В Ушачах прошли соревнования по плаванию среди трудовых коллективов

Cпорт

Мы ўжо прызвычаіліся да таго, што ў спарткомплексе “Юнацтва-Ушачы” пастаянна праходзяць рознага кшталту турніры, спартакіяды, таварыскія сустрэчы. Але ж спаборніцтвы, што адбыліся тут у суботу, былі асаблівымі – упершыню ўшачане вызначалі тых, хто шпарчэй за ўсіх імчыць па водных дарожках. Зрэшты, заплывы ў басейне праводзіліся і раней – падчас галіновых спаборніцтваў і ў рамках раённай спартакіяды працоўных калектываў – і ўжо тады было відавочна, што гэты да нядаўняга часу нязвыклы для нас від спорту вельмі відовішчны, а сярод ушачан нямала тых, хто здольны паказаць дастойны вынік.

Адразу варта сказаць, што першае свята плавання хоць і не стала надзвычай масавым (каманды з трох чалавек выставілі шэсць арганізацый), але атрымалася яркім і захапляльным. Праграма складалася з асабістых заплываў на 50 метраў адвольным стылем і эстафеты 3 па 25. У некаторых камандах знайшліся нават плыўцы-прафесіяналы – яны і сталі фаварытамі першынства. Дастойна трымаліся і тыя, хто плавае на аматарскім узроўні, – галоўнае, што да фінішу дабраліся ўсе!

“Наконт таго, каб прыняць удзел у гэтых спаборніцтвах, нават не вагаліся: такому буйному прадпрыемству, як наша, проста сорамна не выставіць каманду – падобнага меркавання прытрымліваецца і адміністрацыя, і работнікі”, – расказвае інжынер па ахове працы лясгаса Вераніка Пацэйка. І хоць не трапілі ў прызавую тройку эканаміст Ульяна Шараева, паляўніцтвазнаўца Андрэй Скарабагаты і малады лесаруб Рыгор Жаваранак, але вельмі стараліся і прадэманстравалі максімальны вынік, на які былі здольны.

Пастаянна адстойваюць гонар УП ЖКГ на галіновай спартакіядзе інжынер па ахове працы Валерый Секан і кантралёр Марыя Дробыш. Дапоўніў жа каманду вадзіцель Юрый Ляўшоў і зрабіў гэта ўдала – а як жа інакш, калі падтрымаць яго прыйшла ўся сям’я: жонка Ірына, дачка Ліза і самы маленькі глядач спаборніцтваў – шасцімесячны Цімафей! Ляўшовы пабудавалі дом зусім побач з комплексам і, канечне, збіраюцца спаўна выкарыстоўваць гэтую выгоду, пастаянна наведваючы наш “храм здароўя”.

Як аказалася, вельмі ўпэўнена адчуваюць сябе на вадзе ўшацкія медыкі. Трэцяе агульнакаманднае месца яны падмацавалі бронзавым вынікам Таццяны Ключанок і перамогай урача Дзяніса Праніка ў асабістым заліку.

Як заўсёды справай гонару лічаць годныя выступленні на раённых спаборніцтвах ушацкія выратавальнікі. У гэты раз “дэфіцыт” жаночага полу ў арганізацыі яны запоў­нілі, запрасіўшы ў каманду прадстаўніцу санаторыя “Лясныя азёры” Марыю Крывапушчанку. “Насамрэч, я маю трэнерскую адукацыю і першы разрад па гэтым відзе спорту, – прызналася нам уладальніца “срэбра” ў агульным заліку. – Але ж здолела б праплыць і шпарчэй, каб патрэніравалася тыдзень-другі!” А вось прадстаўляць МНС на дарожках басейна магла б добрая палова супрацоўнікаў, выйшлі ж на старт начальнік райаддзела Сяргей Аваднёў і яго намеснік Віталь Ганін – канечне, не “валявым рашэннем”, а выключна па спартыўным прынцыпе – з-за лепшага выніку сярод калег. Што і пацвердзілі ў час заплываў: кіраўнік аддзела далучыў да каманднага і асабістае срэбра. Прыняўшы віншаванні, выратавальнікі са спартыўнага аб’екта паспяшаліся на будаўнічы – класці асфальт ля свайго новага будынка, да ўрачыстага адкрыцця якога засталіся лічаныя дні. І хочацца паставіць іх у прыклад іншым арганізацыям, якія не знайшлі часу ці жадання выставіць каманды на гэтыя дэбютныя спаборніцтвы.

Ну а іх трыумфатарам стала каманда аддзела па адукацыі райвыканкама. Акрамя агульнай перамогі, скарбонку настаўнікаў папоўніла “золата” Вольгі Жыткай і “бронза” Паўла Паршонка. “Вельмі рада за калег, ледзь не сарвала голас, калі іх падтрымлівала!” – не хавала эмоцый старшыня раённай арганізацыі Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Лідзія Шкаруба. А вось Вольга Анатольеўна адзначыла, што спаборнічаць было цікава і складана, бо побач плылі моцныя канкурэнты – і гэта выдатна, бо пры жаданні раён зможа сабраць і выставіць дастойную каманду на абласное першынство. Ну а раённае завяршылася ўрачыстым узнагароджаннем пераможцаў і прызёраў, якія атрымалі дыпломы і падарункі – сродкі на гэта вылучыла аб’яднанне прафсаюзаў.

Прынамсі, сярод уладальнікаў трафеяў магла б быць і каманда ДЮСШ, якая таксама была прадстаўлена на водных дарожках, але ў размеркаванні месцаў у гэты раз вырашыла не ўдзельнічаць. І гэта, канечне, справядліва, бо яе касцяк складаў дуэт прафесіяналаў – майстра спорту па плаванні Уладзіслава Бабкіна і кандыдата ў майстры спорту Вікторыі Лукашэвіч. Маладыя спецыялісты, выпускнікі Наваполацкай СДЮШАР, з пачатку верасня будуць трэніраваць на спарткомплексе дзяцей: як мы ўжо паведамлялі, ва Ушацкай ДЮСШ створана аддзяленне плавання.

“Жадаючых займацца аказалася вельмі шмат, бацькі дзетак ад 6 да 11 гадоў падалі 96 заяў, – расказваюць Улад і Вікторыя. – Будуць сфарміраваны восем груп, магчыма, адкрыем і платныя, каб вучыцца плаваць змаглі ўсе жадаючыя!” Маладыя спецыялісты прыехалі ва Ушачы з вялікім жаданнем працаваць і добрым багажом ведаў: абое завочна атрымліваюць вышэйшую адукацыю на спартыўна-педагагічным факультэце ВДУ імя Машэрава. Падмацавала іх выдатны настрой камфортнае арэнднае жыллё, а пра такія ўмовы працы, як на нашым комплексе, па іх словах, можна толькі марыць. Такім чынам, мы перагортваем новую старонку ў спартыўнай гісторыі раёна: на старт выходзіць плаванне!

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *