Куды знікаюць маладыя спецыялісты?

Выясняем ситуацию

Прыехала па размеркаванні ў сельгаспрадпрыемства маладая дзяўчына працаваць заатэхнікам. Тыдзень праходзіць, другі, месяц, а яна не думае ўнікаць у справу, знаёміцца з вытворчасцю, а вывучае заканадаўства, шукае самыя розныя спосабы, каб хутчэй вырвацца з гэтага “палону”, паколькі ў яе планы ніяк не ўваходзіць такое жыццё. У выніку бясконцых хвароб, раптоўнага замужжа, пастаянных зваротаў у навучальную ўстанову праз некалькі месяцаў ёй усё ж такі ўдалося атрымаць права на свабоднае працаўладкаванне.

Гэтая гісторыя не адзінкавая. Такіх выпускнікоў навучальных устаноў шмат. Нават лічбы гавораць самі за сябе: у 2007 годзе ў наш раён прыбыло 73 маладыя спецыялісты, сёння з іх працуе толькі 40, у тым ліку з 13 размеркаваных у сельскую гаспадарку засталося 4, у 2008-м да працы прыступаў 81 чалавек, а засталося 52, у сельгаспрадпрыемствах з 17 засталося 9. Хоць у апошні час гэтая тэндэнцыя змяняецца ў лепшы бок, тым не менш недахоп маладых кадраў на вёсцы існуе.

АК ужо склалася, што сучасная моладзь больш імкнецца жыць у горадзе. А маладыя спецыялісты, якія прыехалі ў вёску па размеркаванні, часта не могуць дачакацца таго дня, калі возьмуць зваротны білет. Чаму ж у апошні час склалася такая тэндэнцыя? Прычыны, вядома, у кожнага свае, але асноўнымі, па меркаванні тых маладых, з якімі мне даводзілася абмяркоўваць гэтую тэму, з’яўляюцца жыллё без гарадскіх выгод, заработная плата, інфраструктура. Ніхто не будзе аспрэчваць, што для прыцягнення і замацавання маладых спецыялістаў на сяле неабходны комплекс мер сацыяльнага характару, у тым ліку і забеспячэнне іх добрымі жыллёвымі ўмовамі. У гэтым накірунку, дзякуючы палітыцы нашай дзяржавы, многае змяняецца ў лепшы бок і сёння новыя дамы ўзводзяцца не толькі ў аграгарадках, але і ў іншых вёсках.

– За маю немалую практыку на працу ў наша сельгаспрадпрыемства прыходзіла шмат маладых спецыялістаў, але абсалютная большасць з іх не затрымалася, адпрацаваўшы патрэбны тэрмін, а то і менш, яны з’язджалі ў горад у пошуках лепшага жыцця. І тых, хто нарадзіўся і вырас тут, з дзяцінства не баяўся ніякай вясковай працы, – расказвае бухгалтар СВК “Старасельскі-Агра” В.Крысёнак, – сёння нават новым жыллём, узведзеным у нашай гаспадарцы, немагчыма зацікавіць.

Яшчэ адзін важны аспект абмяркоўваемай праблемы – тое, што цікавіць кожнага, – заработная плата. На сённяшні дзень у маладога пакалення дзейнічае закладзены стэрэатып: у сельскай мясцовасці атрымліваюць маленькую зарплату, ды яшчэ з затрымкай. Не ўсе ведаюць, што гэтага ўжо даўно няма і працаўнікі вёскі своечасова атрымліваюць зарплату, а праца адказных і сумленных заўсёды добра аплачваецца. У маладых кадраў у апошні час наогул з’явілася яшчэ больш прывілей у гэтым накірунку, якіх раней не было. Тыя спецыялісты, якія трапілі па размеркаванні ў сельскую гаспадарку, атрымліваюць заработную плату на ўзроўні галоўных спецыялістаў з вялікім стажам, а то і болей. Згодна пастанове Саўміна ад 8 студзеня 2009 года, устаноўлена кантрактнае павышэнне акладу на 50 працэнтаў, таксама штомесячна даплачваецца 81 тысяча рублёў – тарыфная стаўка першага разраду. Калі сталым спецыялістам гаспадарак за складанасць і напружанасць аклад павышаецца да 30-ці працэнтаў, то маладым – да 50-ці. Як бачым, падтрымка даволі адчувальная. Але, калі чалавеку не падабаецца яго праца, выбраная прафесія, то і грашыма яго, вядома, не ўтрымаеш.

Інфраструктура. Тут сітуацыя крыху складаней. Калі ў створаных аграгарадках яна больш развітая і магчымасці шырэйшыя, то ў звычайных вёсках маладым кадрам у вольны час заняцца няма чым. Большасць моладзі і спасылаецца менавіта на сумнае аднастайнае жыццё, адсутнасць выбару секцый і гурткоў для дзяцей. Не толькі гэта пужае іх, але і тое, што ў сельскіх магазінах, напрыклад, няма такога шырокага выбару тавараў, да якога прывыкаюць за час вучобы ў горадзе, з медыцынскага абслугоўвання толькі ФАП, а на абследаванне ці да ўрача зноў жа неабходна ехаць у горад. Трэба падумаць пра ацяпленне, узнікаюць пытанні і з водазабеспячэннем.

Ну а самы важны момант – выпадковасць атрыманага дыплома. Нават калі не будзе ні адной з вышэй названых праблем, чалавека, які не жадае працаваць па сваёй спецыяльнасці, не ўтрымаць. Вельмі часта бывае што ўчарашні школьнік паступае ў пэўную навучальную ўстанову з думкай: абы паступіць, а там што будзе, то будзе. А праз колькі год шчаслівы студэнт становіцца спецыялістам і, прыступаючы да свайго роду дзейнасці, разумее, што гэта зусім не тое, аб чым марыў і што хацеў рабіць, размеркаванне ў вёску рушыць усе планы. Аб чым ён думаў, калі ішоў, напрыклад, у навучальную ўстанову сельскагаспадарчага профілю? Адна мая знаёмая, паступіўшы ў аграрна-эканамічны каледж на бухгалтара, з гордасцю казала: “Не, я не буду працаваць у вёсцы, ні ў якім разе, хутчэй у якой-небудзь прэстыжнай фірме!” Пасля размеркавання ў адно з сельгаспрадпрыемстваў суседняга Лепельскага раёна прыйшлося спусціцца з нябёсаў на зямлю і цвяроза зірнуць на сітуацыю. Два гады абавязковай адпрацоўкі там цягнуліся доўга і, як яна сама гаворыць, здаліся вечнасцю. На маё пытанне, што ж такога там страшнага, сама вясковая, яна адказала, што не аб такім жыцці марыла. Напэўна, неабходна больш праводзіць прафарыентацыйнай работы з моладдзю на тым этапе, калі ідзе працэс выбару прафесіі, а ў навучальных установах трэба ўлічваць не толькі колькасць набраных балаў, але і вынікі размовы з абітурыентам, якая існуе, напрыклад, пры атрыманні вельмі прэстыжных спецыяльнасцей.

Так, у сучаснай моладзі патрабаванні немалыя і жыццёвыя прыярытэты зусім не тыя, што былі ў нашых бацькоў. Аднак, як бы там ні было, у вёску прыходзілі і будуць прыходзіць маладыя кадры. Не ўсе, канечне, застануцца. Але хтосьці ацэніць перавагі вясковага жыцця над гарадскім, створыць сваю сям’ю і будзе жыць там спакойна і размерана.

Усё змяняецца, жыццё не стаіць на месцы. І нельга адназначна сказаць, ці будзе праз колькі гадоў недахоп маладых кадраў у вёсцы праблемай.

В.ПОЛАЗАВА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *