Главный праздник ушачских аграриев

К профессиональному празднику Сельское хозяйство

Раённы злёт перадавікоў сельскай гаспадаркі па традыцыі прайшоў у раённым Доме культуры. Адно з асноўных свят года, якое вянчае старанне самай вялікай арміі працаўнікоў раёна, і на гэты раз сабрала поўную залу.
У фае для віноўнікаў урачыстасці былі наладжаны выставы майстроў Ушаччыны, фотаздымкаў лепшых аграрыяў – герояў газеты “Патрыёт”, добрым настроем дзяліліся ўдзельнікі мастацкіх калектываў раёна, ішоў прыемны пах ад гатункаў клуба “Прысмакі”. Таксама тут па даўняй добрай традыцыі размяшчаліся прыгожыя караваі, якія выпеклі да свята сельскагаспадарчыя прадпрыемствы. Кожная з гаспадарак праявіла стараннасць, арыгінальнасць пры яго вырабе, некаторыя не звярталіся да спецыялістаў, а выпякалі іх самі. Таму выбраць лепшы і вызначыць пераможцу конкурсу было не так і проста. Тым не менш, першае месца ў конкурсе караваяў прысуджана ААТ “Ільюшынскі”. Як вядома, іх уклад у агульны раённы “каравай” аказаўся самым важкім, ды і на конкурс яны прывезлі ажно два караваі. Другое месца прысуджана “Арэхаўну”, трэцяе – “Глыбачанам” за прыгожа аформленыя караваі, якія да таго ж выпякаліся самастойна.
Шмат узнагарод было раздадзена працаўнікам, сказана шчырых слоў удзячнасці за працу.  
Самай прадстаўнічай на сёлетнім свяце была дэлегацыя “Ільюшынскага”. Прадстаўнікі гаспадаркі часцей за астатніх падымаліся на сцэну за ўзнагародамі. Сямейны экіпаж Клопавых – адзіны тысячнік у раёне, У.У.Лёля стаў пераможцам адразу ў дзвюх намінацыях – сярод камбайнераў і ў нарыхтоўцы кармоў, адзначаны жывёлаводы Л.В.Пчолка, В.У.Куксова і іншыя. Гэты спіс прадоўжылі працаўнікі ўсіх астатніх гаспадарак, якія заслужылі павагу і пашану – А.А.Малахаў, А.П.Літвін, В.М.Сапега з “Глыбачан” за прызавыя месцы ва ўборцы хлеба і нарыхтоўцы кармоў, С.М.Вусько з “Вялікадолецкага”, які выйшаў пераможцам у намалоце сярод камбайнаў маркі “Ліда-1500” і КЗС-7, камбайнер Л.Г.Грыневіч, жывёлаводы І.В.Крук, У.В.Літвін, В.В.Бучынскі з “Райаграсэрвіса”, А.Л.Акулёнак з “Дубраўкі” і многія, многія іншыя.
Цёплымі апладысментамі ўдзельнікі свята сустракалі ўсіх пераможцаў спаборніцтва. Старшыня райвыканкама А.А.Кавалёнак, старшыня райсельгасхарча А.Я.Вайцянкоў уручылі ім Дыпломы і грашовыя прэміі. Акрамя Ганаровай граматы райвыканкама А.М.Пугач з “Глыбачан” была аб’яўлена Падзяка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання.
Па выніках раённага спаборніцтва лепшым сельгаспрадпрыемствам па вытворчасці зерня зноў стала ААТ “Дземенец”, дзе атрымана 26,4 цэнтнера з гектара. Пераможцам па вытворчасці рапсу з’яўляецца КУСГП “Вялікадолецкае”, дзе атрымана самая высокая ўраджайнасць – 15,7 цэнтнера з гектара. Гэтай жа гаспадарцы прысуджана першае месца па вытворчасці кармоў – нарыхтавана 36,6 цэнтнера кармавых адзінак на ўмоўную галаву жывёлы. КУСГП “Кублічы” стала лепшым па вытворчасці малака – за 10 месяцаў надоена 3019 кілаграмаў на адну карову, а таксама па вытворчасці бульбы, ураджайнасць якой тут склала 198 цэнтнераў з гектара. За вытворчасць мяса першае месца прысуджана ААТ “Ільюшынскі”, якім выраблена 207,8 тоны мяса, што склала 115 працэнтаў да ўзроўню мінулага года. Ну а адным з лепшых прадпрыемстваў у вобласці па адкорме і вырошчванні свіней стабільна з’яўляецца ПУП “Сарочына”. З 4061 тоны мяса, атрыманай сельгаспрадпрыемствамі раёна, 2642 даводзіцца на долю свінагадоўчага комплексу.

Лідарамі па продажы зерня дзяржаве ў гэтым годзе сталі ААТ “Ільюшынскі” і КУСГП “Глыбачаны”, якія перавыканалі план дзяржзаказу і ў поўным аб’ёме выканалі пастаўкі піваварнага ячменю на ААТ “Белсолад”. Дарэчы, з гэтага перапрацоўчага прадпрыемства прыйшлі не толькі віншаванні са святам і словы падзякі, але і ўнушальныя прэміі кіраўнікам і аграномам гэтых дзвюх гаспадарак. 
Як заўсёды былі ўшанаваны і лепшыя працаўнікі сярод моладзі. Дыпломы і каштоўныя падарункі аддзела райвыканкама па справах моладзі былі ўручаны пераможцам маладзёжнага спаборніцтва – экіпажу камбайна ААТ “Ушацкі райаграсэрвіс” К.Казакевічу і У.Шэдзько, вадзіцелю ААТ “Ільюшынскі” Р.Шопа. Падарункі і падзякі за ўдзел у абласным конкурсе маладых механізатараў атрымалі Ю.Бука і Д.Бурак з ААТ “Ільюшынскі”.
Старшыня райкама прафсаюза работнікаў аграпрамысловага комплексу П.М.Хвашчэўскі ўручыў Ганаровую грамату абкама прафсаюза АПК, Падзяку і прэмію механізатарам М.У. Яловіку з ААТ “Дземенец” і А.П.Александрову з КУСГП “Вялікадолецкае”. Старшыня раённай арганізацыі РГА “Белая Русь” А.В.Пашковіч павіншавала са святам удзельнікаў злёту і ўручыла падарункі працаўнікам ПУП “Сарочына”.
На раённым свяце былі падведзены і вынікі раённага агляду-конкурсу па добраўпарадкаванні. Усе прысутныя паглядзелі мультымедыйную прэзентацыю, а пераможцам па ўсіх намінацыях былі ўручаны Дыпломы і каштоўныя падарункі. 
Падарункам для аграрыяў стаў канцэрт заслужанага аматарскага калектыву Рэспублікі Беларусь “Церніца” Мінскага Палаца культуры і спорту чыгуначнікаў. А яшчэ да гэтага “разагрэлі” публіку, па-сапраўднаму ўзнялі настрой мясцовыя артысты, асабліва Пятрок ды Магдалена, а таксама прыпевачніцы з Вялікіх Долец, якія склалі тэкст прыпевак на мясцовым матэрыяле.
В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *