Команда Ушачского филиала облпотребобщества заняла второе место на областной спартакиаде среди коопераций

Cпорт Общество

Лета – не толькі лепшы турыстычны сезон, а і выдатны час для спартыўных здзяйсненняў. Пацвердзілі гэта і работнікі спажывецкай кааперацыі Прыдзвіння, якія ў мінулую пятніцу сабраліся на абласную спартакіяду. Вядома ж, сярод васьмі каманд-удзельніц была і зборная Ушацкага філіяла аблспажыў-таварыства. Больш за тое, нашы землякі мелі статус аднаго з фаварытаў – патэнцыял і традыцыі ўшачан у вобласці добра вядомыя.

І, забягаючы наперад, адзначым, што каманда, якую вяла за сабой лідар прафсаюзнай пярвічкі Ірына Долгая, чаканні апраўдала. Дарэчы, сваю важную лепту яна ўнесла і асабістым удзелам у прэстыжнай частцы праграмы спаборніцтваў – лёгкаатлетычным мнагабор’і. Каб прынесці балы ў камандны залік, трэба было прабегчы спрынт (жанчынам – 60, мужчынам – 100 метраў), пераадолець адпаведна 500- і 1000-метровую дыстанцыю, скокнуць з месца ў даўжыню, а таксама адціснуцца ад лаўкі ці падцягнуцца на перакладзіне. Ірына выдатна справілася з заданнямі і стала лепшай сярод спартсменаў свайго ўзросту. Не адстала ад капітана і Людміла Стрыжонак, якая таксама апярэдзіла ўсіх сваіх саперніц. У адцісканні, напрыклад, абедзве ўшачанкі перасягнулі вынік у 30 разоў, і ніхто не змог скласці ім канкурэнцыю.

Не меў сабе роўных і наш Аляксандр Гарадко. Шчыра кажучы, гэта зусім не здзівіла: спартыўнае мінулае, штодзённая гімнастыка і актыўны лад жыцця дапамагаюць яму захоўваць зайздросную форму. “З велізарным задавальненнем выйшаў на бегавую дарожку галоўнай арэны вобласці – Віцебскага цэнтральнага спартыўнага комплекса. Прыемна, што нашы лепшыя аб’екты прызначаны не толькі для прафесіяналаў, а і служаць развіццю масавага спорту”, – зазначае А.Гарадко. Слабых месцаў у яго выступленні не аказалася: з бегавымі дысцыплінамі былы ўдзельнік Міжнароднага маскоўскага марафона міру, канечне, справіўся без праблем, ну а больш 20 падцягванняў для чалавека, якому за 50, – таксама неардынарны вынік. Падтрымаў каманду ў мнагабор’і і малады Яўген Барысёнак.

“Залатым” відам стаў для ўшачан настольны тэніс: паспрыяла гэтаму майстэрства Лідзіі Долгай. Усе пакупнікі магазіна ў Сарочыне ведаюць яго абаяльную гаспадыню Юлію Аўтух, аднак, напэўна, для многіх стане адкрыццём, што яна добра гуляе ў шахматы. На спартакіядзе ўшачанка стала лепшай, другое месца заваяваў Уладзімір Сіцько.

Яшчэ адно “срэбра” папоўніла нашу скарбонку ў самым масавым відзе – валейболе, дзе гонар філіяла адстойвала змешаная каманда ў складзе Таццяны Хрыпель, Ірыны Цімафеевай, Дзіны Гардзіёнак, Андрэя Літвінава, Антона Мацулевіча і Дзяніса Кіслякова. “Бронзавым” стала выступленне Т.Хрыпель у дартсе. Не знайшлося ў філіяле моцных шашыстаў, але праблемны від згадзіліся закрыць Ганна Хамёнак і Аляксей Грыневіч: і хоць у прызы не трапілі, але выглядалі дастойна. “Абавязкова прыгадайце ў артыкуле і вадзіцеля Сяргея Клопава, які не толькі з камфортам даставіў каманду ў абласны цэнтр, а і быў самым заўзятым нашым балельшчыкам!” – папрасілі кааператары.

У агульным заліку ўшачане ва ўпартай барацьбе саступілі першае месца віцебскай камандзе, але і срэбраны вынік,
безумоўна, усіх парадаваў – тым больш што і да яго прыкладаліся каштоўныя прызы. Ну а тыя, хто праявіў сябе найбольш ярка, прадставяць аблспажыўтаварыства ў рэспубліканскіх стартах.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *