В Ушачах завершился открытый турнир по мини-футболу, посвященный Году исторической памяти

Cпорт

На працягу цэлага месяца па суботах і нядзелях на нашым спарткомплексе ўладарыла гульня №1. Дакладней, яе папулярная разнавіднасць: аматарская каманда “Партызан” сабрала ў сваіх радах лепшых ігракоў Ушаччыны і запрасіла клубы з бліжэйшых гарадоў на Адкрыты турнір па міні-футболе, які сёлета быў прысвечаны Году гістарычнай памяці.

У атацы – Ю.Уладзіёнак.

Кампанія, трэба сказаць, падабралася дастойная. Каманды “Глыбокае” і полацкі “Паўночны партнёр” – пастаянныя ўдзельнікі абласных турніраў, за медалямі ехаў ва Ушачы амбіцыйны глыбоцкі “InterLux”, вырашылі паспрабаваць свае сілы і палачане з дружыны “Рубін”. Удзельнікі правялі паміж сабой па два паядынкі. Старт у нашых землякоў атрымаўся няпростым: пасля першага круга яны мелі толькі 3 ачкі за перамогу над “Рубінам”, але ў другой палове наладзілі гульню і здабылі паўторную вікторыю над палачанамі, перамаглі “InterLux” і згулялі ўнічыю з грозным “Паўночным партнёрам”. Паклаўшы ў сваю скарбонку 10 ачкоў, ушачане чакалі вынікаў апошняга гульнявога дня, ад якіх і залежала размеркаванне месцаў. Фінальныя баталіі аказаліся гарачымі: не абышлося без галоў на апошніх хвілінах, “чырвоных” картак, спрэчных судзейскіх вердыктаў і нават лёгкіх патасовак – але менавіта за гарачыя эмоцыі мы любім футбол! У выніку “Глыбокае” і “Паўночны партнёр” набралі па 19 ачкоў, а “золата” дасталася першаму з-за лепшай розніцы забітых і прапушчаных мячоў у паядынках паміж сабой. Дадатковыя паказчыкі пайшлі ў ход і пры вызначэнні бронзавага прызёра: у “Партызана” і “InterLux” супалі не толькі набраныя ачкі, а і лік асабістых сустрэч (3:1 і 1:3), таму нашы землякі ўзышлі на трэцюю прыступку дзякуючы лепшай агульнай розніцы мячоў (+5 супраць –5). Найбольшы ўнёсак у прызавы вынік зрабілі капітан Леанід Карабань, вопытныя Юрый Уладзіёнак, Уладзімір Ларчанка, Раман Фядосенка, Сяргей Кіслы, Уладзімір Хамёнак, больш маладая пляяда ігракоў – Андрэй Бутоўскі, Андрэй Клямяценка, Аляксандр Грысюк, Міхаіл Ярмош, Артур Гугін, умацаваў дружыну і з задавальненнем далучыўся да вячэрніх трэніровак на комплексе дырэктар раёна газазабеспячэння Леанід Рудак. Увогуле, любімая гульня аб’яднала прадстаўнікоў розных прафесій: лесаводаў, настаўнікаў, выратавальнікаў, прадпрымальнікаў. “Кожны імкнуўся выкарыстоўваць свае лепшыя бакі: маладзейшыя больш шпарка рухаліся, ветэраны бралі добрым бачаннем поля, дакладным пасам і ўдарам”, – каменціруе Р.Фядосенка. Зрэшты, нельга не адзначыць і самага юнага ўшацкага футбаліста Стаса Кандрацкага: калі ў каманды “InterLux” нечакана ўзніклі праблемы з галкіперам, дзевяцікласнік прыйшоў на дапамогу суседзям і згуляў вельмі дастойна.

Падкат ад А.Гугіна.

“За гэты месяц так прывыклі прыязджаць ва Ушачы – шкада, што турнір завяршыўся!” – казалі пасля ўрачыстага ўзнагароджання глыбоцкія ігракі. А яшчэ пыталіся пра магчымасць арандаваць залу (па іх меркаваннях, лепшую ў вобласці) для трэніровак, як гэта ўжо робяць палачане і навапалачане. І, канечне, усе дзякавалі арганізатарам і выказвалі жаданне хутчэй сабрацца ва Ушачах на чарговы турнір.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *