За ноябрь в Ушачском районе зарегистрировано 9 преступлений, большинство из них — кражи. Хроника происшествий

Происшествия

Крымінагенная абстаноўка на Ушаччыне застаецца напружанай. У лістападзе ў раёне зарэгістравана дзевяць злачынстваў. Па-ранейшаму абсалютная большасць – крадзяжы (пяць фактаў). Двое мужчын захоўвалі ў сябе дома забароненыя рэчывы, адзін паўторна “засвяціўся” на нявыплаце аліментаў. Не перастаюць трапляць ушачане і на вудачку інтэрнэт-махляроў (адзін выпадак).

Злодзеі побач!

Непрыгожы ўчынак здзейсніла прадстаўніца прыгожай паловы 1970 года нараджэння. Завітаўшы ў госці да свайго знаёмага са Строктаў, ураджэнка Ушач не змагла прайсці міма грашовага сховішча гаспадара – непрыкметна прыхапіла 100 рублёў.

Пажывіцца ў гаспадарчай пабудове аднавяскоўца меркаваў вялікадальчанін 1969 года нараджэння. Аб’ектам яго крымінальнага інтарэсу стаў лом чорнага металу. Аб’ёмы злодзея прыемна ўразілі – вынес звыш 340 кілаграмаў на суму каля 200 рублёў. Вось толькі аперацыю загадзя не прадумаў – пакуль вырашаў пытанне з транспарціроўкай, быў заўважаны суседзямі гаспадара, якія выклікалі праваахоўнікаў.

Не пайшоў далёка і раней судзімы жыхар Завячэлля 1973 года нараджэння. Знайшоўшы ключ ад уваходных дзвярэй дома аднавяскоўца, ён выкраў два рыбалоўныя касцюмы, гумовыя боты, электрачайнік, электрапомпу. На гэтым не спыніўся – залез у гаспадарчую пабудову, дзе пажывіўся чатырма рулонамі сеткі-рабіцы. Агульны ўрон, які панёс пацярпелы, склаў 545 рублёў.

4 тысячы – у свабодным доступе?

Яшчэ дзве крымінальныя справы пакуль застаюцца нераскрытымі. У першым выпадку свой злачынны намер хтосьці рэалізаваў па вуліцы Кастрычніцкай ва Ушачах. Вырваўшы дужку навяснога замка, выкрадальнік пранік у гаспадарчую пабудову і прысвоіў зварачны апарат коштам 300 рублёў. Гаспадароў некалькі дзён не было дома, таму прапажу яны заўважылі не адразу.

А вось таму, хто “пагаспадарыў” на малочна-таварнай ферме ў Баяршчыне, нават прыдумваць шляхі пранікнення не спатрэбілася. Хоць праваахоўнікі неаднаразова і ўказвалі “Агра-Селішчу” на неабходнасць зачыніць будынак, далей падпоркі варотаў простай палкай справа не зайшла. Між тым, пажывіцца ўнутры было чым! Кошт металічных канструкцый, якія ў выніку зніклі, склаў амаль 4 тысячы рублёў.

“Шчодрыя” махляры

Гісторый, у якіх злодзеі падманам атрымлівалі персанальныя даныя трымальнікаў банкаўскіх карт і за секунды авалодвалі ўсёй сумай іх рахункаў, мы расказвалі нямала. Лістападаўскі ж выпадак быў іншым. Паколькі “электронных” грошай у 32-гадовага жыхара Ушач не аказалася, махляры аформілі ад яго імя авердрафтны крэдыт, які адразу ж знялі. Што цікава, зрабілі гэта не пад нуль: з 6300 рублёў пакінулі сваёй ахвяры 6.

Ёсць порах у… апартаментах

Чаго толькі не знойдзеш у дамах, кватэрах грамадзян! Пра сапраўдную наркалабараторыю (з каноплямі, марыхуанай), абсталяваную мужчынам у здымнай кватэры па вуліцы Віцебскай, чулі, напэўна, усе. Вызначыўся ў падобным сэнсе і жыхар Вялікіх Долец 1964 года нараджэння – у яго выяўлена больш за 67 грамаў бяздымнага пораху прамысловай вытворчасці. Навошта мужчыну такое небяспечнае выбуховае рэчыва, устанаўліваецца.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *