннай працай дасягаюцца такія прывагі. Менавіта ёй быў уручаны вялікі каравай. А потым для ўсіх працаўнікоў прагучалі добра вядомыя і любімыя песні, вясёлыя гумарэскі. Віншаванні ў свой адрас пачулі імяніннікі сакавіка і красавіка. У адказ працаўнікі не шкадавалі шчырых і працяглых апладысментаў. Такі невялікі адпачынак для жывёлаводаў стаў не толькі карысным, але і запамінальным, несумненна ўзняў настрой. Праводзілі гасцей яны гэтак жа шчыра і запрашалі прыязджаць часцей.  
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *