После взрыва бытового газа в жилом доме агрогородка Глыбочка лишь благодаря счастливой случайности обошлось без жертв

Выясняем ситуацию Калейдоскоп

7 кастрычніка бягучага года ў 6 гадзін 41 хвіліну на аварыйна-дыспетчарскую службу РВУ «Ушачырайгаз» паступіў званок ад жыхаркі Глыбачкі Глыбачанскага сельсавета, якая паведаміла пра выбух газапаветранай сумесі ў памяшканні кухні. Падчас разгляду высветліліся акалічнасці здарэння. Напярэдадні вечарам пасля апошняга карыстання газавай плітой абанентам не быў перакрыты кран на водпуску. Ноччу грызуны пашкодзілі гумава-тканевы рукаў, які злучае пліту з кранам, — праз адтуліну ў памяшканне стаў паступаць звадкаваны газ. Раніцай, прыкладна ў 5.40, жанчына прыйшла на кухню гатаваць сняданак і запаліла канфорку. Адчуўшы пах газу, гаспадыня праветрыла памяшканне. Аднак вырашыўшы, што гэта пах квашанай капусты, працягнула прыгатаванне ежы і запаліла яшчэ адну канфорку. У гэты момант адбыўся выбух, у выніку якога ў памяшканні было выбіта шкло, пашкоджана столь. Гаспадыня ж, відаць, нарадзілася ў кашулі: выбуховай хваляй яе адкінула ў склеп пад падлогай, што і выратавала жанчыну ад сур’ёзных траўм, а то і гібелі. Па шчаслівай выпадковасці не пацярпелі і двое мужчын — муж грамадзянкі і яго пажылы бацька, якія знаходзіліся ў доме.

Якія элементарныя правілы бяспекі пры карыстанні газам у быце трэба ведаць, каб прадухіліць трагедыю? Пасля кожнага карыстання газавым абсталяваннем перакрывайце ўсе краны і вентылі. Пры з’яўленні ў памяшканні паху газу тэрмінова спыніце карыстанне адпаведным абсталяваннем, адкрыйце вокны для праветрывання, неадкладна выклікайце аварыйную службу па тэлефоне «104». Пры гэтым у памяшканні забараняецца карыстацца адкрытым агнём і электразванкамі, курыць, уключаць (выключаць) электраасвятленне і электрапрыборы. Варта таксама нагадаць, што забараняецца карыстацца газавым абсталяваннем у выпадку яго няспраўнасці, пакідаць без нагляду ўключаную газавую пліту, самастойна падключаць і адключаць газавыя балоны.

Газ заўсёды побач: на кухні, на дачы, у аўтамабілі. Але памятайце, што толькі правільнае карыстанне ім засцеражэ вас ад бяды.

А.ГАЛЯКОВІЧ, галоўны інжынер РВУ «Ушачырайгаз».



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *