Важна каждая секунда. Александр Бугай 14 лет работает водителем пожарной аварийно-спасательной части №1 г.п.Ушачи

Общество

Яшчэ б пару хвілін… і малады жыхар Угрынак загінуў бы ў палаючым доме, своечасова прыбыўшыя выратавальнікі выцягнулі мужчыну з агню. Без прытомнасці выносілі і гаспадыню адной з кватэр па Ленінскай, 19 калі ў жыллі і ва ўсім пад’ездзе ўжо было моцнае задымленне. Ніяк не мог самастойна выбрацца з бітумнага рэзервуара мужчына на тэрыторыі асфальтнага завода ў Лутаве Сяльцы… Ва ўсіх гэтых выпадках шчаслівы фінал у многім залежыў у тым ліку і ад вадзіцеля пажарнай аварыйна-выратавальнай часці №1 г.п.Ушачы Аляксандра Бугая (на здымку). Аднак пра гэтыя і іншыя выпадкі выратавання ўшачан малады мужчына сціпла замоўчвае, зазначыўшы толькі, што гэта заслуга ўсяго каравула.

Як толькі ў часці раздаецца трывожны сігнал, самае вялікае напружанне кладзецца менавіта на вадзіцеляў: імгненна выехаць, зарыентавацца на мясцовасці, вызначыць карацейшы шлях, а прыбыўшы на месца, хутка арганізаваць падачу вады з аўтацыстэрны. І на гэтым іх місія не заканчваецца, у ліквідацыі ўзгаранняў удзельнічаюць нараўне з астатнімі. Пацвярджае гэта і першы пажар, на які даводзілася выязджаць Аляксандру Пятровічу. “Была вясна – гарачы час палаў, у Царкавішча адправілася амаль уся тэхніка, і ў гэты момант паступае яшчэ адзін сігнал – у Янове гарыць хлеў. З вогненнай стыхіяй тады спраўляліся ўдваіх з Андрэем Малахавым. Канечне, хваляваўся, але побач з ужо вопытным супрацоўнікам баявое хрышчэнне прайшоў паспяхова”, – прыгадаў выратавальнік.

Разважаючы ж, чаму выбраў менавіта такую прафесію, А.Бугай успамінае як яшчэ вучнем, праходзячы міма пажарнага паста ў родных Вялікіх Дольцах, уяўляў, як будзе выязджаць на пажары і ратаваць людзей. Паўплываў на выбар прафесійнага шляху і яшчэ адзін вопытны ўшацкі выратавальнік Сяргей Генадзьевіч Сыс. Пасля службы ў арміі Аляксандр папрацаваў у лясгасе, аднак ад юнацкай мэты не адмаўляўся. Пачынаў жа кар’еру ў МНС са службы ў наваполацкім падраздзяленні, але пры першай магчымасці перавёўся на малую радзіму.

За 14 гадоў работы было нямала надзвычайных здарэнняў. Самай жа напружанай парой называе вясну, калі імкненне людзе спаліць траву і смецце прыводзяць да пажараў. “Бывала і такое, што раніцай адправіўшыся на выклік, да позняга вечара не вярталіся ў часць. Нават перакусвалі на хаду, пераязджаючы ў розныя кропкі раёна. Зараз у нас на ўзбраенні магутная тэхніка, аснашчаная ўсім неабходным абсталяваннем. І ўжо ніхто не кажа, што на пажар мы прыязджаем без вады – 10 тон хапае, а калі ўлічыць, што, напрыклад, на тушэнне дома прыбывае 4 разлікі, то нават і з запасам. Старыя ЗІЛы ўмяшчалі 2,5 тоны, якія, зразумела, імгненна расходаваліся,” – расказвае А.Бугай. Дарэчы, ключы ад новага пажарнага МАЗа Аляксандру асабіста ўручаў міністр па надзвычайных сітуацыях падчас адкрыцця новай пажарнай часці ў 2018-м.

“Чалавек з залатымі рукамі і надзвычай адказны. Хоць і гучыць банальна, але гэта адназначна пра Аляксандра. З ім мне давялося прайсці праз мноства здарэнняў і сітуацый, калі ўзначальваў гэты каравул, – кажа пра супрацоўніка першы намеснік начальніка РАНС Мікалай Шустроў. – Аднойчы прама ў дарозе ледзь не загарэўся наш ЗІЛ, дык ён у лічаныя секунды выправіў паломку. Адносіны да тэхнікі ў яго асаблівыя, заўсёды ўсё спраўна працуе. А яшчэ ён наш нязменны спецыяліст па выдаленні аварыйных дрэў. Калі адправілі яго на выкананне гэтай паслугі – чакай удзячнасцей ад ушачан”.

Пра службу ў МНС існуе жарт, што сапраўдны пажарны можа праспаць 25 гадзін у суткі. На самой справе паспаць на баявым дзяжурстве можна толькі пару гадзін. А вось у прыкметы, як аказалася, выратавальнікі вераць. “Калі працёр мігалкі на машыне – значыць хутка выезд, гэтак жа, калі атрымаў новую баёўку. Дрэнны знак, калі на суткі выходзіць змешаны састаў некалькіх каравулаў. Гэта ўжо праверана. Дарэчы, мне з маёй зменай, якую ўзначальвае Андрэй Раманоўскі, пашанцавала”, – прыкмячае А.Бугай.

Паспяховай службе дапамагае выдатная фізічная форма, А.Бугай пастаянна прымае ўдзел у раённых і абласных спаборніцтвах, закрываючы такія віды спорту, як лёгкая атлетыка, дартс, стральба. А яшчэ на кожным раённым Дні снегу без яго не абыходзіцца стварэнне снежных фігур.

На рахунку Аляксандра нямала ўзнагарод, асабліва каштоўныя – нагрудны знак “Выдатнік”, юбілейныя медалі МНС. Але не дзеля ўзнагарод ён стараецца на службе, а таму, што такое ў яго прызванне – ратаваць людзей. Жадаем Аляксандру і ўсім ушацкім выратавальнікам спакойных будняў і няхай не збываюцца прыкметы!

Вольга КАМАРКОВА.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *