В любом возрасте можно быть счастливой. Секрет долголетия Регины Ясюк

Общество

“У нас прыемная навіна: юбілей святкуе заслужаны ветэран працы, мнагадзетная маці і проста цудоўны чалавек”, – заінтрыгавала нас, збіраючыся з віншаваннямі да імянінніцы, старшыня градзянецкай ветэранскай пярвічкі Г.М.Кашко. Вядома, прапусціць такую нагоду мы не маглі, таму таксама адправіліся па ўказаным адрасе. Вось толькі на месцы вачам сваім не паверылі – ну ніяк гэтая ўсмешлівая, бадзёрая жанчына не цягне на 90-гадовую! Лічбам у пашпарце не верыць і сама Рэгіна Іванаўна Ясюк.

Да ўраджэнкі Завячэлля лёс літасцівым не быў. Падчас Вялікай Айчыннай вайны тату забралі на фронт, адкуль ён не вярнуўся – прапаў без вестак. Родную вёску абрабавалі і практычна ўшчэнт спалілі. Разам з маці і бабуляй дзеці, якіх у сям’і падрастала чацвёра, былі вымушаны шукаць паратунак у суседнім Вярхоўі. Доўгі час жылі ў невялікай зямлянцы, якую за ноч пастаянна падтоплівала. Як прыгадвае Рэгіна Іванаўна, жанчыны тапілі печку, каб хоць крыху прасушыць сцены, ну а яны, зусім яшчэ малыя, вычэрпвалі ваду і неслі на вуліцу.

– Харчаваліся ў той час мёрзлай бульбай, якую знаходзілі на палетках, і звычайнай травой, – прыгадвае юбілярша. – Бывала, пойдзем з братам за асакой, рукі ёю да крыві зрэжам, аднак абавязкова штосьці дамоў прынясём, высушым, змелем – пірагі вельмі смачныя атрымліваліся.

Як самай старэйшай, ёй заўсёды даводзілася цяжка працаваць. Ужо ў 14 гадоў стала даяркай у мясцовым калгасе, а дома “адказвала” за цяжкія мужчынскія справы: абкошвала тэрыторыю ля дома, які пабудавалі, хадзіла за плугам… Пра танцы ці сустрэчы з сябрамі яна і марыць не магла – маці выхоўвала ўсіх у строгасці, максімальна займала па гаспадарцы.

– Напэўна, у дзеўках бы засталася, калі б яна мне жаніха з ліку мясцовых хлопцаў не выбрала, – расказвае Рэгіна Іванаўна. – У той час такое было прынята – вось і мне 20-гадовай шлюб фактычна навязалі. Праўда, дапамогі ад новага члена сям’і практычна не бачылі – і адразу, калі жылі разам з маці, і пасля нараджэння дзяцей, калі мы перабраліся ва ўласны дом, я ўсё працягвала рабіць сама.

Сямейнае жыццё не складвалася – мужчына мог і паскандаліць, і кулакамі памахаць. Калі б не суседка, аднойчы ўвогуле мог забіць – таму жанчына пайшла пешшу ў суд за разводам. Але і пасля яго былы муж здзекваўся, аліменты практычна не плаціў.

– Даводзілася перабівацца 30 рублямі ўласнага заробку, – прыгадвае Р.І.Ясюк. – Бывала, босая хадзіла, адзенне са старых цётчыных сукенак перашывала – заўсёды старалася даць усё неабходнае дзецям, якіх было чацвёра. Ну а калі зусім “прыціснула”, перабралася да брата ў Латвію – уладкавалася ў калгас, атрымала домік і надзел зямлі, пачала абжывацца. Прыбягу ў абед, кароўку падаю (каб яе купіць, амаль год усяляк эканоміла), сена накашу – і зноў на працу. Здадзеныя ж малако і бычкі на мяса фінансава вельмі выручалі. Напэўна б, і мяняць нічога не стала, але ў сярэдзіне васьмідзясятых накалялася палітычная абстаноўка – і я вярнулася на малую радзіму. Канечне, не ў Завячэлле, дзе ўсё б нагадвала пра тое, што хацела забыць, а ў Градзянец, дзе і месца ў райсельгастэхніцы знайшлося, і жыллё выдзелілі.

Хоць і лічылася Рэгіна Іванаўна вартаўніком, займалася пераважна мыццём даільных апаратаў. Да даручанай справы вельмі адказна адносілася, падмяняла калег і на іншых участках работы, таму хутка заслужыла павагу і давер сярод калектыву.

Паспявала спраўляцца і дома – трымала падсобную гаспадарку, садзіла агарод. Дарэчы, ад яго і ў свае 90 гадоў не адмаўляецца – пад лапату садзіць бульбу, іншую агародніну.

– Многія пытаюцца, як я ў сваю кватэру, што на трэцім паверсе, потым падымаюся. Адказваю, што праз адну, а то і дзве прыступкі з ураджаем у руках лячу, – усміхаецца Рэгіна Іванаўна. – Скардзіцца на ўзрост, розныя “балячкі” я не прывыкла, ды і любую актыўнасць люблю – праводжу час не толькі за радыё ды тэлевізарам. Так у мяне было заўсёды: да 72 гадоў яшчэ ў ціханяцкі лес па грыбы ды ягады бегала, у пенсійным узросце працягвала і працаваць – коней пасвіла.

Даўняя любоў Р.І.Ясюк – гэта кнігі. У маладосці шмат праштудзіравала іх па начах, бо днём вольнага часу не заставалася. У сталасці катаракта пакінула практычна без зроку – жанчына, бывала, і лоб аб сцяну разаб’е, і рукі аб пліту абпаліць. Але ж гэтую праблему вырашылі дзве аперацыі – зараз Рэгіна Іванаўна і без акуляраў добра бачыць, з радасцю можа пагартаць любімыя выданні.

Грамадзянам сталага ўзросту часта дапамагаюць у быце сацыяльныя работнікі. Наша ж гераіня ад такіх паслуг катэгарычна адмаўляецца. Па-першае, можа спадзявацца на сына Віктара, які кожны дзень прыязджае, прывозіць усё неабходнае. Па-другое, стараецца трымаць сябе ў тонусе – і клёцкі, дранікі згатуе, і прычоску навядзе. Яе настрой, нягледзячы на ўсе перажытыя цяжкасці, адназначна радуе – на развітанне жанчына запрасіла нас на наступны свой юбілей – ужо 100-гадовы. Прызналася, што парадавацца жыццю сабе яшчэ абавязкова дазволіць.

Кацярына КАВАЛЕЎСКАЯ.



Добавить комментарий

Ваш адрес email не будет опубликован. Обязательные поля помечены *