Бывшие и сегодняшние работники КУСХП «Глыбочаны» собрались вместе на юбилейный вечер

Сельское хозяйство

Грошай няма, сітуацыя не тая. А ў КУСГП “Глыбачыны” між тым напярэдадні свята аграрыяў правялі юбілейны вечар, на якім віншавалі ўсіх сённяшніх і былых работнікаў. І хоць племсаўгас зарэгістраваны ў 1957 годзе, адзначалі 90-годдзе масавага ўтварэння калектыўных гаспадарак. Бо вырас ён на землях 28 вёсак, амаль кожная з якіх у пачатку мінулага стагоддзя была асобным калгасам, ну а першы – “Імя Сталіна” – арганізаваны ў Васілевічах менавіта ў лістападзе 1929-га.

“Чырвоная Дзвіна” (Астраўляны), “Арол” (Ляхава), “Воинствующий безбожник” – наўмысна не перакладала фразу, каб не сапсаваць каларыт назвы, якую прыдумалі ў 1930-м для калгаса ў Двор Усвіцы. Пазней дробныя гаспадаркі аб’ядноўваліся, каб у канцы пяцідзясятых вырасці ў гігант. І не толькі па плошчы, але і па велічы. Іх называлі “рэспублікай у рэспубліцы” за перадавыя тэхналогіі, культуру апрацоўкі зямлі, на якой вырошчвалі нават таматы, прычым у адкрытым грунце, а ў хлявах гадавалі пушных звяроў.

Далёка сённяшнім “Глыбачанам” да былых часоў. Аднак пабываўшы на свяце, у чарговы раз пераканалася, як многа значыць камандны дух, абстаноўка і нават адзін чалавек, лідар, як Алег Аляксандравіч Ляшчынскі, які ў шалёным працоўным графіку знайшоў час на пошук гісторыі гаспадаркі, на складанне спіса ветэранаў і тэксту святочнай паштоўкі, сцэнарыя. І атрымалася яно сапраўды выдатным, бо рыхтавалася ад душы. Дом культуры быў забіты пад завязку, нават дадатковыя стулы не выратавалі. Прыйшлі сённяшнія работнікі, былыя, дзеці. А.А.Ляшчынскі павіншаваў усіх са святам, расказаў пра гісторыю стварэння гаспадаркі і няхай невялікія, але дасягненні гэтага года. Дырэктар заклікаў усіх прысутных аднавіць альбом славы – прыносіць фотаздымкі сваіх родных. Канцэртныя нумары гучалі персанальна для кожнай катэгорыі працаўнікоў. Праграма была да дробязяў прадумана. “Вы ж паглядзіце, усяго год новаму кіраўніку культустановы, а як ажыў клуб, свая вакальная група з’явілася”, – шапталі людзі, слухаючы “Рукшаначку”. Мультымедыйная ўстаноўка мільгацела малюнкамі сельгастэматыкі, а за гукарэжысёрскім пультам лоўка ўпраўляўся малады хлопец, які падымаўся на сцэну і ў якасці саліста. Гэта намеснік эканаміста гаспадаркі Алег Савончык у першыя месяцы асвойваўся не толькі з планамі і паказчыкамі, але і атрымаў грамадскае даручэнне. А.А.Ляшчынскі адразу складае з новымі работнікамі шчырую гутарку, каб ведаць захапленні і схільнасці. Дарэчы, менавіта ў “Глыбачанах” зараз самая вялікая колькасць маладых спецыялістаў – пяць, і яшчэ адна з іх, кадравік Марыя Пальчэўская, дапамагала ў правядзенні свята. Спявала і загадчыца складоў Наталля Новікава. І нават дзіцячая песня “Мала малака” не гучала крыўдна. Задаволенымі пакідалі вяскоўцы Дом культуры, а частка з іх перайшла ў сталовую гаспадаркі, дзе перадавікоў і ветэранаў чакаў працяг – агеньчык.

Усе 47 грамат скупіў ва ўнівермагу дырэктар гаспадаркі, каб павіншаваць людзей, якім шчыра ўдзячны за працу. “Мы сёлета здзейснілі шмат подзвігаў, няхай маленькіх, аднак у нашых умовах аднаўленне Генадзем Чыграем МАЗа, на якім перавозілася збожжа – гэта перамога. Мы нарыхтавалі ў чатыры разы больш збажыны, а ўсе зерневыя адзін пасеяў Андрэй Літвін. Аднавілі польскую сушылку, у чым вельмі дапамаглі токар Сцяпан Неруганёнак, электрык і сталяр Сяргей Мазаік, адрамантавалі памяшканне пад сталовую, пабудавалі сянажную траншэю. У два разы больш назапасілі кармоў, у паўтара – рапсу. На 115 працэнтаў павялічылася валоўка малака – добрасумленна спраўляліся з абавязкамі даяркі Святлана Ружынская, Алена Аваднёва, Анжэла Кавальчук. Ва ўсім гэтым заслуга як спецыялістаў Полацкага камбіната хлебапрадуктаў, без тэхнікі якіх проста не падрыхтавалі б землі, так і нашых адданых работнікаў. Не магу не адзначыць і свайго намесніка Сяргея Іванавіча Кірпічонка, які кантраляваў вытворчы працэс літаральна на ўсіх участках”.

За святочны стол была запрошана ўся сям’я Тараканавых. “Прыемна працаваць з такімі людзьмі, – казаў А.А.Ляшчынскі. Бацькі вытрыманыя, Уладзімір жа вельмі гарачы, аднак са шчырым жаданнем не столькі зарабіць, колькі зрабіць. І зараз перад вачыма малюнак, як ён за адной запчасткай, другой, насіўся ў майстэрню, распрануты ляжаў пад камбайнам, пакуль не адрамантаваў. Ужо з’яўляюцца на свет цяляты – заслуга маладога асемянатара Андрэя Літвіна, што працуе пад кіраўніцтвам вопытных спецыялістаў Міхаіла і Аксаны Калбасавых. Дзякуючы работніку камунгаса Уладзіміру Кішчанку, а таксама Васілю Архавёнку і Міхаілу Брыціку працуюць улетку перасоўныя даільныя ўстаноўкі і тэрмінова адвозіцца малако. Даярак штодня падвозіць Міхаіл Завадзінец. Таксама ў цені заўсёды заставаўся Максім Целяпень, што апрацоўваў хіміяй палеткі.

Дарэчы, да кожнай уручанай Граматы быў прымацаваны квіток, на якім акуратным почыркам было напісана: 60 кілаграмаў бульбы, 80 – зерня. Лічбы маглі быць розныя – у залежнасці ад асабістага ўкладу. А ў самым пачатку Алег Аляксандравіч назваў імёны ардэнаносцаў саўгаса “Глыбачаны”, сярод якіх, канечне, былы дырэктар Пётр Ніканоравіч Плаксіцкі. І прозвішчы сённяшніх і былых перадавікоў паўтараліся – тут маецца шмат слаўных працоўных дынастый.

Пахвальна, што адміністрацыя знайшла магчымасць заахвоціць добрасумленных работнікаў і ветэранаў галіны, не маючы ні капейкі вольных грошай. Дарэчы, бульбу, лішкі якой пераўтварылі ў прэмію, таксама развялі сёлета. Свята ў “Глыбачанах” атрымалася вельмі годным, на ім дасягнулі асноўнага – паказалі людзям, што іх удзел не застаўся незаўважаным. А з удзячнымі героямі можна ісці і на новыя штурмы.

Вольга Караленка.



1 комментарий по теме “Бывшие и сегодняшние работники КУСХП «Глыбочаны» собрались вместе на юбилейный вечер

  1. А.А.Ляшчынскі зарплату не можа выплацiць людзям. Толькi байкi кажа.
    Свята ў “Глыбачанах” атрымалася вельмі годным, таму i не маючы ні капейкі вольных грошай.

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *