По волнам. В Ушачах прошёл первый этап Кубка Беларуси по вейкбордингу

Cпорт

10 ліпеня на возеры Вечалле адбылася стыльная, відовішчная падзея – першы этап Кубка Беларусі па вейкбордзiнгу. Экстрэмальны від спорту, у якім няма мяжы майстэрству, сабраў удзельнікаў з розных гарадоў Беларусі: Брэста, Лепеля, Віцебска, Беразіно, Мінска, Гомеля, Заслаўя і, вядома ж, Ушач. Нашу каманду прадстаўлялі: Антон Шараеў у катэгорыі «Boys», Антон Латышаў у «Junior Men» і Кірыл Дзямко ў «Open Men». Нягледзячы на вельмі сонечнае і гарачае надвор’е, было многа гледачоў, якія прыйшлі як проста паглядзець на трукі спартсменаў, так і пахварэць за іх.

Як адзначыў пры адкрыцці спаборніцтваў заснавальнік водна-аднаўленчага цэнтра і клуба вейкбордзінгу ва Ушачах Сяргей Васільевіч Фамін: «Турнір ва Ушачах, па статыстыцы, адзін з самых масавых. Да таго ж мы перайшлі ад колькасці да якасці. Сёння ў спаборніцтвы не была ўключана такая група, як «Ветэраны», затое ў іншых стабільна ўдзельнічаюць як мужчыны, так і дзяўчаты. Думаю, колькасць прыхільнікаў вейкбордзінгу будзе расці з году ў год. Пажадаць жа хачу нічога не баяцца, варта толькі пачаць!”

А храбрацы былі нават сярод дзяцей. Узрост самага маленькага ўдзельніка сярод хлопчыкаў – дзевяць гадоў, сярод дзяўчынак – дзесяць. Нягледзячы на свой юны ўзрост, сапернікам давялося з імі нялёгка. Наогул, кожная каманда выступіла годна. Вядома, былі і фальстарт, і непрадбачаныя падзенні, аднак з падтрымкай гледачоў усім атрымоўвалася паказаць сябе з лепшага боку. У перапынках паміж выступленнямі праводзіліся конкурсы з гледачамі, і кожны актыўнічаў, каб атрымаць напэўна самы запатрабаваны гэтым суботнім днём прыз – прахаладжальны напой. Дарэчы, непасрэдна на цэнтры прапаноўваўся вялікі выбар напояў, марожанага і іншых пачастункаў. Увесь дзень гучала лёгкая музыка.

І вось настаў час уручэння ўзнагарод. Антон Шараеў і Антон Латышаў сталі пераможцамі ў сваіх катэгорыях і атрымалі не толькі медалі, але і падарункавыя сертыфікаты. У самых масавых катэгорыях «Open Men» і «Open Ladies», у якіх змагаюцца прафесіяналы, першае месца атрымалі мінчаніне Ігнат Сяданаў і Лера Кміт.

С.В.Фамін уручаў і асаблівыя падарункі – каністры для экстрэмалаў, у якіх не прамокнуць і не разаб’юцца такія неабходныя рэчы, як запалкі, ліхтары і многае іншае. Не першы год іх, а таксама медалі для спаборніцтваў прадстаўляе адзін са спонсараў – цэнтр СПІЛТ – кампанія плазменных і лазерных тэхналогій, якую ўзначальвае не чужы для Ушач чалавек – зяць першага трэнера па водных лыжах Ігара Лешчанкі Аляксандр Лабкоўскі.

Усе госці і ўдзельнікі развітваліся ў прыўзнятым настроі і, канечне, рабілі агульны здымак на памяць.

Дар’я ДАБРЫНЕЎСКАЯ, студэнтка Полацкага дзяржуніверсітэта.

  • Каментарый гледачоў Жукоўскіх з Мінска: ”Прыязджаем сям’ёй сюды ўжо другі раз, бо вельмі цікава, і каб пахварэць за сына. Сямён упершыню ўдзельнічае ў такіх спаборніцтвах і, дарэчы, заняў другое месца. Ва Ушачах жа часта, тут жыве мама. І, дарэчы, нідзе няма такіх чыстых азёр!
  • Каментарый удзельніка Кірыла Дзямко: “Хоць сам лепяльчанін, займаюся ва ўшацкім клубе і не першы год выступаю ў складзе каманды. Настрой выдатны, бо сабраліся таленавітыя спартсмены, зносіны з якімі – ужо свята. І канечне, заўсёды нацэлены на перамогу”.
  • Каментарый старшыні федэрацыі вадналыжнага спорту і вейкбордзінгу Беларусі Алега Барысавіча Надзіна: ”Уражанні вельмі пазітыўныя, таму што гэта свята, энергія, маладосць, запал. Можна сказаць, што ў чарадзе звычайных працоўных будняў гэта падзея і для ўдзельнікаў, і для ўсіх гледачоў. Перажываў і хварэў за ўсіх, захапляўся добра зробленымі трукамі, спачуваў тым, у каго не атрымалася. Хачу сказаць, што для сябе ставім мэту трапіць у спіс удзельнікаў чэмпіяната Еўропы. Пытанне толькі ў часе, бо калі б не адбыліся падзеі, выкліканыя каранавiрусам, то мы б ужо былі даволі блізкія, каб паслаць нашу каманду. А ўсім бы хацеў пажадаць атрымліваць асалоду ад такіх вось момантаў!”
  • Цікавы факт

    • Вейкбордзінг мае сур’ёзныя шанцы ў бліжэйшы час трапіць у спіс Алімпійскіх гульняў.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *