Какую форму будут носить ученики школ Ушачского района?

Общество

Кіраўніцтва Ушацкай школы ў сераду ініцыіравала вулічны гандаль. Рэч небывалая, але гэта так. Бацькі каля ста вучняў набылі для сваіх дзяцей фірменныя камізэлькі фабрыкі “Палессе” выключна бардовага колеру. Менавіта такі абавязковы элемент школьнай формы вызначаны ў гарпасялковай навучальнай установе, як і ў ільюшынскай. Дарэчы, апошняя ўжо практычна поўнасцю апранула сваіх дзяцей і дапамагла гэта зрабіць калегам.

– Калі вызначыліся, што ў нас да адзення дзелавога стылю будуць бардовыя камізэлькі, звязаліся з пінскай трыкатажнай фабрыкай і заказалі канкрэтныя памеры на ўсіх 80 вучняў, папярэдне абгаварыўшы з бацькамі, – гаворыць намеснік дырэктара Ільюшынскай школы Наталля Васільеў­на Стрыжонак. – Ну і калегам з іншых навучальных устаноў падказалі. Апроч камізэлек кожны са школьнікаў будзе насіць значок, выяву якога распрацавалі самі. Яна пакуль у сакрэце, хочацца, каб на 1 верасня быў сюрпрыз. Іх заказалі нават 110 штук, многія бралі з запасам па два і нават тры на выпадак, калі згубяць.

Ва ўнівермагу з 19 ліпеня па 5 верасня існуе 10-працэнтная скідка на любы школьны тавар.

Па такой жа схеме, толькі сінія камізэлькі набылі бацькі вучняў Вялікадолецкай школы. Прыехалі з Кубліч і іншых навакольных вёсак і вярталіся з абноўкамі, якія маглі прымерыць і выбраць па росце і фігуры. Прадстаўнікі фабрыкі спецыяльна бралі тавар з запасам, каб быў выбар. А вось для прадстаўнікоў Ушацкай школы ён застаўся абмежаваны, толькі па 42 памер, аднак паколькі рознага росту, падбіралі нават выпускнікі.

– Віцебскія школы пачалі даваць нам заказы яшчэ ў сакавіку, і мы іх апранулі, – расказвала прадстаўнік фабрыкі “Палессе”. Да гэтага часу вызначыліся ўсе навучальныя ўстановы і мы атрымалі вялікія папярэднія заказы. Нам выгадна працаваць непасрэдна са школамі – прывозім канкрэтныя памеры і не застаецца лішкаў. Ёсць папярэдні заказ і з Арэхаўскай школы, калі не будзе нагоды ехаць у ваш бок, перададзім ім тавар на ўнівермаг. Не можам сказаць дакладна, калі вернемся ва Ушачы, як толькі пашыюць чарговую партыю.

Тры супрацоўніцы фабрыкі паралельна абслугоўвалі чаргу, што атрымалася адвячоркам. Як толькі стала вядома, што “Палессе” завітае з лішкамі тавару і ў гарпасёлак, класныя кіраўнікі пачалі паведамляць аб гэтым бацькам вучняў праз сацыяльныя сеткі. Хто прыходзіў з дзецьмі, хто падбіраў камізэльку “на вока” ці прымяраў на падобных па камплекцыі школьнікаў.

Не магу сказаць, што абноўка ўсім прыйшлася да спадобы. Былі нават слёзы. І яно зразумела, вучні прывыклі хадзіць у тым, што падабаецца, фарсіць у модным адзенні. І дырэктару школы Таццяне Анатольеўне Пахолак даводзілася весці растлумачальную работу. Пераконваць, што бардовы колер падыходзіць да многіх іншых адценняў, камізэлькі будуць на кожным вучні, а хутка ў школу вучні пачнуць хадзіць наогул у адзінай форме. Прыгадвалі дзецям пра аднолькавыя карычневыя сукенкі і многія мамы, успамінаючы, як імкнуліся аздобіць іх карункавымі каўняркамі і манжэтамі.

Сачыце за паведамленнямі на старонках газеты і ў сацыяльнах сетках: будзе ўказана дата дадатковага прывозу камізэлек для вучняў Ушацкай СШ.

Ва Ушачах фабрыка рэалізавала практычна ўсё, што было ў наяўнасці: маленькія памеры прадавалі па 25, а большыя па 29 рублёў. Самы ж танны элемент школьнага адзення – гальштук з лагатыпам – сёлета будзе ў Глыбачанскай школе. Прычым, шыюць іх самі на ўсіх 64 вучняў. Для хлопцаў – класічныя цёмна-сінія, для дзяўчынак такога ж колеру, але ў форме бабачкі-банта. “Не ведаем дакладна, колькі гэта будзе каштаваць, мяркуем, што прыкладна рублёў 6, патрабаванне ж да формы, якую выберуць бацькі – чорны ніз, белы верх”, – дадала дырэктар навучальнай установы Зоя Іванаўна Жогаль.

Аднак, гэта толькі элементы вопраткі. Пацікавіліся мы, што са школьнага асартыменту прапануе Ушацкі філіял аблспажыўтаварыства, ва ўнівермагу якога каля 40 бардовых камізэлек раскупілі ўсяго за гадзіну. Прадаваліся, яны, дарэчы, нават на 2 рублі танней, чым у вытворцаў.

– На ўвесь школьны асартымент вызначана кантралюемая максімальная надбаўка, – расказвае таваразнаўца Ушацкага філіяла аблспажыўтаварыства Валянціна Мікалаеўна Броўка.

– Таксама існуе зніжка без абмежавання кошту пакупкі, хоць на адзін аловак. Можна будзе набыць тавар і з двухмесячнай растэрміноўкай пры пакупцы на 250 рублёў. Што датычыцца асартыменту, то ў наяўнасці ёсць усё: кашулі, блузкі, сарафаны, сукенкі, штаны, танныя касцюмы для хлопчыкаў ранейшых гадоў, аднак не поўны размерны рад. Паступіў трыкатаж з фабрыкі “8 Сакавіка” і “Купалінка”, чакаем прывозу кашуль для хлопчыкаў. Робім заказы на ўсё, што карыстаецца попытам, на жаль, не ўсім забяспечваемся. Напрыклад, на фабрыцы “Палессе” паведамілі, што заказы на камізэлькі распісаны па студзень, многія тавары адпускаюць толькі па папярэдняй аплаце. Што ёсць у дастатковай колькасці, дык гэта канцтавары, якія пастаянна падвозяць. Ёсць і дзённікі новага ўзору, праўда, пакуль толькі на беларускай мове.

Вольга КАРАЛЕНКА.



1 комментарий по теме “Какую форму будут носить ученики школ Ушачского района?

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *