Вакцинация против гриппа: плюсы и минусы

Здравоохранение

На двары восень, і зусім хутка разам са сняжынкамі ў паветры “залётаюць” вірусы грыпу. Гэта значыць, што пара задумацца аб вакцынацыі. Першая вакцына была створана больш за 200 гадоў назад. З тых часоў з’явілася вялікая колькасць розных прэпаратаў, але адназначнага стаўлення да прышчэпак з боку насельніцтва як не было, так і няма. Каб разабрацца ў сітуацыі, мы звярнуліся да в.а. намесніка галоўнага ўрача Ушацкай ЦРБ па амбулаторна-паліклінічнай рабоце Алены Віктараўны САКОВІЧ.

Ворага трэба ведаць у твар

Многія памылкова лічаць, што грып – гэта захворванне несур’ёзнае. Аднак яго ні ў якім разе нельга недаацэньваць! Сёння грып называюць “трэцяй бядой стагоддзя” пасля сардэчна-сасудзістых захворванняў і рака. Менавіта таму медыкі прапаноўваюць папярэджваць захворванне на грып пры дапамозе вакцынацыі. З гэтай мэтай Ушацкай ЦРБ напачатку восені было закуплена 920 доз супрацьгрыпознай вакцыны. Ужо прайшлі вакцынацыю 3578 жыхароў раёна, што складае 23 працэнты ад агульнай колькасці насельніцтва.

Якія гарантыі?

100-працэнтную гарантыю ад захворвання не дае ні адзін лячэбны прэпарат, але ў сярэднім з сотні прышчэпленых 70-98 не хварэюць на грып. Калі ўсё ж захворванне наступае, яно працякае ў лёгкай форме і без ускладненняў.

Часовыя “непрыемнасці”

Увядзенне вакцын можа выклікаць пэўныя рэакцыі: павышэнне тэмпературы цела, пачырваненне ў месцы ўколу, недамаганне, галаўны боль. Гэта заканамерная рэакцыя на любую вакцыну. Такія праявы кароткачасовыя, не патрабуюць лячэння і знікаюць праз 2-3 дні.

Вызначаемся з часам

Лепш за ўсё прышчапляцца ад грыпу восенню, да пачатку сезоннага ўздыму захворвання на грып і ВРВІ. Пасля вакцынацыі ў арганізме сфарміруецца імунітэт, які забяспечыць ахову ад захворвання на працягу 6-12 месяцаў.

Ці трэба рыхтавацца?

Для большасці людзей спецыяльнай падрыхтоўкі да вакцынацыі не трэба. Асобным пацыентам (напрыклад, з алергічнымі захворваннямі) урач можа назначыць медыкаментозную падрыхтоўку. У хворых хранічнымі захворваннямі вакцынацыя праводзіцца на фоне прыёму звычайнай тэрапіі. У перыяд абвастрэння хранічнага захворвання лепш адкласці прышчэпку.

Калі трэба сказаць “не”?

Існуюць пэўныя супрацьпаказанні для правядзення супрацьгрыпознай прышчэпкі. У любым выпадку, рашэнне прымае ўрач пасля агляду і апытання пацыента.

Дзе прышчапіцца?

Прышчапіцца можна ў паліклініцы, звярнуўшыся да ўчастковага ўрача-тэрапеўта. Асобным катэгорыям грамадзян вакцынацыя праводзіцца на бясплатнай аснове. Апошнім часам усё больш кіраўнікоў прадпрыемстваў клапоцяцца аб здароўі супрацоўнікаў, закупляюць вакцыну ад грыпу. Для зручнасці працоўных брыгады медыкаў могуць прыехаць на прадпрыемства. Астатняму насельніцтву прадстаўляецца магчымасць вакцыніравацца на платнай аснове.

Пасля вакцынацыі

Можна жыць нармальным паўнацэнным жыццём. На выпрацоўку імунітэту негатыўна могуць паўплываць толькі моцнае пераахаладжэнне, перагрэў і празмернае спажыванне алкаголю.
К.КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *