Молодые победители жатвы

Ими гордятся Сельское хозяйство

Уборачная кампанія наблізілася да свайго фінішу. Большасць гаспадарак дажынае апошнія гектары. Днямі жніво будзе завершана і ў “Райаграсэрвісе”, дзе засталося ўбраць толькі чатыры працэнты плошчаў. Няўбранымі засталіся самыя аддаленыя палі на Мосаршчыне. Наогул жа перад працаўнікамі гаспадаркі, як заўсёды, стаялі няпростыя задачы – убраць хлеб трэба было больш чым з дзвюх тысяч гектараў, аднак завяршаюць жніво разам з тымі гаспадаркамі, якія сеяць у два разы менш. Пахваліцца высокай ураджайнасцю, праўда, сёлета сельгаспрадпрыемства не змагло, але ўраджай сабраны большы, чым у мінулым годзе – 4 тысячы тон зерня. Затое “Райаграсэрвіс” славіцца стараннымі працаўнікамі, якія заўсёды на першых пазіцыях у раёне. Такімі, як, напрыклад, Канстанцін Казакевіч. Мінулагодні герой жніва, які летась адзіны ў раёне намалаціў тысячу тон зерня, не падводзіць родную гаспадарку і ў гэтым годзе. Сабраць тысячу з новага ўраджаю маладому перадавіку не ўдалося. Складана гэта зрабіць, бо да ўборачнай кампаніі значна папоўніўся парк тэхнікі, на палі гаспадаркі выйшла 11 зернеўборачных камбайнаў, адпаведна значна зменшылася нагрузка. Сёлета сур’ёзную канкурэнцыю працаўнікам “Райаграсэрвіса” склалі перадавікі з “Ільюшынскага” і “Глыбачан”. Тым не менш, пераможцам маладзёжнага спаборніцтва стаў экіпаж камбайна менавіта ў складзе Канстанціна Казакевіча і Уладзіміра Шэдзько, якія першымі намалацілі 500 тон зерня. Акрамя гэтага, іх экіпаж намалаціў і больш трохсот тон рапсу. Па традыцыі перадавікі ўшаноўваюцца прама ў полі. Днямі начальнік аддзела райвыканкама па справах моладзі Н.І.Гардзіёнак уручыла пераможцам каштоўныя падарункі і лісты-падзякі аддзела за добрасумленную працу і значны ўклад у справу збору ўраджаю, выказала ўпэўненасць у тым, што і далей маладыя механізатары будуць паказваць такія добрыя вынікі. А на поспехі, безумоўна, уплывае і добрая атмасфера ў сям’і, таму вельмі дарэчы прагучалі пажаданні сямейнага шчасця і дабрабыту, тым больш, што ў Канстанціна Казакевіча нядаўна нарадзіўся другі сынок.
В.ПОЛАЗАВА.
На здымку: У.Шэдзько, К.Казакевіч. 



1 комментарий по теме “Молодые победители жатвы

Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *