Жатва-2026 в Ушачском районе близится к завершению

Сельское хозяйство

Аб тым, што жніво працягваецца, нават недасведчанаму падказвае рух камбайнаў на цэнтральных дарогах.

Журналісты ж – асобы цікаўныя, таму кожны раз, калі набліжаўся гул матораў, сачылі за зладжанымі шарэнгамі, каб па знаёмых тварах механізатараў вылічыць гаспадарку і накірунак выспеўшых палеткаў. Аднак, на гэтым тыдні яўна заблыталіся: сафійцы ішлі разам з ільюшынцамі, а чацвёрка машын увогуле аказалася незнаёмай.

Артур Ігнатовіч.

Прасвятліў сітуацыю, як заўсёды, намеснік начальніка райсельгасхарча па раслінаводстве Станіслаў Міхайлавіч Лісічонак: “Жніво завяршаецца, каб скараціць страты і хутчэй зжаць поўнасцю выспеўшую збажыну, ідзе перакідка тэхнікі як між гаспадаркамі, так і рэгіёнамі. На гэтым тыдні прадстаўнікі Бешанковіцкага раёна дапамагалі “Вялікадолецкаму” і “Сафійскім дарам”, на палеткі апошняга сельгаспрадпрыемства цяпер прыехалі і камбайнеры “Ільюшынскага”. На сваё і чужое ўраджай ужо не дзеліцца. Так, для гаспадарак даражэй абыходзіцца зерне з прыцягненнем пабочнай сілы, аднак адначасова і бясспрэчна танней, чым згубіць ураджай наогул”.

А.Карабань.

Пры зацягванні тэрміну ўборкі на 17-20 дзён страты азімага жыта, яравых пшаніцы і ячменю ў сярэднім складаюць 5,4-5,6 ц/га, а азімай пшаніцы і аўса – 8-8,5 ц/га. Гэта вынікі навуковых даследаванняў на падставе толькі асыпання спелага зерня. А пры дажджах пераўвільготненым становіцца агульны аграфон і вымалаціць, адлучыць зярняты з саламяна-травяной масы ўжо не па сілах самаму прадукцыйнаму камбайну. А як гэта выглядае на практыцы, назіраем на пшанічным полі перад Жывалакай. Станіслаў Міхайлавіч падымае з зямлі адходы з сумесі саломы, травы і зярнят: страты ў нізіне, на вымачцы, дзе добра паднялося пустазелле, будуць больш эксперыментальных. На крутым жа ўзгорку збажына не паспела моцна зарасці і з бункераў сыпалася чыстае залацістае насенне. Тым не менш, ураджайнасць з кожным днём убывала: калі 21 жніўня на яравой пшаніцы яна складала 21,7, то 27 – ужо 17,8 цэнтнера з гектара.

Наогул малюнак поўнасцю адпавядаў неаптымальнаму жніву, якое і наступіла з чарадой дажджоў і моцных вятроў з характэрнымі палегліцай і зарастаннем. Ідэальнага залатога поля ўжо не ўбачыць. На ўскрайку нівы аказалася адразу тры камбайны, якія засведчвалі поўныя бункеры мільгаючымі лямпачкамі. МАЗы не рызыкуюць з’язджаць на гразкі ўскраек поля, і выгрузка зерня адбываецца непасрэдна на дарозе. Вялікім аказалася і плячо перавозкі.

А.Лабань.

Канкрэтна замацаваных машын няма, хто прыходзіць першым, той і разгружае камбайн. Тут і перадавік мінулых гадоў Уладзімір Зелянік, які свой сціплы танаж тлумачыць занятасцю на іншых перавозках, і прадстаўнік ДБУ-45 Андрэй Мяркурыеў, які ўпершыню на гравійках Ушаччыны, затое на рамонце трасы Р-46 правёў не адзін месяц. Часткова раскрываецца і сакрэт лідарства вадзіцеля Аляксандра Андрэевіча Лабаня, які аптымальна выкарыстоўвае нарошчаныя барты машыны, ператварыўшы яе ў 20-тоннік. Каб не ганяць за сорак кіламетраў паўпустую тэхніку, ветэран арганізацыі засыпае ў кузаў паўтара бункера. Нягледзячы на 70-гадовы ўзрост, ён пагадзіўся летам зноў аказацца ў штаце, каля тыдня займаўся падрыхтоўкай машыны, а цяпер утрымлівае другое месца ў перавозцы.

В.Башун.

Што датычыцца камбайнераў, то ўсмешка на іх тварах яўна сведчыла аб накопленай стомленасці. Хранічнае недасыпанне – дыягназ кожнага, тым больш што працуюць хлопцы без памочнікаў. Артур Карабань, які звычайна ўзначальвае сафійскую калону імпартным “Нью-холандам”, адзначае, што намнога прыемней было ўбіраць да дажджоў урадлівыя палеткі ля Строктаў, Кублішчына – паўтара гектара – бункер. Ён пазней уключыўся ў жніво і мае толькі палову танажу яе лідараў. Валерый Башун, Артур Ігнатовіч, Юрый Юркевіч шэфамі сябе ніколі не лічылі, хоць фактычна і з’яўляюцца камунальнікамі. Яны пачыналі свой шлях у “Арэхаўне” і “Селішчы” і не прапусцілі ніводнай уборачнай кампаніі. Больш дваццаці іх на рахунку Юрыя, што атрымаў сёлета новы камбайн, а адначасова і істотную перавагу – зернеўборачная машына самастойна змазвае агрэгаты. Валерый Башун адносіцца да аксакалаў жніва не па ўзросце, а па стажы – каля сарака год на хлебных нівах. І нават Стас Малахаў, хоць толькі што з водпуску, адпачыўшым не выглядаў – дарожнік ахвяраваў сваім вольным часам і правёў яго на палетках “Ільюшынскага”, а зараз дапамагае завяршыць жніво сафійцам.

Ні на кім з камбайнераў не было і фірменных маек з лагатыпам арганізацыі. Яно і зразумела – апранаюць іх па святах. Аднак ідэальны жніўны малюнак мы ўсё ж хутка зробім: ярка-блакітную, чорную, белую форму зноў убачым на “Дажынках”, а ўсмешкі на фоне зжатых палеткаў ва ўсіх будуць
шчаслівыя.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *