Ночные рейды во время уборочной кампании

Общество

Працягваецца галоўная сельскагаспадарчая кампанія года – жніво. На час уборачнай кампаніі наладжаны рэйдавыя начныя праверкі па зернесушыльных комплексах, мехдварах, складах гаспадарак раёна. Кожны дзень прадстаўнікі райсельгасхарча і міліцыі адпраўляюцца ў рэйды. У адзін з дзён, а дакладней начэй, мы разам з галоўным спецыялістам райсельгасхарча М.Шуком і інспектарам аддзялення ДАІ В.Контаравым наведалі тры гаспадаркі – “Глыбачаны”, “Дубраўка”, “Арэхаўна”.
Асноўнай мэтай падобных рэйдаў з’яўляецца захаванне ўраджаю, камбайнавага парку, гаруча-змазачных матэрыялаў, прадухіленне правапарушэнняў. Якія гаспадаркі і аб’екты будуць правераны – не вызначаецца загадзя, а вырашаецца непасрэдна ў час выезду.
У дзень праверкі ў “Глыбачанах” выйшла са строю зернесушылка, работы па яе рамонце не спыніліся і ў начны час. Прысутнічаў на таку і адказны спецыяліст гаспадаркі, дзяжурства якіх ажыццяўляецца тут штодзень згодна графіка. Побач на мехдвары знаходзіліся і камбайны.
Ажыўлена і мнагалюдна было ў начны час і на зернесушыльным комплексе ў Вяркудах КУСГП “Дубраўка”. Зернесушылка працавала, на месцы былі і вартаўнікі, і адказныя. Нёс дзяжурства і вартаўнік на мехдвары, што знаходзіцца непадалёк.
Іншая абстаноўка аказалася ў КУСГП “Арэхаўна”. У Слабадзе, дзе знаходзіцца адна з зернесушылак гаспадаркі, – зацішша і цемра, не давялося ўбачыць тут нікога.
Цішыня і спакой панавалі і на зернесушылцы ў Арэхаўне. Прыйшлося прыкласці пэўныя намаганні, каб разбудзіць вартаўніка. Ён спаў, як пшаніцу прадаўшы, і не хваляваўся ні аб чым. Высокія вароты былі зачынены (хаця прайсці праз іх нам не склала вялікіх цяжкасцей), пляцоўка пустая, зерне было толькі ўнутры зернесушылкі.
У гэты дзень ніякіх правапарушэнняў не было выяўлена, аднак мелі месца яны ў іншыя дні – знаходжанне ў нецвярозым стане на рабочых месцах, крадзеж дызельнага паліва.
Рэйды будуць працягвацца да канца ўборачнай кампаніі згодна графіка.
В.ПОЛАЗАВА.
***

Уборачная кампанія ў раёне ў самым разгары. У сувязі з гэтым супрацоўнікамі аддзела ўнутраных спраў райвыканкама актывізавана работа па папярэджанні і спыненні правапарушэнняў і злачынстваў на аб’ектах аграпрамысловага комплексу, забеспячэнні бяспекі дарожнага руху ў месцах правядзення сельгасработ. Кіраўніцтва РАУС звяртаецца да жыхароў раёна з просьбай паведамляць аб фактах крадзяжу дзяржаўнай і асабістай маёмасці, а таксама аб асобах, якія маюць дачыненне да здзяйснення правапарушэнняў, па тэлефонах “гарачай лініі”: 2-14-74, 2-10-02, 318-82-02 (Вэлком), 599-48-02 (МТС) або 102. Тэлефоны працуюць кругласутачна, ананімнасць гарантавана.
Аддзяленне аховы правапарадку і прафілактыкі РАУС.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *