Рассказываем, как семья Корейша из Ушач развивает свою цветочную ферму

Общество

Калі дамаўляліся на сустрэчу з Вольгай Карэйша, збіраліся пісаць выключна пра самазанятую, якая мае абсалютна новую для раёна, ды і не вельмі распаўсюджаную ў рэспубліцы кветкавую ферму. Аднак калі пабывалі ў сям’і, пабачылі дом, сад, наогул усю дагледжаную тэрыторыю, зразумелі, што нельга абмінуць тытанічную працу абаіх гаспадароў, іх самаахвярнасць па выхаванні пяцярых дачок. Гэта той выпадак, калі захапляешся ўбачаным і проста схіляеш галаву перад людзьмі, якія не маюць выхадных і адпачынку.

У прасторы думаеш вальней

Прапанаваны ўчастак па заселенай Калінінскай аказаўся пустыром. Няроўны, зарослы, з закінутымі пабудовамі на злучэнні з Юбілейнай. Іх зраўнялі з зямлёй, а сям’я Карэйша атрымала дадатковыя плошчы, з якіх выбіралі горы пластыку і жалеза. Каб паставіць цяпліцу кветкавай фермы, давялося завозіць торф, папярэдне раўнялі рэльеф ля дома, дзе таксама стаіць цяпліца, шмат клумб, а сярод газона – стыльныя кветкавыя астравы з шапкамі гартэнзіі і мяцёлкамі злакаў, што ператворацца ў сухацветы. Тэрыторыя невялікага па шырыні ўчастка тым не менш здаецца прасторнай, таму што ў любую пару года зіхаціць рознымі колерамі.

– Выбірала танны, безбардзюрны варыянт клумб, які вельмі проста абкасіць, – тлумачыць Вольга абраны стыль. – У аснове газона – шчыльная белая канюшына. Я праходзіла курсы ландшафтнага дызайну, а дыпломнай работай і быў уласны двор. Наогул, я загадзя ўяўляю, як будзе выглядаць і спалучацца задуманае на паперы. Заўважыла, што калі перасяліліся з двухпакаёвай кватэры, і мысліць стала маштабней, вальней. І хоць асвойваем новы для нас сялянскі ўклад, асноўную загартоўку асабіста я прайшла раней. Толькі за тое, як з чацвярымі дзецьмі спусціцца з пятага паверха на прагулку, а па ходзе некалькі разоў вярнуцца, каб некага з іх пераапрануць, ордэн можна даваць, – смяецца Вольга, такім дробным штрыхом раскрыўшы цяжар штодзённага мацярынскага клопату.

Абавязкі тут агульныя

“Хочаце азнаёміцца з домам? – прапанавала Оля, папярэдзіўшы, што клеяць шпалеры, таму, адпаведна, беспарадак. Аднак праз гадзіну я хадзіла па светлых пакоях, дзе не валялася ні адна цацка, не засталося неахайна кінутай ні адной сукенкі. Прыбрацца за кароткі час было нерэальна, таму станавілася зразумелым, што тут не часта мыюць, а не смецяць. Шанаванне жаночай працы назіралася ў расстаўленых у радок сланцах у гаражы, у тым, што Дзмітрый Васільевіч зняў абутак, ступаючы з газона нават на адкрытую тэрасу.

Усюды вялізныя вокны і прастора, утульна і сонечна, хоць Вольга падкрэслівае, што выкарыстоўвалі самы просты і танны матэрыял: будавацца ж пачалі, калі яшчэ не было пятага дзіцяці, і на дом пайшоў і мацярынскі капітал, і крэдыт банка.

Паставілі хлеў, скошаная газонакасілкай мяккая траўка не прападае – ідзе на мульчу ці на корм курам. Набылі інкубатар, і Дзмітрый эксперыментуе з індыкамі і іншай птушкай. Бабулін падарунак на наваселле Вольга пераўтварыла ў сад. А сакрэт дабрабыту, утульнасці гэтага дома толькі ў адным – тут ніхто ніколі не адпачывае на канапе, хоць падымаюцца ў 5-6 гадзін, а кладуцца каля апоўначы.

Усё пачыналася са школьнага букета

У цяпліцы хрызантэмы, якім для квецені патрэбна больш цёплага часу, вяргіні, каб атрымаць таварную кветку на якіх трэба абавязкова выдаліць суседнія парасткі. На даўгіх градках шыкоўныя цыніі, астры, сланечнік – семкі з якога не палузгаеш. Усё насенне – спецыяльных дэкаратыўных і дарагіх сартоў, а каб размножыць іх, Вольга шмат займаецца чаранкаваннем. Бізнес гэты рызыкоўны, з-за рэзкіх начных маразоў сёлета, напрыклад, адначасна знікла ўся расада, таму на будучыню набылі абагравальны кацёл. А пачыналася ўсё паўтара года таму – са школьнага букета.

– Неяк завітала да сяброўкі, у цяпліцы якой раслі ружы – для сябе, каб паставіць у вазу. Так і намецілі разам з дочкамі задачу таксама вырасціць кожнай па букету і ў школу, і ў музыкалку, а першымі кветкамі былі астры”, – расказвае біёлаг па адукацыі, якая ездзіла пераймаць вопыт да фермераў з іншых абласцей, сёлета ўдзельнічала ў конкурсе прадпрымальніц-жанчын, пасля якога маштабіравала свае планы. Адкрыццё ж па краіне кветкавых ферм стала імпартазамяшчэннем: пасля таго як спыніліся пастаўкі насення з-за мяжы, пераважна Галандыі, людзі пачалі шукаць замену, на месцы разводзіць розныя гатункі.

Новы погляд на класіку

– На гэтыя выхадныя нявеста заказала букет з белых гладыёлусаў, а наогул самыя распаўсюджаныя вясельныя кветкі – белыя і ружовыя вяргіні. У нагруднай кішэні жаніха быў маленькі сланечнік, проста, без нагоды прыходзілі за матрыкарыяй – дробнымі рамонкамі. У топе тры – віёлы, бягоніі, гібіскус. Людзі здзіўляюцца, калі чуюць, што кампазіцыі робяцца з ільвінага зеву, табаку, лёну (дарэчы, зрэзалі літаральна ўвесь). А зараз мода якраз на натуральнае, ды і гатункі разводжу асаблівыя, стойкія, – тлумачыць гаспадыня, праводзячы па кветкавай ферме.

Адным заказчыкам падбірае кветкі на свой густ: стварае кампазіцыі, папярэдне запытаўшыся пра перавагі. Другім патрэбна дакладнае адценне – В.Карэйша супрацоўнічае з дэкаратарамі нават з Мінска, якія шукаюць канкрэтную форму і колер. А часта і сама выступае ў ролі афарміцеля – выязджае на месца правядзення мерапрыемстваў, у тым ліку і іншыя гарады, і ўпрыгожвае залу. Для заказчыка атрымліваецца танней, паколькі кветкі – мясцовыя. Звычайна калегі па бізнесу займаюцца ці продажам расады, ці бізнесам на зрэзку, а Вольга вырашыла спалучыць адразу два напрамкі. А паралельна выконваць асноўную мэту, што ставіла пры адкрыцці фермы – знаёміць з сучаснымі трэндамі землякоў і рабіць больш стыльным упрыгожанне дамоў і пасёлка.

– У Брэсце, Мінску змянілася вулічная фларыстыка: кадушачныя і вазонныя кампазіцыі – гэта калі петуніі, то абавязкова з ампельнай зелянінай, з далучэннем іншых кветак, нейкай разынкі. Вось і падумалася, чым мы горш. У нас таксама павінна быць стыльна, і на тэрыторыі раёна газазабеспячэння, ТЦСАН, напрыклад, прымяняюць менавіта такое афармленне.

Упрыгожанне жывымі кветкамі зараз вельмі распаўсюджанае. “5kvetak” – так называецца ферма В.Карэйшы і старонкі ў інстаграме, тэлеграме, дзе змяшчаюць прэйскурант цэн, аднак, калі просяць зрабіць букет на 30 рублёў, яна за гэты кошт абавязкова робіць кампазіцыю больш багатай. Кветкавая ферма яшчэ вельмі маладая, але ўпэўнена, яна трывала стане на ногі, бо ў яе гаспадароў хапае фантазіі, упартасці і, галоўнае, працалюбства.

Вольга КАРАЛЕНКА.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *