В Ушачах прошли районные соревнования по волейболу, посвящённые Дню матери

Cпорт

Цяперашнія і будучыя мамы і нават бабулі дэманстравалі ў суботу свой спрыт у спартыўнай зале Ушацкай школы – лепшых валейбалістак раёна сабраў традыцыйны турнір, прысвечаны Дню маці.

І ўжо падчас яго адкрыцця можна было канстатаваць прыемны факт: апроч мінулагодніх удзельніц: фаварытаў – зборнай каманды раёна “Вікторыя”, спартсменак з Ільюшынскай і Ушацкай школ сваю форму вырашылі праверыць валейбалісткі з райспажыўтаварыства. Напэўна, паўплывала на гэта добрае выступленне на нядаўняй абласной галіновай спартакіядзе. Не спыніла дзяўчат нават немагчымасць разлічваць на свайго бясспрэчнага лідара Таццяну Хрыпель, якая з’яўляецца капітанам “Вікторыі”. І хоць валейбалісткі не здолелі здабыць на турніры ніводнай перамогі, але змагаліся за кожны мяч і выглядалі дастойна. Таму менавіта з пахвальных слоў у адрас гэтай каманды пачаў узнагароджанне Д.П.Дрозд – старшыня ФСК “Ураджай”, які выступаў сёлета арганізатарам турніру. Забягаючы наперад, скажу, што ў плане першага месца на ім сенсацыі не адбылося: яго атрымала “Вікторыя”, выйграўшая ўсе сустрэчы.

Ну а галоўнай інтрыгай спаборніцтваў аказалася супрацьстаянне каманд Ушацкай і Ільюшынскай школ. Вучаніц з райцэнтра ўмацавалі прыехаўшыя ім на падмогу нядаўнія выпускніцы Віка Глінская і Маша Раманоўская, а таксама настаўнік фізкультуры Любоў Завадская. Ільюшынскі ж калектыў быў на турніры самым маладым, але дзесяцікласніца Паліна Коўшаль і вучаніцы 9­-га класа Элеанора Карабань, Аліса Краснова, Даша Маркевіч, Насця Дайлідзёнак і Крысціна Гваздзёва выглядалі на пляцоўцы не па гадах упэўнена. Дзяўчаты нават былі блізкія да таго, каб узяць партыю ў сустрэчы з грознай “Вікторыяй”, аднак крыху не хапіла вязення. Сустрэча паміж школьнымі камандамі за другое месца стала самай відовішчнай і прынцыповай. На леташнім падобным турніры ўшачанкі перайгралі сваіх апанентак з аграгарадка, і тыя, канечне, жадалі рэваншу. Заканамерным вынікам упартай барацьбы стаў роўны лік пасля дзвюх згуляных партый, а на тэхнічны перапынак у сярэдзіне трэцяй ушачанкі пайшлі, выйграючы ўсяго два ачкі. Тут хочацца адзначыць, што на працягу ўсіх гульняў дзяўчат вельмі моцна падтрымлівалі іх трэнеры і галоўныя балельшчыкі: здавалася, вось­вось сам выскачыць на пляцоўку дырэктар Ушацкай школы Віталь Іосіфавіч Клімашэўскі, не менш эмацыянальна кіраваў сваімі падапечнымі і настаўнік фізкультуры з Ільюшынскай СШ Віктар Іванавіч Акулёнак. А як магла застацца ў баку Антаніна Аркадзьеўна Крывапушчанка, калі менавіта пад яе кіраўніцтвам гэтыя школьніцы рабілі першыя крокі ў валейболе. Напэўна, такая падтрымка дапамагла ільюшынскім дзяўчатам злавіць кураж у канцоўцы вырашальнай партыі і схіліць фартуну ў свой бок. “Мы вельмі шмат трэніруемся: на ўроках – пад кіраўніцтвам Віктара Іванавіча, а вечарамі тры разы на тыдні ходзім на заняткі секцыі, якія праводзіць інструктар ФСК “Ураджай” Раман Мікалаевіч Фядосенка, – расказала пасля матчу капітан ільюшынскай каманды К.Гваздзёва. – Увогуле валейбол у жыхароў нашага аграгарадка з’яўляецца любімым захапленнем: на секцыю ходзяць не толькі школьнікі, але і працаўнікі “Ільюшынскага”, бывае, што падчас трэніровак дзелімся аж на чатыры каманды!” Мне ж спадабаўся дружны адказ дзяўчат на пытанне, каму яны хочуць прысвяціць сваё ўдалае выступленне: “Антаніне Аркадзьеўне! Ну і мамам, канечне! А яшчэ Віктару Іванавічу!”

Дарэчы, турнір гэты ў пэўным плане стаў бенефісам прыгаданай вышэй жанчыны, усёй душой адданай спорту. Менавіта ў адрас А.А.Крывапушчанкі падчас узнагароджання гучалі самыя моцныя апладысменты, а акрамя дыплома і падарунка, якія яна разам з “Вікторыяй” атрымала за перамогу ў турніры, Антаніне Аркадзьеўне дастаўся і шыкоўны букет, якім сяброўкі па камандзе павіншавалі яе з днём нараджэння. “Як добра, што ёсць такія людзі, якія сваім прыкладам паказваюць, што займацца спортам можна і трэба ў любым узросце! – адзначыла, уручаючы кветкі, валейбалістка “Вікторыі” Галіна Ігнатовіч. – Выходзячы на пляцоўку, мы забываемся пра свае праблемы і нават хваробы, бо любімая гульня адцягвае ўсё дрэннае, зараджае бадзёрасцю і аптымізмам”.

Наталля БАГДАНОВІЧ.

На здымках: В.Карэйша,Т.Хрыпель, Г.Ігнатовіч, А.Крывапушчанка, А.Ермаковіч, В.Камінская; каманда Ільюшынскай школы.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *