В Ушачском музее народной славы имени В.Е.Лобанка открылась выставка клуба «Рошва» с участием мастеров Беларуси

Культура

З міру па нітцы, а дакладней, ад майстра па ўзоры. Рамеснікі, захопленыя лапікавым шыццём, аб’ядналіся дзеля рэалізацыі маштабнага праекта «Творчы раўнд. Рамесная карусель». Падобнага ў Беларусі дагэтуль не было. Удзел у рабоце прынялі 25 прадстаўнікоў 20 гарадоў краіны: Ушач, Лепеля, Віцебска, Полацка і іншых. Вынікі ж іх калектыўнай творчасці прадстаўлены зараз у музеі народнай славы імя У.Е.Лабанка, на радзіме аднаго з майстроў.

У вачах пярэсціць, аднак толькі ў аматараў. Аўтар жа ведае, якога колеру шматкі ўпрыгожаць новую работу. У ход ідуць і рэшткі ад вясельнай сукенкі, і навалачкі, і дзіцячая вопратка – як уяўляе тэкстуру, колер мастак. Для першых накідаў па тканіне многія выкарыстоўваюць мыла – вызначаюць такім чынам контуры. Зрэшты, шыццё – не адзінае, чым на працягу некалькіх месяцаў даводзілася займацца, – толькі і паспявалі бегаць на пошту, атрымліваць і адпраўляць пасылкі. Кожны рамеснік задаваў галоўную тэму, прысвечаную роднаму гораду, а працягвалі работу іншыя. Да адной карціны ў літаральным сэнсе прыкладалі рукі адразу па пяць майстроў. Пасля ж фінальных шыўкоў кожную адпраўлялі ў народны клуб «Рошва», які стаў арганізатарам праекта.

Як зазначыла на адкрыцці выставы ва Ушачах яго кіраўнік Ніна Ярмух, не чакалі ад майстроў такой актыўнасці. Нават тыя, хто ніколі не займаўся лапікавым шыццём, паспрабавалі сябе ў гэтай справе. Улічваючы ж тое, што ў аснову работ клалася штосьці адметнае пра канкрэтную мясцовасць (адпаведная тэкставая інфармацыя прыкладалася), майстры завочна павандравалі па краіне. Цяпер такая магчымасць ёсць і ў кожнага з нас.

В.Мугака, М.Шаўчэнка, В.Качан.

– Для мяне было вялікім гонарам паўдзельнічаць у такім унікальным праекце, – зазначыла майстар Ушацкага Дома рамёстваў В.К.Мугака. – З выбарам знакавага месца ніколькі не вагалася – адназначна «Прарыў»! А вось над тым, як яго адлюстраваць, каб быў пазнавальны, ламала галаву не адзін дзень – пераглядала фотаздымкі мемарыяла з усіх бакоў, перабрала не адзін дзясятак тканін… Прызнаюся: вельмі перажывала, ці падтрымаюць маю канцэпцыю наступныя ўдзельнікі. Ды і сама старалася рабіць гэта, атрымліваючы работы іншых.

Дарэчы, у Валянціны Канстанцінаўны была яшчэ адна нагода аказацца ў гэты дзень у цэнтры ўвагі. Пад апладысменты землякоў ёй уручаны дыплом удзельніцы пятага адкрытага конкурсу лапікавага шыцця з міжнародным удзелам “Полацк-квілт”, які праводзіўся летась. Такую ж узнагароду атрымала юная ўшачанка Мілана Шаўчэнка, а ўладальніцай узнагароды ІІ ступені, а таксама каштоўнага падарунка ад клуба “Рошва” стала вучаніца Ушацкай школы Вікторыя Качан.

Пасля знаёмства з экспазіцыяй усе жадаючыя мелі магчымасць прыняць удзел у майстар-класе ад Н.Ярмух па вырабе з тканіны дацкіх калядных сардэчкаў – мілых упрыгожанняў з невялікай кішэнню для запіскі ці цукеркі. Такой традыцыі ўжо шмат гадоў, падобны выраб аўтарства Ганса Хрысціяна Андэрсэна захоўваецца ў доме-музеі пісьменніка ў горадзе Одэнсе.

Выстава праекта чакае наведвальнікаў да 2 лютага.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш e-mail не будет опубликован. Обязательные поля помечены *