Весело, песенно, душевно, или Как жители Паулья отметили праздник деревни?

Общество

Нягледзячы на тое, што адбылося прыгаданае свята яшчэ ў чэрвені, усе ўдзельнікі дагэтуль успамінаюць яго з цеплынёй. На ўпрыгожанай пляцоўцы пад адкрытым небам вяскоўцаў, дачнікаў віталі старшыня Вяркудскага сельвыканкама Вера Міхайлаўна Маслак, артысты мясцовага Дома культуры.

Традыцыйна самыя добрыя словы – у адрас старажылаў. Сярод іх – Ганна Ігнатаўна Краснова, якой 93 гады, Наталля Фадзееўна Аваднёва – 91, а таксама Надзея Мікалаеўна Кучаронак – 90. Не забыліся і пра іншых сёлетніх юбіляраў: апладысментамі яшчэ раз павіншавалі з 75-годдзем Нэлі Іванаўну Салаўёву і крыху датэрмінова – Наталлю Іванаўну Пліско, якой 60 споўніцца ў жніўні. Ну і, канечне, назвалі самыя трывалыя павульскія сем’і. Больш за 25 гадоў жывуць душа ў душу Васіль Міхайлавіч і Таццяна Фёдараўна Салаўёвы, роўна 30 – Аляксандр Аляксандравіч і Жанна Віктараўна Аваднёвы, яшчэ крыху больш – Васіль Мікалаевіч і Валянціна Міхайлаўна Спірчонкі.

Усе разам удзельнікі мерапрыемства прыгадалі гісторыю роднай вёскі. З пісьмовых дакументаў Павулле вядома з 1552 года як шляхецкая ўласнасць І.Я.Мялешкі. У 1748-м тут была пабудавана драўляная праваслаўная царква. У 19 стагоддзі Павулле – сядзіба памешчыкаў Грабніцкіх. У гэты час працавалі карчма, цагляны завод, паравая вінакурня, у 1894-м была адкрыта школа граматы. Павулле ўваходзіла ў склад Гарбаціцкага сельсавета. У 1930-м тут створаны калгас. У гады Вялікай Айчыннай вайны акупанты спалілі 7 двароў, забілі 26 мірных жыхароў, 7 забралі ў палон у Германію. На фронце загінула 11 мясцовых жыхароў, у партызанах – 2. У 1980-м Павулле ўвайшло ў склад Вяркудскага сельсавета, а на пачатак 2001-га ў ім налічвалася 55 двароў і 92 карэнныя жыхары. На жаль, іх колькасць паступова змяншаецца. Але радуе тое, што не пустуюць пакінутыя без гаспадароў хаты – іх набываюць і ўпрыгожваюць дачнікі.

Шмат у гэты дзень было цёплых слоў, пажаданняў, забаў і душэўных песень. Настроем з гледачамі дзяліліся ўдзельніцы вакальнай групы “Веркужаначка” ў складзе Святланы Сямёнаўны Грак, Наталлі Васільеўны Цецярук, Ірыны Аляксандраўны Красновай, Ніны Васільеўны Кірпічонак, Раісы Фёдараўны Мацюш, Тамары Генадзьеўны Цянюга і Святланы Віктараўны Ігнатовіч.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *