Надзвычай адказная зараз пара ва ўстановах адукацыі Ушаччыны. Трэба “даць справаздачу” аб падрыхтоўцы да новага навучальнага, гатоўнасці сустрэць 1 верасня навучэнцаў.
На бягучым тыдні спецыяльная камісія, у складзе якой – прадстаўнікі самых розных службаў, адправілася па дзіцячых садках Ушаччыны і сельскіх школах. Правяралася літаральна ўсё: якасць рамонту, на які з раённага бюджэту сёлета выдзелена 355 тысяч рублёў, захаванне правілаў бяспекі, устаноўка новага тэхналагічнага абсталявання, мэблі, парадак на прышкольных тэрыторыях… Што прыемна, усюды абышлося без сур’ёзных заўваг. Па дробных жа недахопах адказным асобам дадзены карысныя падказкі – дарэчы, многае ўжо выпраўлена.
– На наступным тыдні завітаем яшчэ ва Ушацкую СШ, дзе падрадная арганізацыя завяршае рамонт фае на першым паверсе, – кажа начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Людміла Васільеўна Давыдава. – Пачаць такія работы раней не было магчымасці: да сярэдзіны ліпеня ў школе працаваў дзіцячы лагер.
Да прыёмкі ўстаноў адукацыі з атрыманнем пашпартоў гатоўнасці застаецца адзін тыдзень.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.

