Школьники Ушаччины приняли участие в легкоатлетической эстафете «Ушачи-мемориальный комплекс «Прорыв»

Cпорт Наши дети

У чацвер днём вуліцы Ленінскай Ушач на некаторы час быў перакрыты рух аўтатранспарту, а на плошчы сабраліся самыя актыўныя і спартыўныя прадстаўнікі ўстаноў адукацыі раёна. Традыцыйная маладзёжная лёгкаатлетычная эстафета “Ушачы – мемарыяльны комплекс “Прарыў”, што праводзілася ў гэты дзень, была прысвечана 73-й гадавіне прарыву блакады і 72-й гадавіне Вялікай Перамогі.

Адкрыццё мерапрыемства адбылося ля Ушацкай сярэдняй школы, якую ў лёгкаатлетычнай эстафеце сёлета прадстаўлялі адразу дзве каманды па 10 чалавек. Пазмагацца за лідарства, ды і проста далучыцца да знакавай падзеі прыехала зборная каманда альма-матэр з Арэхаўна і Ільюшына, а вучні Плінскай далучыліся да прабегу не ў рамках спаборніцтва.

Апошнія прыгатаванні – і школьнікі ўжо на эстафетным маршруце. Праз кожны кіламетр яны перадавалі эстафетныя палачкі сваім таварышам па камандзе – і так аж да самага “Прарыву”. Найбольш хуткімі ў гэты дзень – з вынікам у 33 хвіліны і 33 секунды – аказалася каманда №1 Ушацкай школы, на другім месцы зборная сельскіх школ, на трэцім – зноў ушачане.

Урачысты мітынг на мемарыяльным комплексе адкрыла намеснік старшыні райвыканкама Наталля Мікалаеўна Марковіч. Яна нагадала школьнікам аб крывавых падзеях 1944-га, якія разгортваліся на гэтым свяшчэнным месцы. Са зваротам выступіў старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Уладзімір Уладзіміравіч Шкіндзер, які заклікаў моладзь свята захоўваць памяць продкаў, быць удзячнымі ім за мірнае неба над галавой.

А потым адбыўся ўрачысты прыём юнакоў і дзяўчат у рады БРСМ. Членскія білеты і значкі ім уручылі У.У.Шкіндзер і выконваючы абавязкі першага сакратара райкама БРСМ Рыта Уладзіміраўна Півульская. Адметным гэты дзень стаў і для сёлетняга выпускніка Ушацкай школы Мікіты Лёлі – як актывіст грамадскага аб’яднання ён атрымаў рэкамендацыйны ліст для паступлення ў Акадэмію Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь.

Шчаслівыя і крыху задуменныя, юнакі і дзяўчаты не спяшаліся разыходзіцца з “Прарыву” – усклалі вянок і кветкі да пліт, фатаграфаваліся на памяць ля Вечнага агню і скульптуры партызана. Было бачна, што кожны з іх па-свойму ўспрымае і перажывае складаныя старонкі нашай гісторыі і адчувае гордасць за сваіх продкаў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *