Рабочий день поваров детского сада №4 г.п.Ушачи «кипит» полным ходом с самого утра

Общество

“Якія “Chanel” і “Dolce&Gabbana”? Лепшыя “духі”, з якімі асацыіруюць нас знаёмыя, – гэта пах свежых катлет, смажанай цыбулі, выпечкі”, – усміхаюцца Н.А.Федарэнка і С.А.Волах (на здымку). Нічога дзіўнага: амаль увесь дзень праводзім на кухні – і дома, і на рабоце.

Працоўны дзень повараў дзіцячага сада №4 г.п.Ушачы пачынаецца ўжо ў шэсць гадзін раніцы – да васьмі для некалькіх дзясяткаў малышоў трэба паспець сняданак згатаваць. Місія гэта не з простых: стравы павінны быць не проста смачнымі, а “як у мамы”. Аднак Наталля Арсенцьеўна і Святлана Анатольеўна з гэтым спраўляюцца, у абедзвюх – атрыманая спецыяльнасць повара-кандытара і багаты працоўны стаж, у тым ліку на пасадах кулінарнага профілю.

Тварожная запяканка, сырнікі, варэнікі і абавязкова цёплы напой: чай ці любімая многімі дзецьмі какава з малаком разлятаюцца ў групах на “ўра”. А ў гэты час повары займаюцца ўжо прыгатаваннем паўнацэннага абеду – з салатай, супам, “другім” і “трэцім”. “Калі ўлічыць яшчэ і падвячорак, за дзень атрымліваецца каля 11-12 страў, – расказвае Н.А.Федарэнка. – Бывае і больш. Той жа гуляш самым маленькім дзецям не падыдзе – ім паралельна гатуем паравую замену. Сённяшнія біточкі – таксама двух відаў: у тым ліку запечаныя – у залежнасці ад узросту выхаванцаў”.

Гэта толькі дома можна паэксперыментаваць, дадаць штосьці па смаку. Ва ўстанове ж дашкольнай адукацыі ўсё строга па зацверджаных нормах – каб калорыя да калорыі, вітамін да вітаміну. Заўсёды пад рукой – меню на дзень. А вось за тэхналагічныя карты Наталля Арсенцьеўна і Святлана Анатольеўна практычна не бяруцца: рэцэптуру і спосабы прагатавання ведаюць як свае пяць пальцаў. Усміхаюцца: хоць ноччу разбудзі – без праблем усё назавуць.

“Асабіста я вельмі люблю працаваць з выпечкай – напэўна, сказваецца мінулая работа ў сістэме грамадскага харчавання Ушаччыны, – прызнаецца С.А.Волах. – Крэндзелі, ватрушкі, піражкі з варэннем – у ліку маіх каронных страў. Выхаванцам садка яны даспадобы, як і бліны, курыныя ды свіныя катлеты”. Зрэшты, нават праславутая манная каша, якую называюць найвялікшым дзіцячым кашмарам, рэдка затрымліваецца на сталах хлопчыкаў і дзяўчынак. Каб была пышнай, без камячкоў, повары не толькі павольна засыпаюць крупу, але і абавязкова ўзбіваюць сумесь венчыкам. Ніякія іншыя прылады накшталт чарпакоў, як кажуць, не падыходзяць. Ды і пастарацца трэба так, каб аж рука забалела.

Вялікі параканвектамат, жарачная шафа, уключаная на ўсе канфоркі пліта з ёмістым посудам… Ужо пасля 10-15 хвілін хочацца збегчы з гарачай ва ўсіх сэнсах кухні дзіцячага сада. “Вы ў нас яшчэ летам не былі – практычна як у парылцы!” – кажуць гераіні аповеду, якія, нягледзячы на ўсе цяжкасці, шчыра любяць сваю справу. Дарэчы, сёлета ўдваіх “закрылі” і ўсе тры змены ў “Турасполлі” – па чарзе шчыравалі то ў садку, то ў аздараўленчым лагеры.

Ці хочацца ўвечары, вярнуўшыся дадому, зноў падыходзіць да пліты? Безумоўна! Трэба ж і блізкіх смакатой парадаваць, і кухарскі прафесіяналізм, які ацэняць маленькія ўшачане, пастаянна напрацоўваць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *