Звонок для учителя. В Ушачах прошла традиционная педагогическая конференция

Образование и молодежь

Канец жніўня для сістэмы адукацыі – важнейшы рубеж, час падвядзення вынікаў і кропка адліку новых здзяйсненняў. Напярэдадні новага навучальнага года на Ушаччыне прайшла традыцыйная жнівеньская педагагічная канферэнцыя, якая сабрала ўсіх, хто кожны дзень укладвае душу ў падрастаючае пакаленне.

Падчас мерапрыемства.

Сустрэча, якую чакалі

Яшчэ да пачатку афіцыйнай часткі мерапрыемства, якое ладзілася ў раённым цэнтры культуры, многія педагогі прэзентавалі свае метадычныя распрацоўкі і творчыя дасягненні, абмяркоўвалі новаўвядзенні і абменьваліся навінамі. “Сёння на сцэну ў якасці ўжо першакласнікаў мае выхаванцы выйдуць, – са слязамі на вачах казала былы выхавацель дзіцячага сада №4 г.п.Ушачы Анастасія Гатаўская. – Вельмі па іх сумую, бо пачынала з імі свой педагагічны шлях. Новы ж навучальны сустракаю ў якасці метадыста аддзела па адукацыі”. “А ў нас сёлета папаўненне! – не хавала радасных эмоцый дырэктар Глыбачанскай СШ Таццяна Пахолак. – Дзве сям’і з ліку былых дачнікаў канчаткова перабраліся ў нашу мясцовасць – адпаведна, іх дзеці 1 верасня прыйдуць да нас вучыцца”.

Сёлетняя сустрэча праходзіла ў рамках Года беларускай жанчыны, а працуюць у сістэме пераважна прадстаўніцы прыгожай паловы, сярэдні ўзрост якіх – 44 гады.

Г.Ягораў, І.Савіна.

Быць настаўнікам – прэстыжна!

З дакладам на тэму “Якасная адукацыя сёння – паспяховая будучыня заўтра” выступіла начальнік аддзела па адукацыі райвыканкама Людміла Давыдава. Актыўна працаваць над захаваннем годных традыцый, укараненнем навацый яна параіла ўсім педагогам, якіх на Ушаччыне амаль 250. Канечне, хацелася б, каб іх было больш: галіна мае патрэбу ў настаўніках матэматыкі, фізікі, працоўнага навучання, сацыяльных педагогах і педагогах-псіхолагах.

Сёлета ў наш раён прыйшло 14 маладых спецыялістаў. Для іх замацавання прадугледжана нямала выгод: кантрактная надбаўка і, адпаведна, вышэйшая заработная плата; прадастаўленне арэнднага жылля ці месцаў у інтэрнаце і інш. Вось толькі ўсё гэта не заўсёды спрацоўвае – пасля вызначанай адпрацоўкі некаторыя звальняюцца, замацаванне кадраў за тры апошнія гады склала 83 працэнты. Паказчык нядрэнны, але ж палепшыць яго плануецца праз укараненне новых форм работы з акцэнтам на прафарыентацыю, прычым, на патрэбныя ў раёне спецыяльнасці ў розных сферах. Так, ва ўсіх школах зараз арганізавана работа факультатыва “Прафесія маёй мары”, праводзяцца Кірмашы мэтавай падрыхтоўкі, Дні з прадпрыемствам і іншыя мерапрыемствы. Летась функцыянавала 7 профільных груп: 3 – педагагічнай накіраванасці, 2 – аграрнай, па 1 – інжынернай і ваенна-патрыятычнай, у якіх на павышаным узроўні вывучаліся пэўныя прадметы. Для сістэмы адукацыі Ушаччыны па мэтавых дагаворах зараз вучыцца 16 чалавек.

Л.Давыдава ўзнагароджвае Д.Герцык.

Традыцыйна не застаюцца па-за ўвагай камфортныя ўмовы на рабочых месцах: усюды праведзены касметычны рамонт класных кабінетаў і харчаблокаў, спартзалаў і холаў, бібліятэк і лесвічных пляцовак – на гэтыя мэты з бюджэтных сродкаў сёлета затрачана звыш 380 тысяч рублёў. Матэрыяльна-тэхнічная база ўстаноў папоўнілася вучэбным абсталяваннем і мэбляй на суму 39,8 тысячы.

Лепшая ацэнка – поспехі вучняў

Работу педагогаў часта ацэньваюць па дасягненнях навучэнцаў – і тут дакладна ёсць чым пахваліцца! У абласным этапе рэспубліканскай алімпіяды па вучэбных прадметах сёлета прынялі ўдзел 6 нашых юных землякоў, палова з якіх заваявалі дыпломы. Высокімі ўзнагародамі адзначаны 23 даследчыя работы настаўнікаў і вучняў раёна, што на 39% больш, чым было летась. Глыбачанская і Арэхаўская школы прынялі паспяховы ўдзел у міжнародных конкурсах “Наша будучыня, “Клімат і вада”. А даследчая работа вучня Ушацкай СШ Міхаіла Падворнага “Мне ёсць на каго раўняцца”, прысвечаная прадзеду Івану Кірылавічу Падворнаму, удастоена дыплома III ступені на XIX міжнароднай маладзёжнай навукова-практычнай канферэнцыі “Вялікая Айчынная вайна 1941-1945 гадоў у гістарычнай памяці народа”.

Дзве выпускніцы Ушацкай школы ўзнагароджаны залатымі медалямі і прадоўжаць навучанне ў прэстыжных ВНУ.

Варта адзначыць таксама, што сярэдні бал на цэнтралізаваных экзаменах у нашых дзяцей склаў 59,33. Нядрэнны паказчык, аднак хацелася б лепшага – абласны на 6,63 вышэйшы, ды і летась адзінаццацікласнікі справіліся на 60. Разам з тым, па гісторыі Беларусі ў кантэксце сусветнай гісторыі ў нашых землякоў сёлета другі вынік на Віцебшчыне (сярэдні бал – 73,5). Найбольш паспяхова справіліся з усімі іспытамі вучні Ушацкай СШ (60,45).

Педагогі вітаюць моладзь.

Сплаў вопыту і маладосці

Прыгожа і масава праходзіла цырымонія ўзнагароджання. Ганаровыя граматы ўпраўлення па адукацыі Віцебскага аблвыканкама ўручаны сацыяльнаму педагогу, педагогу-псіхолагу Вялікадолецкай школы Ірыне Савінай, а таксама намесніку дырэктара па вучэбнай рабоце Ушацкай СШ Галіне Хоміч. Дарэчы, на нядаўняй абласной педагагічнай канферэнцыі такую ж узнагароду атрымала настаўнік матэматыкі з райцэнтра Наталля Герцык. Ганаровымі граматамі аддзела па адукацыі адзначаны Віктар Герцык і Рыта Бутоўская, якія ва Ушацкай СШ выкладаюць фізіку і інфарматыку адпаведна, настаўнік-дэфектолаг Марыя Шамшура, настаўнікі пачатковых класаў Наталія Смаляк, Дзіяна Калбасава і Паліна Дзенісёнак з гэтай жа ўстановы; музычны кіраўнік Ільюшынскай СШ Жанна Кляшчонак; настаўнік працоўнага навучання Вялікадолецкай СШ Валянціна Вусько; педагогі Арэхаўскай школы Людміла Шчэкачыхіна і Таццяна Неруганёнак, якія выкладаюць матэматыку, беларускую і рускую мовы і літаратуры; настаўнік фізічнай культуры і здароўя, кіраўнік па ваенна-патрыятычным выхаванні Глыбачанскай СШ Арцём Церашкавец, а таксама яго калегі – настаўнікі беларускай мовы і літаратуры, нямецкай мовы Алена і Дзіяна Герцык; выхавацелі дзіцячых садоў №2 і №4 г.п.Ушачы Анастасія Ладыгіна і Святлана Будняк; юрысконсульт аддзела Вольга Траян. Намеснік старшыні райвыканкама Генадзь Ягораў уручыў таксама ўзнагароды раённага ўзроўню.

Не забыліся арганізатары мерапрыемства і пра ветэранаў педагагічнай працы – падзякавалі за шматгадовую дзейнасць, уручылі памятныя падарункі. Апладысментамі сустракалі ў зале новаспечаных педагогаў. “Выкладаць не баімся, практыка ж была, – казалі яны пазней. – А вось перад калегамі хочацца выглядаць дастойна”. Разам з сынамі і дачушкамі, якія сёлета ідуць у першы клас, выходзілі на сцэну і многія работнікі сістэмы – падарункі для іх падрыхтавала раённая арганізацыя Беларускага прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі.

* * *

Канферэнцыя завяршылася, а наперадзе – новыя планы, праекты, перамогі. І ўжо цяпер зразумела, што сістэма адукацыі Ушаччыны з яе моцным кадравым патэнцыялам, інавацыйным духам і глыбокімі традыцыямі гатова да любых выклікаў. А значыць, падрастаючае пакаленне будзе расці ў атмасферы ведаў, клопату, патрыятызму. Менавіта так, як патрабуе час, як таго чакаюць ад педагогаў вучні і ўся краіна.

Расквецілі мерапрыемства выхаванцы дашкольных устаноў, будучыя выпускнікі і першакласнікі, удзельнікі рэдакцыйнага клуба юных рэпарцёраў – чыталі вершы, выступалі з харэаграфічнымі нумарамі і нават відэаапытанні папярэдне запісвалі. Прагучаў на канферэнцыі і першы званок для настаўнікаў – яго далі ўдзельнік раённых алімпіяд па вучэбных прадметах Міхаіл Зелянік і першакласніца Васіліса Хрыпель.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *