Зрелищно и круто! В Ушачах прошёл фестиваль экстремальных видов спорта “ExtremeПрорыв – 2022”

Cпорт

Кажуць, што дэвіз аматараў экстрэмальнага спорту – “Тармазы прыдуманы для баязліўцаў”. Так гэта ці не, у мінулую суботу мелі магчымасць пераканацца гледачы захапляльнага шоу “ExtremeПрарыў – 2022”, які праходзіў на пляжы возера Вечалле.

Удзельнікаў, гасцей фестывалю падчас урачыстай цырымоніі адкрыцця віталі старшыня райвыканкама С.С.Садоўскі і загадчык сектара спорту і турызму С.І.Ціханёнак. Прыемных эмоцый наконт таго, што Ушаччына ў другі раз стала пляцоўкай для грандыёзнага спартыўнага свята, абодва не хавалі, жадалі ўсім захапляльнага відовішча, незабыўных эмоцый і адрэналіну. Ну а ў тым, што яны дакладна будуць, сумненняў не ўзнікала. Ужо падчас прадстаўлення ўдзельнікаў прысутныя актыўна абмяркоўвалі іх дасягненні, плануючы наведаць як мага больш пляцовак. Зрэшты, з гэтым праблем не паўстала: этапы спаборніцтваў, паказальныя выступленні праводзіліся практычна без накладак і доўгіх перапынкаў. Галоўнай жа надзеяй многіх ушачан прадказальна стаў наш зямляк, удзельнік суполкі “Асілкі Беларусі” Аляксандр Лабань, якому было прадастаўлена права ўзняць Дзяржаўны сцяг Рэспублікі Беларусь, даць старт фестывалю экстрэмальных відаў спорту.

Толькі змоўклі ўрачыстыя фанфары, як да месца правядзення трофі-спрынту дружна рушылі квадрацыклісты. Каманду больш чым з 20 спартсменаў сабраў вядомы беларускі гоншчык Яўген Кандраценя. “Вось тут самы складаны, а значыць, відовішчны ўчастак, – раіў ён лепшыя глядацкія пазіцыі. – Будзем упісвацца ў павароты, пераскокваць праз штучныя і натуральныя трампліны”. Зрэшты, улічваючы тое, што стартавалі квадрацыклісты па двое, паспелі ацаніць прысутныя і іншыя “кропкі” для прагляду. Самыя ж бойкія паміж заездамі ўмудрыліся нават сфатаграфавацца за рулём “квадрыкаў”.

Займальнае дзейства прадставілі супрацоўнікі райаддзелаў міліцыі і па надзвычайных сітуацыях, аддзялення па ахове аб’ектаў у г.п.Ушачы Полацкага аддзела Дэпартамента аховы. Выкарыстанне спецсродкаў для спынення руху аўтатранспарту, папераджальныя стрэлы, затрыманне злачынцаў і тушэнне ўзгарання… Дэманстрацыйны паказ адпрацоўкі сумесных дзеянняў хоць і заняў усяго некалькі хвілін, прайшоў на “ўра”. Прыемным жа бонусам для прысутных стаў штучны дождж з аўтацыстэрны, а для дзецей – цэлае мора пены. А прадстаўнікі пажарнага аварыйнага-атрада “Віцязь” з абласнога цэнтра прадэманстравалі правядзенне выратавальных работ на вадзе. Па легендзе вадзіцель гідрацыкла губляе раўнавагу, падае і ад атрыманай траўмы страчвае прытомнасць. Дзякуючы аператыўным дзеянням чалавек своечасова перададзены медыкам. А яшчэ выратавальнікі падрыхтавалі сюрпрыз для дзяцей: на пляжы з’явіліся героі мультфільма “Чароўная кніга МНС”, якія на пляцоўцы бяспекі нагадвалі важныя правілы і ўручалі падарункі.

Глядацкія месцы – абочыны дарогі ад моста да ўзгорка ля возера Вечалле падчас турніру па сілавым экстрыме займаліся загадзя. Што прадказальна – не магло не зацікавіць, як на тваіх вачах не гіганты, а звычайныя людзі, дэманструюць сапраўды волатаўскія здольнасці. Вага запоўненай пажарнай машыны – 44 тоны, а ўсіх васьмі багатыроў, што прыехалі на турнір з Брэста, Баранавіч, Мінска, Наваполацка – не дасягала ста кілаграмаў. І хоць яна іграе не апошнюю ролю, тым не менш, машыну 20 метраў працягнулі практычна ўсе. І падалі на месцы. Убачыўшы такую сцэну, думалі, што з апошніх сіл. Аказалася, што гэта спецыяльны трук, набліжаючы фінішную рысу, да якой дастаткова было дакрануцца рукой. Хоць у разы лягчэйшы мікраўтобус фізкультурна-аздараўленчага комплексу, не ўсім падалася і гэта вага. Справа ў тым, што цягнулі яго пад гару, а пажарную машыну – наадварот. А потым утрымлівалі “Форд” вагой 1800 кілаграмаў, таксама на час. Дарэчы, самы лёгкі і самы старэйшы багатыр Сяргей Лысянок выканаў гэтыя практыкаванні з другім вынікам. Хударлявы, без намёку на жывоцік… Міжволі цікавіла, у чым яго сакрэт. Канечне, у пастаянных шматлікіх трэніроўках свайго цела. Дарэчы, Сяргей – інструктар у мінскім фітнэсцэнтры, ну а яшчэ вядзе здаровы лад жыцця. Вось ужо дзесяць гадоў на раздзельным харчаванні: раніцай толькі фрукты, у неабмежаванай колькасці, у абед – тлушчы, увечары – бялкі. Такую дыету сям’я нашага земляка Аляксандра Лабаня называе пакуль што недасягальнай. Аднак ні вэнджанага, ні смажанага ў іх меню няма, вельмі абмежавана ўжыванне солі, чыпсы дзеці бачаць калі толькі ў бабулі. Дарэчы, уся сям’я Аляксандра прысутнічала на турніры. І калі яны сціпла ганарыліся сынам, то ўсе астатнія ўшачане не хавалі эмоцый. Падтрымлівалі, канечне, абсалютна ўсіх падчас усіх этапаў турніру, завяршаўся які ўжо на спецыяльнай пляцоўцы, дзе волаты падымалі атласы свету, а таксама насілі каромыслы. Так называўся спецыяльны снарад вагой 180 кілаграмаў, які трымалі ў вельмі нязручнай позе – на прадплеччы. Складанасці ў спартсменаў гэта не выклікала, у адрозненні ад абсалютна круглых камянёў, якія і называюць атласамі. Далёка не ва ўсіх атрымалася нават падняць іх, нягледзячы на тое, што волаты змазалі рукі вязкім саставам. І калі “шарык” вагой 107 кілаграмаў некалькі чалавек усё ж паднялі, як і наступны ў 115, то да трэцяга ў 130 дабралася ўсяго два чалавекі.

Наш Саша пасля аўтамабільных спаборніцтваў меў другі вынік. І калі даваў інтэрв’ю перад заключнымі стартамі, не баючыся забабонаў, прадказваў сабе тытул чэмпіёна, паколькі заставаліся яго любімыя віды. І камяні, уключаючы апошні на 140 кілаграмаў, ён падняў на бочкі з такой хуткасцю (якая таксама ўлічвалася) і лёгкасцю, што ў гэтым можна не сумнявацца. Потым чэмпіён фатаграфаваўся з землякамі і дзякаваў за тое, што прыйшлі. А да яго, як і да іншых волатаў, усё падыходзілі дзеці і дарослыя. І хоць хапіла спартсменам у гэты дзень нагрузкі, тым не менш, падымалі малых на двух руках адначасова. Наколькі лёгка даваліся асілкам практыкаванні, вы можаце паглядзець на відэа ў нашых сацыяльных сетках. Хоць і вельмі відовішчны гэты від спорту, у ім няма і намёку на пастаноўку. Адзін з удзельнікаў, напрыклад, выбыў яшчэ на старце першага практыкавання. Зрабіўшы рывок, ён пашкодзіў звязкі, а праз хуткі час гледачы апладысментамі праводзілі яго да “хуткай дапамогі”.

Выступленні волатаў на ўшацкім фестывалі пакажуць у перадачы “Фактар сілы” на тэлеканале “Беларусь-5” (мы паведамім калі). Ну а забягаючы наперад можам сказаць, што ў хуткім часе з’явіцца рэспубліканская федэрацыя па сілавым экстрыме “Беларускія асілкі”, старшынёй якой будзе наш А.Лабань. Што гэта дае? Напрыклад, многія з тых, што прыехалі на фестываль ва Ушачы, – майстры спорту па пауэрліфтынгу, армрэстлінгу, іншых відах спорту. Цяпер хлопцы змогуць прысвойваць разрады канкрэтна па сілавым экстрыме, ды і часцей выступаць на публіцы, хаця і зараз робяць гэта кожны месяц. Дарэчы, спонсарам федэрацыі выступіў РУП “СГ –Транс”, узначальвае якое былы галоўны інжынер Ушацкага раёна газазабеспячэння Павел Гербулаў.

Паралельна на воднааднаўленчым цэнтры праходзіў ІІ этап Кубка Беларусі па вэйкбордзе, у якім прынялі ўдзел за 30 спартсменаў – больш, чым на першым у Лагойску. Геаграфія ўдзельнікаў – уся Беларусь – ад Брэста да Гомеля. Дарэчы, гэта быў юбілейны, дзясяты турнір на бразе Вечалля.. Наша каманда традыцыйна была зборнай – у яе складзе як ушачане, так і лепяльчане, якія і трэніруюцца тут. І Кірыл Дзямко заняў другое месца ў самай моцнай падгрупе open-men. Яна адкрытая, сюды запісваюцца ўжо вопытныя райдары. Мабыць і не асмеліўся б спаборнічаць з асамі наш Антон Латышаў, які па ўзросце адносіцца да юніёрскай групы. Але паколькі ў яе склад не набралася дастатковай колькасці спартсменаў, упершыню выступаў сярод дарослых. І заняў вельмі годнае чацвёртае месца. Вырас у прамым і пераносным сэнсе і Антон Шараеў, які сёлета заняў у сваёй дзіцячай падгрупе трэцяе месца. У класе аматараў упершыню выступаў Дзмітрый Журко.

Увечары на воднааднаўленчым цэнтры сабраліся ўжо ўсе гледачы і ўдзельнікі фестывалю, дзе спецыяльна асобна былі вылучаны відовішчныя паказальныя выступленні – скачкі з трампліну. Самыя моцныя спартсмены паказвалі свае трукі, і пераможцам стаў Эд Садоўнікаў з Мінска, у якога і І месца ў падгрупе open-men. Таксама пацвердзіў свой вынік, заняў другое месца, і Кірыл Дзямко. Атмасфера сярод райдараў – як заўсёды сяброў­ская. За столькі год пастаянныя ўдзельнікі адаптаваліся да ўмоў, ведаюць, дзе лепш паставіць палатку і чым заняць сябе. Тым больш што сёлета праграма – больш чым насычаная. Пакуль з 11 да 16 ішлі спаборніцтвы, толькі адзінкі паспявалі зазірнуць на іншыя пляцоўкі фестывалю. Затое потым далучыліся да катэгорыі адпачываючых. “Выдатнае спалучэнне, што кубак праходзіў у межах фестывалю. Больш узнёслая атмасфера свята. Мы і нават на паветраным шары падняліся, – расказаў арганізатар кубка Сяргей Фамін, – шкада толькі – не абышлося без траўм. Што зробіш, від спорту ў нас такі – экстрэмальны. Затое як вырас за дзесяць год узровень. Сёння дзеці далі б фору пераважнай большасці тых, хто выступаў у дарослай групе ў 2-13 годзе”.

Калі ўшачане ўжо добра ведаюць пра вейкбордзінг, то выступленні флайбардыстаў сталі цікавай навінкай для многіх. Гэтым экстрэмалам нават дождж не стаў перашкодай: пры дапамозе спецыяльнага абсталявання яны ўзнімаліся над воднай гладдзю Вечалля на 5 метраў і вышэй.

Фестываль даў магчымасць ушачанам і гасцям раёна не толькі паназіраць за экстрэмальнымі момантамі, а і самім атрымаць порцыю адрэналіну. Так, напрыклад, можна было з ветрыкам пракаціцца па Вечаллі на гідрацыкле. Нямногія асмеліліся ўслед за катэрам рассякаць хвалі на так званай ватрушцы. А вось паветраны шар, які ўвечары ўзняўся над пляжам, спачатку выклікаў насцярожанасць, а потым… ажыятаж! Жадаючых узляцець на 6 хвілін за 36 рублёў было шмат. Тыя, хто баяўся вышыні, не ўпусцілі момант сфатаграфавацца на фоне “экзотыкі” – у сацыяльных сетках ушачан на выхадных то і справа мільгалі арыгінальныя здымкі.

А вось дзеці з задавальненнем бавілі час на батутах, надзіманых горках, плавалі ў шары. З адпаведнымі атракцыёнамі на фестываль з задавальненнем прыехалі індывідуальныя прадпрымальнікі з іншых гарадоў. Многія прыватнікі, якія гандлююць салодкай ватай, поп-корнам, шаурмой і іншымі прысмакамі, таксама праявілі цікавасць да мерапрыемства і выставілі свае кропкі. Не пуставала і палатка нашага Ушацкага філіяла, толькі шашлыкоў прадалі 80 кілаграмаў.

Ну а яшчэ кожны ўдзельнік і глядач фестывалю меў магчымасць на памяць аб фестывалі набыць які-небудзь сувенір. Распрацаваны лагатып “ExtremeПрарыў” лёг на майкі, кепкі, кружкі, магніты, сцяжкі, брэлокі, паветраныя шарыкі, драўляныя зрэзы. Рэалізоўвалася ўсё гэта як напярэдадні мерапрыемства, так і ў дзень правядзення на пляжы. Варта сказаць, якую вялікую падрыхтоўчую работу правялі арганізатары і, у прыватнасці, сектар спорту і турызму. Апошнія месяцы прадстаўнікі спартыўнай галіны раёна працавалі ў напружаным рэжыме, паралельна са сваімі звычайнымі абавязкамі з галавой акунуліся ў падрыхтоўку мерапрыемства, каб усё прайшло без замінак.

Яшчэ адной фішкай фестывалю стала роставая фігура вавёркі са знакамітага мультфільма “Ледніковы перыяд”. Яна прыцягвала ўвагу сваім яркім аранжавым колерам і дружалюбнасцю, стала самым актыўным балельшчыкам.

Калі спартыўныя баталіі скончыліся, удзельнікі і балельшчыкі перамясціліся бліжэй да сцэны, дзе ладзіўся канцэрт гуртоў “Цень казак”, “Sun Road-21”, “Drum Ecstasy”. Феерычнасці дадало і лазернае шоу.

“Трэцяму фестывалю “ExtremeПрарыў” адназначна быць!” – такі пасыл гучаў са сцэны на закрыцці мерапрыемства і быў падтрыманы працяглымі апладысментамі. “Задаволены, што ўсё атрымалася, – каменціруе загадчык сектара спорта і турызму райвыканкама Сяргей Іванавіч Ціханёнак. – Па нашых падліках на працягу дня фестываль наведала больш 4 тысяч чалавек, у тым ліку з бліжэйшых раёнаў і Мінска. Многім спадабалася не толькі мерапрыемства, а і наша прыгожае Вечалле. Дзякуй кіраўніцтву раёна, прадпрыемствам за дапамогу ў арганізацыі. Ужо зараз пачынаем думаць пра наступны фестываль, запрашаць спартсменаў, у тым ліку і расійскіх. Ужо папярэдне выбрана дата – 1 ліпеня 2023-га. Не выключана, што “ExtremeПрарыў-2023” пройдзе ў двухдзённым фармаце, а значыць будзе яшчэ больш відовішчным і масавым”.

Вольга КАРАЛЕНКА, Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ, Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *