Ушачские аграрии к уборке зерновых готовы

Сельское хозяйство

Неўзабаве надышла адна з самых важных сельскагаспадарчых кампаній – уборка зерневых культур. У “Райаграсэрвісе” тэхніка ўжо “апрабоўвала” выбарачныя ўчасткі. Праз лічаныя дні хлеб на палях выспее і на старт уборачнай кампаніі выйдуць усе гаспадаркі раёна. Аб тым, як яны гатовы вытрымаць чарговы экзамен, наша гутарка з начальнікам райсельгасхарча А.Я.ВАЙЦЯНКОВЫМ.

– Перад намі стаіць задача своечасова і без страт правесці ўборку. Агульная плошча зерневых і зернебабовых – 15030 гектараў. Біялагічная ўраджайнасць складае прыкладна 28-30 цэнтнераў з гектара, а таму плануем сабраць 32-34 тысячы тон. У першую чаргу прыступім да ўборкі рапсу, які займае 2222 гектары. Прынята рашэнне райвыканкама па ўборцы ўраджаю і сяўбе азімых культур, зацверджаны план работ.
– Аляксандр Ягоравіч, поспех залежыць ад гатоўнасці камбайнавага парку і зернесушыльных гаспадарак, як з гэтым абстаяць справы ў раёне?
– На сённяшні дзень у гаспадарках раёна налічваецца 65 камбайнаў, 62 з іх у спраўным стане і прайшлі тэхнічны агляд. Трэба сказаць, што ў гэтым годзе значна абнавіўся камбайнавы парк – атрымана 18 новых камбайнаў КЗС-1218. Дарэчы, за апошнія тры гады ў сельгаспрадпрыемствах з’явілася 46 новых камбайнаў. У выніку сёлета сярэдняя нагрузка на камбайн па раёне складае 270 гектараў. 70 адзінак тэхнікі, улічваючы МАЗы з прычэпамі, будзе задзейнічана на адвозцы. Таксама ва ўсіх гаспадарках створаны спецыяльныя рамонтныя брыгады, каб па магчымасці выпраўляць паломкі тэхнікі прама ў полі. Што датычыцца сушыльнай гаспадаркі, то з 31 зернесушыльнага комплексу 29 знаходзяцца ў спраўным стане і гатовы да работы.
– Якой бы высокай ні была гатоўнасць тэхнікі, вядома, не запрацуе яна без паліва. Як ідзе фінансаванне і назапашванне гаруча-змазачных матэрыялаў?
– З бюджэту выдзелены 1 мільярд 607 мільёнаў рублёў на гаруча-змазачныя матэрыялы, 205 мільёнаў рублёў на запчасткі, 20 мільёнаў рублёў на пусканаладачныя работы. Ужо назапашана саляркі, бензіну, пячнога паліва, дызельных маслаў на 5-6 дзён, для зернесушылак таксама нарыхтавана больш 600 метраў кубічных дроў.
– Ці будуць аказваць сёлета дапамогу аграрыям прадпрыемствы і арганізацыі раёна?
– Так, кожны год у час важных кампаній да работы ў сельскай гаспадарцы прыцягваюцца шэфы з іншых арганізацый. Ужо з 4 ліпеня ў гаспадарках працуюць прадстаўнікі з ЖКГ, прадпрыемства меліярацыйных сістэм, лясгаса і іншых. Акрамя гэтага, чакаем, што дапамогу акажуць і шэфы з Полацка.
– Не менш важны момант – аплата працы работнікаў, стымуляванне якаснай і хуткай уборкі.
– Распрацаваны спецыяльныя рэкамендацыі па фарміраванні расцэнак. Яны залежаць ад аб’ёму выкананых работ, іх якасці, маркі тэхнікі. Паколькі гэта толькі рэкамендацыі, то гаспадаркі самі распрацоўваюць расцэнкі, але ва ўсіх сельгаспрадпрыемствах яны прыкладна аднолькавыя. Як і заўсёды сумесна з райкамам прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу аб’яўлена раённае спаборніцтва сярод механізатараў, занятых на ўборцы зерневых, лепшыя будуць заахвочвацца.
Убраць хлеб з палёў неабходна за 20 дзён. Безумоўна, на гэты тэрмін можа паўплываць надвор’е, але завяршыць уборку трэба не пазней за 20 жніўня.
На сённяшні дзень ва ўсіх гаспадарках прайшлі сходы спецыялістаў, механізатараў, усіх работнікаў, занятых на ўборцы. Праведзены інструктажы па тэхніцы бяспекі, ахове працы, пажарнай бяспецы.
У прынцыпе, усё гатова да пачатку масавай уборачнай кампаніі, а таму ўсё намечанае павінна ажыццявіцца.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *