В деревне Старое Село накануне нового года установили автобусную остановку

Общество

Якраз напярэдадні Новага года жыхары вёскі Старае Сяло Жарскага сельсавета атрымалі добры падарунак – у населеным пункце быў усталяваны новы аўтобусны прыпынак.

Рэйсавы аўтобус прыязджае ў вёску кожны дзень раніцай і ўвечары. Спецыяльнага абсталяванага павільёна тут ніколі не было. У ранейшыя часы на гэтым месцы стаяў нарыхтоўчы магазін і людзі ў чаканні аўтобуса ад дажджу і ветру захіналіся пад яго сценамі. Калі ж стары будынак знеслі, то і схавацца ад непагадзі ўжо не было дзе. Пасля закрыцця школы ў гэтым месцы стаў прыпыняцца яшчэ і школьны аўтобус, які падвозіць дзяцей у бліжэйшую навучальную ўстанову.

Ініцыятыву ўстаноўкі павільёна для чакання аўтобуса праявілі самі жыхары. Старэйшына вёскі Валянціна Іванаўна Крысёнак сабрала подпісы большай часткі жыхароў Старага Сяла, і калектыўны зварот з просьбай устанавіць прыпынак быў перададзены ў сельвыканкам. Зварот быў разгледжаны і ўключаны ў планы работ дарожнай арганізацыі.

І вось за пару дзён да Новага года ў Старым Сяле шчыра папрацавалі работнікі ДРБУ-105, якія і ўстанавілі прыпынак. З радасцю ацанілі яго ў гэты ж дзень пасажыры, многія жыхары прыходзілі да месца проста паглядзець і парадавацца новаму “аб’екту”, які ўпрыгожыў галоўную вуліцу.

Вяскоўцы вельмі рады і ўдзячны ўладам, што іх зварот не застаўся без увагі і быў вырашаны станоўча. Хочацца спадзявацца, што новы прыпынак праслужыць вельмі доўга і не будзе сапсаваны вандаламі і несумленнымі людзьмі.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *