Ушачская районная организация Красного Креста подвела итоги работы за пять лет

Общество

Беларускае Таварыства Чырвонага Крыжа – самае буйное гуманітарнае аб’яднанне на тэрыторыі нашай краіны. Паспяхова рэалізуюцца яго прынцыпы і на Ушаччыне: зараз у складзе раённай арганізацыі – 24 пярвічкі, а гэта звыш 1200 неабыякавых да чужых праблем людзей.

Як адзначыла на справаздачнай канферэнцыі Ушацкай раённай арганізацыі Чырвонага Крыжа яе кіраўнік Н.М.Глінская, за апошнія пяць гадоў зроблена нямала. Вялікую дапамогу ў рэалізацыі годных спраў аказалі цэнтральная райбальніца, аддзел па адукацыі райвыканкама, цэнтр па забеспячэнні дзейнасці бюджэтных арганізацый, лясгас і іншыя калектывы.
З цеплынёй адгукаецца Наталля Мікалаеўна і аб сваіх валанцёрах, якіх зараз 21. Задзейнічаны яны не толькі ў зборы сродкаў, правядзенні акцый, мерапрыемстваў, але і ў прапагандзе гуманітарных каштоўнасцяў, распаўсюджанні інфармацыйнай літаратуры, накіраванай на прафілактыку сацыяльна значных захворванняў.

Ужо сталі традыцыйнымі дабрачынныя акцыі “Клопат” і “Ёлка жаданняў”. У рамках першай сёлета аказана дапамога 32 грамадзянам – найперш пажылым. Другая ж, таксама навагодняя, акцэнтавана на дзяцей – сумесна з іншымі грамадскімі арганізацыямі наладжваюцца дабрачынныя ёлкі з падарункамі для маленькіх інвалідаў, хлопчыкаў і дзяўчынак з мнагадзетных, няпоўных, апякунскіх, малазабяспечаных сямей. Акрамя гэтага ў 2024-м дэпутацкі корпус раёна споўніў асабістыя жаданні 14 непаўналетніх, якія маюць сур’ёзныя праблемы са здароўем.

Чырвоны Крыж вучыць ратаваць жыцці. З 2021-га на Ушаччыне для насельніцтва праведзена 14 майстар-класаў па аказанні першай медыцынскай дапамогі.

Кожны год праводзіцца на Ушаччыне і месячнік Чырвонага Крыжа. Сёлета ён быў накіраваны на арганізацыю мерапрыемстваў да 80-годдзя Вялікай Перамогі.

Відавочна, людзей, якія здаюць членскія ўзносы або робяць ахвяраванні, цікавіць, на што яны расходуюцца. Гэты аспект таксама разгледжаны максімальна падрабязна. Так, за адзначаны перыяд гуманітарную рэчавую дапамогу і гігіенічныя наборы атрымалі 112 грамадзян, што аказаліся ў цяжкай жыццёвай сітуацыі, дзіцячае харчаванне – 23 мнагадзетныя сям’і, грашовыя ваўчэры – 72 чалавека з інваліднасцю, пледы – 6 былых вязняў канцлагераў, прадуктовыя наборы – 25 чалавек, абутак – 36. Да юбілею Беларускага таварыства інвалідаў па зроку траім актывістам адпаведнай раённай арганізацыі ўручаны сучасныя танометры. Рознабакова падтрымалі на Ушаччыне і сям’ю бежанцаў з Украіны: жанчыне і яе непаўналетняй дачцэ выдзелілі прадуктовыя і гігіенічныя наборы, адзенне, ваўчэры на суму 600 беларускіх рублёў, а таксама канцылярскія прыналежнасці, абутак і іншыя рэчы да школы.

За справаздачны перыяд дапамогу ад Чырвонага Крыжа атрымалі 277 жыхароў раёна.

Падчас канферэнцыі намеснік старшыні Ушацкага райвыканкама Генадзь Міхайлавіч Ягораў даў станоўчую ацэнку дзейнасці нашых добраахвотнікаў. Шэрагу з іх былі ўручаны Ганаровыя граматы Віцебскай абласной арганізацыі Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа.

У красавіку 2025-га абласны Чырвоны Крыж пералічыў 1000 рублёў на аднаўленне помніка ў вёсцы Павулле Ушацкага раёна, закупіў пітную ваду для правядзення раённых урачыстасцяў.

Больш за 15 тысяч валанцёраў і звыш сямі тысяч пярвічных арганізацый – рады добраахвотнікаў Беларускага Таварыства Чырвонага Крыжа пашыраюцца. У 2024-м дапамогу атрымалі больш за 100 тысяч чалавек. Папулярнасцю карыстаецца таксама работа службы вышуку, якая функцыянуе пры грамадскім аб’яднанні: па запытах людзей знаходзяцца звесткі пра іх загінуўшых у час Другой сусветнай вайны сваякоў.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *