На Ушаччине активно проходит республиканская акция «Аднавiм лясы разам»

Общество

Традыцыйна ў гэтую восеньскую пару Міністэрства лясной гаспадаркі аб’яўляла марафон «Чысты лес» для навядзення парадку ў лесфондзе, да яго далучаліся арганізацыі, валанцёры, школьнікі. А сёлета вырашана сілы накіраваць на пасадку новых культур і папрацаваць пад дэвізам “Аднавім лясы разам!”

Самыя масавыя работы разгарнуліся на Магілёўшчыне, якая ў бягучым годзе моцна пацярпела ад урагану, пашкоджаны тысячы гектараў лесу. Не толькі лясгасы, а і іншыя ведамствы, прадпрыемствы з усёй краіны накіравалі туды свой працоўны дэсант. Ушацкі лясгас, як мы ўжо расказвалі, актыўна дапамагаў суседняй вобласці распрацоўваць ветравалы, а зараз дапаўняюць ляснымі культурамі свае ўгоддзі. У кожным лясніцтве ідуць пасадкі, у мінулыя выхадныя забыліся пра адпачынак спецыялісты лясгаса на чале з галоўным ляснічым Аляксеем Апёнкам і высаджвалі елкі і сосны на тэрыторыі Ушацкага лясніцтва.

“Гадоў праз 60 гэтыя дрэўцы будуць такімі ж вялікімі. Той перыяд мы наўрад ці застанем, але пакінем пасля сябе след, і яшчэ больш сімвалічна, што робім гэта ў Год гістарычнай памяці”, – разважалі на дзялянцы лясгасаўцы, апускаючы ў лункі маленькія саджанцы сасны на фоне магутных, амаль векавых дрэў.

Далучылася да акцыі і маладое пакаленне. Арэхаўскія школьнікі даўно супрацоўнічаюць з Сарочынскім лясніцтвам, разам з яго работнікамі высадзілі дрэўцы на дзялянцы, а таксама добраўпарадкавалі месца воінскага пахавання ў Сарочыне. Старанна папрацавалі і вучні Вялікадолецкай школы, дапоўніўшы ляснымі культурамі ўгоддзі мясцовага лясніцтва. Пра добрую справу юным удзельнікам акцыі будуць нагадваць падарункі ад лесаводаў – фірменныя кружкі.

Акцыя “Аднавім лясы разам!” прадоўжыцца да канца тыдня, унесці свой уклад у аднаўленне прыроднага багацця могуць усе жадаючыя.

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *