Как строились Ушачи. Воспоминания Лилии Муравской, ветерана труда ПМК-66

Общество

Сёння Лілія Міхайлаўна Мураўская святкуе свой 70-ы дзень нараджэння. Урачыстасць супала з Днём будаўніка і яшчэ адным юбілеем. 50 год таму яна прыйшла працаваць ва Ушацкую ПМК-66, у якой 35 гадоў узначальвала брыгаду маляроў. Агульны стаж у галіне – яшчэ большы, а прывяла яе ў цяжкую фізічна і брудную ў прамым сэнсе слова прафесію, як ні дзіўна, рамантыка.

З тынкоўкай і вапнай – з-за белых начэй

“Гэта пасля восьмага класа я меркавала паступаць па прызванні ў “культурнае вучылішча” – спяваю з дзяцінства, а пасля дзясятага мроіла белымі начамі і было ўсё роўна, дзе вучыцца – толькі б у Ленінградзе, куды мы і рушылі з дзвюма сяброўкамі. “Паглядзіце, якая вас работа чакае”, – паказвала маці адной з іх у вучылішчы, у якім якраз вёўся рамонт і дзяўчаты тынкавалі сцены. Ды і ў прыёмнай камісіі здзівіліся, чаму з такімі атэстатамі да іх. Мы ж хацелі затрымацца ў горадзе белых начэй, дзе будаўнікам даволі хутка выдзялялі жыллё”, – прыгадвае ветэран працы. Таму атрымаўшы прафесію маляра, у 5 гадзін накіроўвалася на аб’ект, з трыма перасадкамі дабіралася да месца, дзе забіраў ведамасны аўтобус. Яе сяброўкі засталіся, ну а Ліля не ўгаварыла на вялікі горад будучага мужа і вярнулася на Радзіму.

Калектыў ПМК-66 узводзіў не толькі жылыя дамы ў гарпасёлку, але і адміністрацыйныя будынкі. У 2012 годзе насупраць “Беларусбанка” і пракуратуры пачалося будаўніцтва памяшкання суда.

Паклалі гектары пліткі

У ПМК-66 у сярэдзіне сямідзясятых працавала 320 чалавек: тры брыгады муляраў, 2 – сталяроў, па адной – тынкоўшчыкаў і маляроў. Прымалі і без адукацыі, ну а спецыялістаў – з рукамі! Толькі Лілія Міхайлаўна і трапіўшая некалькімі днямі раней па размеркаванні Раіса Пятроўна Касцюковіч умелі правільна тынкаваць, чаму і вучылі іншых. Таму калі Ніна Кірылаўна Бандарэнка пакінула брыгаду, яе кіраўніцтва даручылі 20-гадовай Ліліі, якая, нягледзячы на ўзрост, заўсёды была прынцыповай і сачыла не толькі за якасцю, тэрмінамі, але і за інтарэсамі падначаленых.

“У нас усё трымалася на празрыстасці. Тлумачу, што затрымаемся на некалькі тыдняў па вечарах – здадзім раней, прэмію добрую атрымаем, назаву прыкладную суму па табелі. І адстойвала, калі яна не супадала. Але ж і брак перарабляць прымушала, і каэфіцыент працоўнага ўдзелу заніжала, калі нехта “філоніў”.

Яго вызначалі саветам брыгады, так што крыўдзіцца можна было толькі на сябе. Хаця такое здаралася рэдка, ну а на Раю Касцюковіч, маю напарніцу Ніну Емяльянаву, Марыну Арцем’еву, Галю Цыбанёву я спадзявалася, як на сябе. За якасць заўсёды строга пыталіся, і пры прыёмцы, і інжынеры ПМК-66 – Людміла Лосева, напрыклад, з нівелірам роўнасць пліткі правярала, – прыгадвае юбілярша і смяецца, што яе аб’ём з квадратаў даўно перайшоў у гектары: яе клалі на фермах і лесвічных пралётах, ванных, кухнях і ў адміністрацыйных будынках.

Адпачывалі “на шпалерах”

Разрады плітачніка і тынкоўшчыка Л.Мураўская, як і многія іншыя, атрымлівала пазней. “Лукіч чаму хочаш навучыць”, – смяецца, прыгадваючы кіраўніка А.Л.Фамёнка, які выклікаў ва Ушачы спецыялістаў-настаўнікаў з “Полацксельбуда”. У сямідзясятых жа патрабаваліся іншыя веды: напрыклад, у якіх прапорцыях змяшаць пакост, мыла, крэйду, клей, каб зварыць шпаклёўку. Гатовых сумесяў не было, бялілі – выключна вапнай, на сцены клалі масляную фарбу, а на кожным аб’екце гарэлі вогнішчы-кухні, і шмат часу ішло на падрыхтоўку. Самая складаная работа – тынкоўка столі – рукі ўвесь час у гару, таму паклейку шпалер на гэтым фоне маляры называюць адпачынкам.

Акрылавыя фарбы, шырокія шпатэлі, міксеры, пліткарэзы – усё гэта з’явілася пазней і значна палегчыла працу, аднак не ліквідавала пад’ёмаў на вышцы, тыднёвых камандзіровак у іншыя гарады, пастаяннага “прыстройвання дзяцей”. “Ніхто не пытаўся, ёсць у цябе малыя ці не. У 7.15, а то і раней мы выязджалі на аб’екты, а сад адчыняўся ў палове восьмай. І гэта, калі адкрылі наша “Сонейка”, што стала сапраўдным шчасцем, паколькі да гэтага вазіла сына ў Сарочына – бліжэй не аказалася месцаў, а потым “даганяла” на перакладных сваю брыгаду. Знікалі адны, з’яўляліся іншыя складанасці. Быў час, калі затрымлівалі зарплату, і муж, які таксама працаваў у ПМК-66 экскаватаршчыкам, вымушаны быў шукаць іншае месца”, – успамінае Лілія Міхайлаўна. Пасля вельмі складанага палому нагі яна думала, што ўжо не зможа падняцца на лясы ці ў люльку, аднак “распрацавала”, а вышыні ніколі не баялася. Так, яна падумвала пра пераход на больш лёгкую работу, шкадавала, што не закончыла ленінградскі будаўнічы тэхнікум, на вячэрнюю форму якога паступіла пасля вучылішча.

  • Дзень будаўніка сваім прафесійным святам лічыць вельмі вялікая кольксць нашых землякоў. Няхай ва ўсіх іх будзе лёгка на сэрцы, надзейна ў сем’ях і цяжкавата ў кашальках. Міру і дабрабыту вам, паважаныя будаўнікі!
Л.Мураўская прыгадала, што толькі лічаныя шматпавярхоўкі не ўзводзіла ПМК-66, напрыклад, дамы па Садовай і №6 па Віцебскай, хаця ў якасці субпадрадчыка, напрыклад, на адзелачных работах усё роўна прымалі ўдзел. А на тым месцы, дзе фатаграфавалі сёлета Лілію Міхайлаўну, увогуле быў пустыр. У 2004 годзе распачыналася будоўля першага дома па Віцебскай на няцотным баку – №3. За 20 гадоў вырас самы вялікі ў гарпасёлку мікрараён. І самы прыгожы.

Прыемна прайсціся па вуліцах

Безумоўна, было б лягчэй. Хаця, напэўна, жорсткі рытм і зрабіў яе лёгкай на пад’ём. Хворыя суставы рук – аднак яна засаджвае градкі не толькі агароднінай, але і гладыёлусамі і іншымі кветкамі. Баляць ногі – а яна ідзе на аўтобус, каб з дачы прыехаць на рэпетыцыі хору “Ветэран”. Выступала на канцэртах у Рагозінскім клубе, яшчэ калі вучылася ў Весніцкай васьмігодцы. Пятнаццаць год саліравала ў хоры ПМК-66, які пад кіраўніцтвам Любові Пятроўны і Леаніда Аляксандравіча Власенкаў атрымаў званне народнага. Увогуле сваім лёсам Лілія Міхайлаўна задаволена. Пракладкай газапровадаў у Маскве займаецца сын Генадзь, дачка Таццяна – педагог, на лета да Мураўскіх прыязджаюць унукі. А галоўнае – яна заўсёды усміхаецца, калі праязджае па раёне ці гуляе па гарпасёлку… Прыгадвае планіроўку кожнага дома і шчырыя словы ўдзячнасці іх жыхароў. У пачатку ж 70-х ва Ушачах было некалькі мураваных будынкаў. І як прыемна ўяўляць, што гэта справа іх рук – ушацкіх будаўнікоў.

Вольга Караленка.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *