Первый тысячник района

Ими гордятся Сельское хозяйство

Завяршаецца жніво, і нарэшце вызначыўся першы тысячнік сярод камбайнераў. Яго імя ўжо добра знаёма нашым чытачам – Сяргей Уладзіміравіч Клопаў з ААТ “Ільюшынскі” першы і, пэўна, ужо адзіны, хто сёлета намалаціў тысячу тон зерня.  
Калі на рубяжы 700 тон яшчэ складана было прадбачыць, хто выйдзе пераможцам, то на працягу апошніх двух тыдняў сумнення ў тым, што менавіта С.Клопаў першым намалоціць тысячу ўжо не было. Ён абсалютны лідар жніва і ўжо намнога абышоў сваіх калег. Прычым, сёлета барацьба разгарнулася пераважна паміж самімі ж ільюшынцамі, якія займаюць ледзьве не ўсе першыя пазіцыі.
Гаспадарка завяршыла жніво ў ліку першых, нягледзячы на самыя вялікія ў раёне плошчы – амаль 2300 гектараў, пасля чаго адправіліся на дапамогу іншым. Таму тысячная тона перадавіком была намалочана ўжо на землях КУСГП “Арэхаўна”. Складана, канечне, было пераадолець такую высокую планку, хоць і вырас добры ўраджай, бо сёлета папоўніўся камбайнавы парк гаспадарак раёна, адпаведна зменшылася нагрузка. 
У пачатку гэтага тыдня сямейны экіпаж Клопавых зноў прымаў віншаванні і падарункі, удзячнасць за працу. Менавіта сямейны, бо разам з Сяргеем Уладзіміравічам працуе памочнікам яго сын Аляксей, які па накіраванні гаспадаркі вучыцца ў Беларускім дзяржаўным аграрным тэхнічным універсітэце, а падчас летніх канікул дапамагае бацьку. Начальнік райсельгасхарча А.Я.Вайцянкоў і старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу П.М.Хвашчэўскі ўручылі пераможцам Дыплом і прэмію ў памеры сямі базавых велічынь. Не засталася ў баку і гаспадарка, яе старшыня С.А.Халімоненка ўручыў свайму лепшаму работніку і абсалютнаму перадавіку прэмію ў памеры шасці базавых велічынь.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *