Ушаччина вместе со всей страной отпраздновала День народного единства. Как это было — в нашем обзоре

Общество

Гэта наша гісторыя!

17 верасня наша краіна ў другі раз адзначыла Дзень народнага адзінства. Сапраўднай кульмінацыяй самага маладога свята і ўрачыстасцяў, якія на працягу тыдня праходзілі па ўсёй краіне, стаў патрыятычны форум “Гэта наша гісторыя”, які адбыўся ў “Мінск-Арэне”. У ім прымаў удзел Прэзідэнт Рэспублікі Беларусь Аляксандр Лукашэнка.

Тысячы беларусаў з усіх раёнаў краіны сабраліся ў сталіцы, каб прадэман-страваць адзінства, згуртаванасць і жаданне жыць у мірнай і незалежнай Беларусі. Сярод іх былі прадстаўнікі розных прафесій, члены грамадскіх аб’яднанняў і проста неабыякавыя грамадзяне. Удзел у форуме прыняла і дэлегацыя Ушацкага раёна.

Пранікнёным было выступленне Прэзідэнта краіны Аляксандра Лукашэнкі. Напярэдадні ён якраз вярнуўся з саміту ШАС, які праходзіў у Самаркандзе. “Дарагія сябры! – вітаў удзельнікаў форуму Прэзідэнт. – Вы працуеце, гадуеце дзяцей і ўявіць сабе не можаце, якую буру эмоцый у свеце выклікала абвяшчэнне Дня народнага адзінства ў Беларусі. Але нязменным застаецца адно: мы жывём на сваёй зямлі і нікому яе не аддадзім! Галоўны ўрок, які мы павінны вынесці з гісторыі – гэта шанаваць родную зямлю. У нашых сілах зрабіць высновы з падзей мінулага, каб выстаяць і захаваць сябе як суверэнную дзяржаву. Адзначаючы свята, мы адрадзілі тым самым традыцыю ўспамінаць падзею, якая вярнула ўсім нам “разрэзаную” родную зямлю, у далёкім 1939-м Беларусь уз’ядналася ў сваіх нацыянальных межах. Што значыць гэты дзень для нас? Гэта наша гістарычная памяць, якая звязвае разам людзей і эпохі, перадае вопыт і перасцерагае ад памылак”.

А.Лукашэнка таксама адзначыў, што новае дзяржаўнае свята заняло годнае месца ў сучаснай гісторыі, як і Дзень Перамогі, і Дзень Незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Уся “Мінск-Арэна”, якая ўмясціла больш 9 тысяч гледачоў, разам з Прэзідэнтам праспявала дзяржаўны гімн Беларусі.

Для ўдзельнікаў патрыятычнага форуму арганізатары падрыхтавалі грандыёзны канцэрт, які быў напоўнены глыбокім сэнсам. Музычна-тэатралізаванае прадстаўленне, якое расказвала аб гістарычных падзеях на тэрыторыі Беларусі, перанесла гледачоў у сапраўднае падарожжа. Яны акунуліся ў эпоху крыжакоў, вядомых беларускіх асветнікаў, шляхцічаў, падзей 1812-га, 1917-га, 1939-га гадоў. На працягу ўсяго дзейства ў канцэртных нумарах гучала асноўная думка – сіла беларусаў у адзінстве. Дапаўнялі шоу літаратурнае і візуальнае суправаджэнне, яркія піратэхнічныя эфекты. Настрой стваралі і папулярныя выканаўцы – Анатоль Ярмоленка, Ірына Дарафеева, Алёна Ланская, Сярога, многія іншыя беларускія артысты і калектывы. Ну а фінальныя хіты “Хата бацькоў” і “Любімую не аддаюць” зноў жа спявала ўся арэна.

Пётр Аляксандравіч Алексяёнак, начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі райвыканкама:

– Уражаны мастацкім узроўнем форуму, яго сэнсавай напоўненасцю і душэўнасцю. Рэжысёры, сцэнарысты, артысты і ўся вялікая каманда, якая працавала над стварэннем праграмы, не толькі прадэманстравалі нам прафесіяналізм, а і закранулі струны душы кожнага беларуса! Асабліва шчымлівым стаў нумар да песні “Памятайце”: сотні партрэтаў герояў з’явіліся ў руках як выступаючых, так і гледачоў на трыбунах.

Упэўнены, што кожны, хто па-сапраўднаму любіць нашу Беларусь, разумее, наколькі важна зберагчы спадчыну краіны, і ўносіць асабісты ўклад – розумам, працай, стараннасцю, пасільнай дапамогай – у яе росквіт.

Наталля Мікалаеўна Марковіч, старшыня Ушацкага раённага Савета дэпутатаў:

– Як заўсёды эмацыянальнай была прамова Прэзідэнта. У яго мудрых словах адчувалася, як ён адданы свайму народу. Не сумняваюся, што сказанае Прэзідэнтам нікога не пакінула абыякавым ні сярод прысутных у “Мінск-Арэне”, ні сярод тых, хто знаходзіўся ля экранаў тэлевізара. Ён нагадаў усім нам аб тым, якой цаной даліся Беларусі незалежнасць і росквіт. І мы павінны заўсёды памятаць пра гэта. Мы пабывалі не проста на свяце, праз творчыя нумары дакрануліся да гісторыі нашага народа – зазірнулі ў мінулае. І, лічу, святы абавязак кожнага – памятаць свае карані, гісторыю краіны, распавядаць яе дзецям і ўнукам, каб захаваць праўду, не даць перакрэсліць. Бо толькі так мы зможам выхаваць у маладым пакаленні гонар за сваю Айчыну і падзяку продкам за тое, што яны зрабілі для нас.

Вольга КАМАРКОВА.

 

Пішам разам гісторыю Ушаччыны

Асноўнай пляцоўкай святкавання Дня народнага адзінства на Ушаччыне стаў раённы цэнтр культуры і народнай творчасці. Амаль цалкам запоўненая канцэртная зала. І ў кожным куточку – штосьці сваё, унікальнае.

“Мастацкім” бачаннем сэнсу маладога дзяржаўнага свята завочна падзяліліся з землякамі навучэнцы дзіцячай школы мастацтваў. Тэматычную экспазіцыю “17 верасня – Дзень народнага адзінства” падрыхтавалі работнікі музея народнай славы імя У.Е.Лабанка. Побач размясцілася выстава дэкаратыўна-прыкладной творчасці, на якой спецыялісты Дома рамёстваў, народнага клуба “Адраджэнне”, раённага цэнтра дзяцей і моладзі дэманстравалі гасцям тэматычныя вырабы. Маладыя ж актывісты БРСМ праводзілі акцыю “Роднае-народнае”, павязваючы на рукі ўшачан стужкі з беларускім арнаментам.

Надзвычай цёплай атрымалася канцэртная частка праграмы. Пачалася ж яна са знаёмства з чалавекам, лёс якога непарыўна звязаны з гісторыяй Ушаччыны. І сімвалічна, што нарадзіўся ён 17 верасня, роўна 80 год таму. Ураджэнец Магілёўскай вобласці У.М.Малаткавец у нашым раёне з 1965-га. Пасля заканчэння Беларускай сельгасакадэміі працаваў інжынерам-тэхнолагам, загадчыкам “Сельгастэхнікі”. У 1971-м узначаліў калгас “Адважны барацьбіт” і за некалькі год вывеў яго ў перадавікі. У розныя часы Уладзімір Мікалаевіч быў загадчыкам рамонтнай майстэрні, начальнікам лінейнага будаўніча-мантажнага ўчастка, інжынерам па абслугоўванні тэхнікі калгасаў і саўгасаў, галоўным інжынерам упраўлення сельскай гаспадаркі. У 1986-м назначаны начальнікам цэха звадкаванага газу Лепельскага ўпраўлення “Міжрайгаз”, а ў 2000-м стаў дырэктарам “Ушачырайгаза”. Пасля выхаду на заслужаны адпачынак У.М.Малаткавец не сядзеў без справы – на працягу 10 гадоў узначальваў раённы савет ветэранаў. Меў і яшчэ адну грамадскую нагрузку – быў старэйшынам вёскі Градзянец.

У.Малаткавец, А.Залеўскі.

У скарбонцы дасягненняў мужчыны – нямала ўзнагарод. Сярод іх – Ордэн Пашаны, медалі “За працоўнае адрозненне” і “Шматгадовая добрасумленная праца”. Яшчэ адну – Ганаровую грамату Віцебскага аблвыканкама – падчас мерапрыемства юбіляру, члену савета раённай арганізацыі Беларускага грамадскага аб’яднання ветэранаў, уручыла першы намеснік старшыні райвыканкама Ю.М.Ладнова. З віншаваннямі да Уладзіміра Мікалаевіча выйшлі ў гэты дзень на сцэну старшыня раённай ветэранскай арганізацыі Н.А.Васілеўская, начальнік Ушацкага раёна газазабеспячэння філіяла ВУ “Полацкгаз” А.І.Залеўскі, а таксама родныя юбіляра. Дарэчы, ён – выдатны сем’янін: 56 гадоў жыве ў каханні і згодзе са сваёй жонкай Лідзіяй Міхайлаўнай, разам выхавалі 2 дачок, маюць 5 унукаў і праўнука. Пра тое ж, што заслужыў павагу ў землякоў, сведчыў шквал апладысментаў у яго адрас.

Не шкадавалі далоняў прысутныя і яркім харэаграфічным, вакальным, інструментальным нумарам ад работнікаў культуры, самадзейных артыстаў Ушаччыны. Напрыканцы ж канцэртнай праграмы ўсе разам выканалі песню “Любімую не аддаюць”. І ў агульным парыве гледачы ўсталі са сваіх месцаў, каб падзякаваць тым, хто падарыў ім свята, і праілюстраваць тую самую еднасць, пра якую шмат гавораць у апошні час. І без якой нам не абысціся.

***

Да позняй ночы дзверы цэнтра культуры і народнай творчасці былі адчынены для наведвальнікаў. Прадстаўнікам старэйшага пакалення па душы прыйшоўся прагляд дакументальнага фільма “Мы, беларусы – мірныя людзі”. Моладзь жа працягнула святочны вечар на дыскатэцы.

 

Нас памяць яднае

Адным з самых знакавых суботніх мерапры-емстваў на Ушаччыне стала цырымонія адкрыцця помніка загінуўшым у ходзе карнай аперацыі 1944-га мірным жыхарам. Іх астанкі былі выяўлены ў жніўні 2021-га каля вёскі Забораўна і ў лістападзе таго ж года перапахаваны ў Роўбах. Сюды з самай раніцы і накіраваліся шматлікія дэлегацыі – прадстаўнікі ўлады, прадпрыемстваў і арганізацый, грамадскіх аб’яднанняў, школьнікі.

“Сённяшняя падзея – частка вялізнай работы, якая праводзіцца па ўвекавечанні памяці герояў і мірных жыхароў, што загінулі ў гады Вялікай Айчыннай вайны на тэрыторыі Ушацкага раёна”, – звяртаючыся да прысутных, зазначыла першы намеснік старшыні райвыканкама Юлія Міхайлаўна Ладнова. Яна нагадала, што ў жніўні 2021 года спецыялізаваным пошукавым падраздзяленнем вайсковай часці 28443 52-га асобнага спецыялізаванага батальёна ў адзначанай вышэй мясцовасці былі праведзены палявыя пошукавыя работы з раскопкамі. У іх ходзе выяўлены косныя астанкі, якія належаць васьмі мірным жыхарам. На жаль, імёны загінуўшых устанавіць не ўдалося.

У тым, што на месцы іх перапахававання ў Роўбах з’явіўся гранітны помнік, – у многім заслуга раённай арганізацыі Беларускага фонду міру, якая ўзяла на сябе і арганізацыйныя, і фінансавыя моманты. Не застаўся ўбаку ад годнай справы і індывідуальны прадпрымальнік Сяргей Канстанцінавіч Мільчанін, за сродкі якога тэрыторыя вакол помніка добраўпарадкавана пліткай. Усе ж тэхнічныя работы выкананы спецыялістамі аддзела маркетынгу і гаспадарчага абслугоўвання раённага цэнтра культуры.

Ліцію па мірных жыхарах, расстраляных нямецкімі карнікамі і перапахаваных у Роўбах, правёў у гэты дзень благачынны Ушацкай царкоўнай акругі, настаяцель храма святых пакутніц Мінадоры, Мітрадоры і Німфадоры іерэй Аляксандр Таляронак. Памяць аб загінуўшых у гады Вялікай Айчыннай вайны земляках прысутныя ўшанавалі хвілінай маўчання. Да новага помніка ўскладзены вянкі і кветкі.

 

Сімвал сяброўства – яблыневы сад

Небывалае ажыўленне панавала ў суботу ля Ушацкай школы. Да Дня народнага адзінства ў рамках акцыі “Разам за чыстую і зялёную краіну” вучнямі 5-6 класаў, іх бацькамі, педагогамі быў закладзены “Сад адзінства”. Дарэчы, “пазнаць” яго можна і па ўстаноўленай побач спецыяльнай таблічцы, і па чырвона-зялёных стужачках, акуратна прымацаваных да кожнага маладога дрэўца.

“Наш сад – яблыневы, што невыпадкова, – падкрэсліла намеснік дырэктара навучальнай установы па выхаваўчай рабоце Маргарыта Васільеўна Далжонак. – Ён сімвалізуе дамашнюю ўтульнасць, цеплыню, сяброўства. Паколькі ж у нас вучацца хлопчыкі і дзяўчынкі, якія прыехалі ва Ушачы з іншых рэгіёнаў і нават краін, такая акцыя яшчэ раз падкрэслівае наша адзінства”.

Адміністрацыя школы выказвае ўдзячнасць усім, хто прыняў удзел у закладцы новага сада. Асаблівы “дзякуй” – бацькам Арцёма Рэвенкі: Віталю Анатольевічу і Вераніцы Анатольеўне, якія дапамаглі з дастаўкай неабходных саджанцаў з Лепеля.

Падрыхтавала Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *