“Мая сядзіба – на ўзгорку, напэўна, таму і звяртае на сябе ўвагу. А так у мяне нічога звышнатуральнага – усё, як ва ўсіх”, – кажа Тамара Ягораўна Дунік. Але ж завітаўшы да яе на вуліцу Дуброўскага, мы пераканаліся: жанчына дакладна скромнічае – перамогу на раённым аглядзе-конкурсе па добраўпарадкаванні ў намінацыі “Лепшы ветэранскі падворак” яна дакладна заслужыла!
Акуратны цагляны дом, дагледжаны двор, апрануты ў свежыя блакітныя колеры, і мноства кветак… Цяжка паверыць, што тут сорак з невялікім гадоў таму было вялікае саўгаснае поле. Дунікі сталі своеасаблівымі першапраходцамі – ад прамкамбіната, дзе вадзіцелем працаваў галава сямейства, і пабудавалі першы на гэтай вуліцы дом.
Дагэтуль жылі ў Судзілавічах, на радзіме Тамары Ягораўны. Паколькі абое працавалі ў райцэнтры (яна – спачатку ў КБА, а пазней бухгалтарам у аддзеле па адукацыі райвыканкама), пакідалі дзяцей блізкім, а самі ішлі на аўтобус да Ідуты… З’яўленне ж уласнага куточка, ды ў такіх прыгожых мясцінах Ушач, стала для ўсіх вялікай радасцю.
– Жылі як на хутары: ні суседзяў, ні дарогі – на работу хадзілі праз суседнюю Е.Лось, – прыгадвае Т.Я.Дунік. – Наваселле справілі ў жніўні 1985-га, паколькі старэйшага сына трэба было ў школу аддаваць. Тое-сёе было яшчэ не гатова, аднак варыянтаў у нас не заставалася.
Ну а праз год, калі ад ПМК-50 тут пачалі актыўна будавацца новыя дамы, у тым ліку адразу на тры сям’і, наладжваць быт стала цікавей і весялей. Хоць і маленькія ўчасткі – у сярэднім па сем сотак, работы хапала. Разам з мужам даводзілі да толку дом, узводзілі гаспадарчыя пабудовы. У свой час трымалі вялікую падсобную гаспадарку, бралі пад агароды дадатковыя зямельныя плошчы.
Цяпер жа, прызнаецца жанчына, калі не стала мужа, а сыны выраслі, хапае і наяўнага ля дому. Тут і любімая ўсімі бульба, і больш экзатычны вінаград, а ў цяплічцы – не толькі агуркі з памідорамі, але і… ружы.
– Кветкі любіла заўсёды, аднак актыўна занялася іх вырошчваннем толькі пасля выхаду на заслужаны адпачынак, – кажа жанчына. – Штосьці выпісвала па пошце ці купляла на рынку, прасіла ў знаёмых, а потым і сама чаранкаваць навучылася. Вось і туі такім чынам размножыла – ад тых, што ўздоўж вуліцы, без праблем атрымала “дзетак” для двара. У цяпліцы ж маленькія раслінкі спецыяльна на два гады пакідаю – каб сіл набраліся, а потым багатай квеценю парадавалі.
Гартэнзіі, хрызантэмы, флоксы, каллы, гладыёлусы, аксаміткі, ну і, канечне, ружы, якіх у Т.Я.Дунік пад тры дзясяткі – куставых і пляцістых… Такая жывая прыгажосць тут не толькі на клумбах у двары, але і на прылеглай грамадскай тэрыторыі, якую жанчына гэтак жа акультурвае.
– Камяні збірала па ўсім наваколлі, – усміхаецца Тамара Ягораўна. – Многія “пайшлі ў ход”, калі з сынамі мянялі старую драўляную агароджу на новую металапрофільную. Ну а самыя прыгожыя выклала ўздоўж дарожак у двары, па перыметры палісада, ну і, канечне, у любімы блакітны колер пафарбавала. У бліжэйшы час хацелася б яшчэ дах на доме замяніць – напэўна, не трэба тлумачыць, якім ён будзе…
З абкосам тэрыторыі, будаўнічымі і іншымі мужчынскімі справамі Т.Я.Дунік дапамагаюць сыны. Нядаўна, напрыклад, лазню перарабілі.
Рух – гэта жыццё, упэўнена наша субяседніца. Якое б ні было надвор’е, яна абавязкова выходзіць па вечарах на прагулкі – адна ці з сяброўкамі. Пастаянна дбае пра ўдасканаленне сядзібы, прадумвае новую рассадку кветак.
– Планаў яшчэ шмат, – кажа жанчына. – Да наступнага сезона, напрыклад, ужо ліліі на маркетплэйсе заказала. А перад уваходам у дом крыху месца вызвалю – для квітнеючай прыгажосці, якая натхняе і радуе.
Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.


