Чистота ушачских озёр под контролем: как прошёл рейд по проверке соблюдения экологических норм

Общество

Летам нашы маляўнічыя мясціны асабліва прывабныя для турыстаў, але ці ўсе яны выконваюць экалагічныя правілы паводзін на вадаёмах? Высветліць гэта меў на мэце наш сумесны рэйд з начальнікам раённай інспекцыі Міхаілам Шуком па папулярных месцах адпачынку ля ўшацкіх азёр.

Да такіх дакладна належыць зручная прыстань на Оталаве ля павароту на Казьяне. Абіраюць гэтае месца падарожнікі, што не любяць калясіць па гравійках у пошуку запаветных куточкаў: тут і шаша побач, і прырода прыгожая. Летам на гэтым беразе амаль заўсёды стаяць палаткі – так было і ў гэты раз. Прычым, выгляд лагера казаў, што адпачываюць турысты культурна: наўкол чыста, ніякага смецця, а машына прыпаркавана на значнай адлегласці ад вадаёма. Таму і не сталі мы турбаваць адпачываючых, што вудзілі непадалёк ад берага, – паехалі далей. Карыстаецца попытам у рыбакоў і прыстань у Чарсцвядах, якая знаходзіцца непасрэдна ў вёсцы. Лагеры тут не разбіваюць, але транспарт нярэдка ставяць ля самай вады – у гэты раз, праўда, такіх парушэнняў не было, а вось куча смецця ля берага пейзаж не ўпрыгожвала, таму ўзялі гэтае месца на карандаш.

Нямала турыстаў, як правіла, і на Вяркудскім возеры. Так, на два дні прыехаў сюды з палаткамі і рыбалоўнымі прыладамі жыхар Мінскай вобласці Андрэй Сяржант – тое ж, што нават у такім зацішным кутку трапіў пад увагу ўдзельнікаў рэйду, успрыняў з разуменнем. Ахвотна паведаміў нам, што ў гэтым месцы адпачывае ўпершыню, хоць і мае тутэйшыя карані: яго дзядуля калісьці жыў у Бярозаве. Пахваліўся неблагім уловам, а яшчэ пажартаваў, што, як і належыць чалавеку з такім прозвішчам, стараецца быць дысцыплінаваным і выконваць усе патрабаванні заканадаўства, таму падзякаваў за ўручаную яму памятку з пералікам асноўных правілаў адпачынку на вадаёмах.

Варта мець на ўвазе, што паводле артыкула 16.34 КаАП Рэспублікі Беларусь, за забруджванне вадаёмаў на грамадзян можа быць накладзены штраф у памеры да 10 базавых велічынь, на індывідуальных прадпрымальнікаў – да 25.

Такім чынам, з гэтага рэйду мы вярталіся з пазітыўнымі ўражаннямі. Але так бывае незаўсёды. У мінулым годзе і першай палове 2025-га раённыя інспектары вынеслі 5 папярэджанняў за парушэнне рэжыму ажыццяўлення гаспадарчай і іншай дзейнасці ў водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах – аматары адпачынку на прыродзе ставілі свае аўтамабілі бліжэй чым у 30 метрах ад вады, а гэта забаронена заканадаўствам, як, зрэшты, і мыццё машын ля прыродных вадаёмаў. Да слова, прыгаданыя парушэнні былі зафіксаваны якраз на Вяркудскім і Чарсцвядскім, а таксама на возеры Звонь.

Наталля БАГДАНОВІЧ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *