Качество молока зависит от совести сдатчиков

Выясняем ситуацию

– У мяне кароўка такая добрая, малако смачнае, суцэльныя вяршкі, а калі здаю лішкі, тлустасць ставяць меншую чым ёсць, адпаведна і аплата не тая, што магла б быць. Гэта несправядліва!

Той, хто трымае карову, адразу зразумеў, аб чым пойдзе гаворка. Зборам малака ў насельніцтва ў нашым раёне па-ранейшаму займаюцца два прыватныя прадпрыемствы – ПУП “Сямёныч” і “Ставр”. За студзень-ліпень бягучага года імі закуплены ў насельніцтва 651 літр малака на карову, за адпаведны перыяд мінулага года – 579. Здавалася б, усё добра, людзі маюць выдатную магчымасць здаць лішкі сваёй прадукцыі і атрымаць за гэта грошы без ніякай затрымкі – аплата праводзіцца за кожныя дзесяць дзён. Але не ўсё так гладка, у гэтай справе існуе шэраг праблем. Адна з якіх – частыя выпадкі нязгоды малаказдатчыкаў з той тлустасцю малака, якую ставяць ім малаказборшчыкі. А аплата за дзесяцідзёнку вядзецца згодна тлустасці кожнага здатчыка. Такім чынам той, хто здае малако ніжэй базіснай тлустасці – 3,6, губляе свае ж грошы.
Перыядычна ў раённы Савет дэпутатаў паступаюць звароты ад грамадзян, на кожны з якіх прымаюцца меры рэагавання. Спецыяльная камісія, у складзе якой спецыялісты райсельгасхарча, ветстанцыі, сельвыканкамаў, выязджае ў пэўныя населеныя пункты і робіць кантрольны адбор проб малака. У адзін з такіх рэйдаў па праверцы якасці малака разам са спецыялістамі адправіліся і мы, каб на свае вочы высветліць сітуацыю. Пунктам кантрольнага адбору стаў аграгарадок Арэхаўна, дзе збор малака ў насельніцтва ажыццяўляецца прыватным прадпрыемствам “Сямёныч”. З самай раніцы ў розных кропках збору былі ўзяты пробы малака 12 здатчыкаў, пасля чаго мы накіраваліся ў лабараторыю для вызначэння тлустасці ўзятых проб. Як паказаў аналіз, базісная тлустасць – 3,6 і вышэй аказалася толькі ў чатырох (!) чалавек з дванаццаці. У аднаго малаказдатчыка тлустасць малака была 5,0, выяўлена і ніжняя мяжа – 1,6.
Кантрольны адбор у гэты дзень паказаў, што скаргі асобных здатчыкаў на ПУП “Сямёныч” не пацвердзіліся (на гэты раз мы не называем іх прозвішчы).
У апошні час неабгрунтаваныя скаргі сталі частымі, людзі не задумваюцца, колькі бюджэтных сродкаў расходуецца на правядзенне адной кантрольнай пробы. Калі б такія пробы рабіліся кожную дзесяцідзёнку за кошт саміх жа здатчыкаў, то з тлустасцю б ужо ніхто не спрачаўся, а неабгрунтаваных скарг не было. Менавіта кантрольны адбор у такіх выпадках і з’яўляецца асновай для налічэння выплат. У бягучым годзе ўжо праведзена 19 падобных рэйдаў-праверак па фактах зваротаў грамадзян.
Канфліктная сітуацыя ўзнікла нядаўна і ў Двор Пліне, адкуль паступіла пісьмовая калектыўная скарга ад грамадзян наконт вызначэння тлустасці малака і пунктаў збору. Праведзены кантрольны адбор проб малака паказаў, што толькі палова з іх супала з устаноўленай малаказборшчыкам. Па пытанні пунктаў збору старшыня раённага Савета дэпутатаў А.В. Пашковіч і старшыня Ушацкага сельсавета В.І.Шнітко выехалі на месца, правялі сход, у выніку чаго праблема была вырашана на карысць малаказдатчыкаў.
У той час, як грамадзяне пастаянна крыўдуюць на малаказборшчыкаў, яны ў сваю чаргу цярпліва адносяцца да ўсіх нюансаў і стараюцца згладжваць усе канфлікты. У тым жа Арэхаўне выстаўленыя вёдры з малаком у час нашага рэйду былі непадпісаныя – паспрабуй здагадацца, дзе чыё, часта тыя ж вёдры — брудныя. Зразумела, што вёска вялікая і пунктаў збору тут шмат, аднак часта людзі не згаджаюцца пранесці сваё вядро за два дзесяткі метраў, таму і прыходзіцца губляць такі дарагі летні час і ехаць за 7-9 літрамі. Анатоль Сямёнавіч Казачонак затрачвае толькі ў Арэхаўне на збор малака паўгадзіны, а ўдзельная вага арэхаўцаў у агульным аб’ёме – 120 літраў з 800 у дзень. Адсюль выцякае і яшчэ адна праблема – нярэдка малако пракісае. На месцы кіслотнасць не праверыш, а, узяўшы ў аднаго пракіслае, можна сапсаваць якасць малака ва ўсёй бочцы. І ўжо неаднойчы было, што такая “лыжка дзёгцю” псавала ўсю “бочку мёду”, даводзілася ўтылізоўваць такое малако, страты неслі і малаказборшчыкі, і людзі.
Днямі 1469 кілаграмаў малака, сабранага ў насельніцтва прыватным прадпрыемствам “Сямёныч”, па прычыне кіслотнасці не прыняў “Лепельскі МКК”, малако поўнасцю ўтылізавана. За такімі нядбайнымі здатчыкамі надалей будзе строгі кантроль. 
Яшчэ адна праблема, якая ўзнікае ў працэсе збору малака, – наяўнасць у малацэ антыбіётыкаў. Знаходзяцца несумленныя гаспадары, якія здаюць малако ў той час, калі карова лечыцца. Удумайцеся ў той факт, што ў такім выпадку ўсё сабранае малако поўнасцю ўтылізуецца, а затраты, якія нясуць малаказборшчыкі, не вяртаюцца, людзі не атрымліваюць грошы за здадзенае і, больш таго, малако не збіраецца на працягу дзесяці дзён!
Прыйсці да згоды ў справе збору малака можна толькі ў выпадку ўзаемаразумення двух бакоў. На мінулым тыдні па жарскай зоне не збіралася малако па прычыне сур’ёзнай паломкі тэхнікі, а малаказдатчыкі “абрывалі” тэлефоны сельвыканкама і раённага Савета дэпутатаў з адпаведнымі скаргамі, не ўсе хацелі зразумець сітуацыю, якая склалася.
Ну а тлустасць малака, як і наяўнасць антыбіётыкаў, пэўна, і далей будзе залежыць ад сумлення саміх жа малаказдатчыкаў.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *